У турніры 5 студзеня прынялі ўдзел прадстаўнікі розных аб’яднанняў па інтарэсах і філіялаў цэнтра. Гульня складалася з 12 тураў, кожны – па 10 хвілін. Але былі і тыя, хто паспяваў абыграць саперніка намнога хутчэй. Напрыклад, пераможца турніру Віталь Васюта ў адной з партый справіўся за 2 хвіліны.

Сярод дзяўчынак лідарам была Дар’я Міхайлоўская – член гуртка “Юны журналіст”, які працуе на базе Красненскай школы. Даша не першы раз удзельнічае ў падобных турнірах: летась яна перамагла ў раённых спаборніцтвах, а сёлета заняла трэцяе месца. Адмыслова не трэніруецца, проста дома часта гуляе з братам і татам.

Сярод дзяўчынак лідарам была Дар’я Міхайлоўская (справа) – член гуртка “Юны журналіст”, які працуе на базе Красненскай школы.

– Дзякуючы шашкам я навучылася думаць лагічна, разважаць. Я з радасцю прыехала на спаборніцтвы, бо гэта магчымасць пазнаёміцца з новымі людзьмі, пазнаць шмат цікавага і добра правесці вольны час, – адзначыла Дар’я.

Сярод шасці пераможцаў трое (Віталь Васюта, Павел Санюк і Ксенія Зырыкава) – навучэнцы гуртка “Агульная фізічная падрыхтоўка”. Іх удалае выступленне тлумачыцца проста: інтэлектуальнымі гульнямі дзяцей зацікавіў педагог Алег Ларыёнаў, які сам мае другі разрад па шашках і шахматах. А яшчэ ў вёсцы Насілава, дзе размяшчаецца гурток, жыве кандыдат у майстры спорту па шахматах Эдуард Воўк, які з задавальненнем заходзіць да дзяцей у госці і дзеліцца з імі сакрэтамі майстэрства.

– На канікулах у школьнікаў больш вольнага часу, і мы дапамагаем правесці яго з карысцю, – распавядае ініцыятар спаборніцтваў Алег Ларыёнаў. – Шашкі – гэта  хуткая і развіваючая гульня, да таго ж, недарагая. Але нават калі ў вас дома няма набору шашак, вы лёгка можаце зрабіць іх самі. Трэба  толькі ўзяць коркі ад бутэлек двух колераў і намаляваць клеткі на звычайным лістку паперы.

Улад Шастаковіч і Вадзім Сідаровіч.

На жаль, усё больш дзяцей аддаюць перавагу гульні ў шашкі з камп’ютарам. Аднак удзельнікі каляднага турніру сцвярджаюць, што гуляць у рэальныя шашкі намнога цікавей. Бо яны знайшлі новых сяброў і прыемных субяседнікаў, а затым дружна адзначылі свой удзел у гульні чаяваннем.

Падчас наступных канікулаў у цэнтры творчасці “Маладзік” плануецца правядзенне спаборніцтваў па шахматах і настольным тэнісе.

Дар’я ЦАУНЯ, Анастасія ДУДКО, навучэнкі клуба юных журналістаў “Маладзік”.

Фота Дар’і ЦАУНІ.