У гімназіі №10 за адзін месяц назбіралі 20 літраў скарыстаных батарэек – больш за 1000 штук. У лістападзе ў гэтай навучальнай установе пачалі экалагічную акцыю па зборы батарэек і акумулятараў “Чыстая энергія, або Аперацыя “Утылізацыя”. Вучням прапанавалі не выкідаць батарэйкі разам з іншым смеццем, а збіраць іх асобна. Расказалі пра эканамічны і экалагічны эфекты, якія дасягаюцца за кошт перапрацоўкі другаснай сыравіны. І ўстанавілі ў фае спецыяльны кантэйнер – прыстасавалі для гэтага 20-літровую бутэльку з-пад пітной вады. Справа пайшла нават больш актыўна, чым чакалі. Не толькі вучні, але і іх бацькі адгукнуліся і актыўна падключыліся да акцыі. За месяц сабралі больш за 1000 батарэек.

Для збору батарэек ў гімназіі прыстасавалі 19-літровую бутэльку з-пад вады.

У Маладзечне гэта не адзінае месца збору элементаў сілкавання. Паводле інфармацыі аддзела гандлю Маладзечанскага райвыканкама, у гандлёвых прадпрыемствах горада і раёна ўсталявана сем вялікіх кантэйнераў для збору скарыстаных батарэек. Адзін з такіх кантэйнераў аб’ёмам 120 літраў каля года стаіць у цэнтры горада, у маладзечанскім універмагу. Загадчыца аддзела “Культтавары” Алена Каханоўская расказала ў інтэрв’ю “РГ”: цяпер пра існаванне і прызначэнне спецкантэйнера ведае шмат людзей. З’явілася шмат тых,  хто спецыяльна нясе ва ўнівермаг адпрацаваныя элементы сілкавання. У асноўным – гэта “пальчыкавыя” батарэйкі, але бываюць і акумулятары ад мабільных тэлефонаў, і маленькія батарэйкі-“таблеткі”.

“Калі кантэйнер толькі з’явіўся, мы звярталі на яго ўвагу людзей, тлумачылі, для чаго ён. Да нас жа шмат людзей прыходзіць са старымі батарэйкамі, каб купіць “такую самую”. Падказвалі ім, што скарыстаныя можна пакінуць ў нас. Цяпер да кантэйнера прывыклі. І калі мы яго пераставілі ў іншае месца, пыталіся, куды прапаў. У Маладзечне шмат свядомых людзей. Але хацелася б, каб іх было яшчэ больш”, – сказала Алена Каханоўская.

Кантэйнер ва універмагу аб’ёмам 120 літраў.

Кантэйнер апаражняюць раз у паўгода. Сабраныя элементы сілкавання здаюць мінскаму прадпрыемству “Белвторресурсы”. Але там іх, як і на іншых падобных прадпрыемствах (“Гроднааптгандаль”, “Віцебскаблрэсурсы”і інш.) толькі складзіруюць.
Прадпрыемства “Экарэс” захоўвае батарэйкі, сабраныя з кантэйнераў, усталяваных у Мінску. Па словах начальніка вытворчасці “Экарэс” Іны Савёлавай, пакуль што няма палажэння аб далейшай утылізацыі такіх адходаў. “Закопваць іх нельга. Утылізаваць разам з радыяцыйнымі адходамі таксама нельга. Так і захоўваюцца ў нас тыя батарэйкі і акумулятары. Прадпрыемствы гатовыя здаваць яшчэ і яшчэ, але мы не можам з імі нічога зрабіць”, – сказала яна ў інтэрв’ю “РГ” па тэлефоне.

У Беларусі пакуль што няма тэхналогіі па перапрацоўцы элементаў сілкавання. Цяпер, па словах начальніка ўпраўлення па абыходжанні з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі гандлёва-вытворчага аб’яднання “Белрэсурсы” Наталлі Грынцэвіч, рыхтуецца рашэнне, паводле якога Беларусь, хутчэй за ўсё, як і некаторыя іншыя краіны, будзе вывозіць адпрацаваныя элементы сілкавання за межы краіны, дзе іх будуць перапрацоўваць.

Даведка. Кожная сям’я за год выкідае ад 100 да 500 грамаў і больш скарыстаных элементаў сілкавання. Адна пальчыкавая батарэйка ці акумулятар мабільнага тэлефона забруджваюць солямі цяжкіх металаў каля 20 квадратных метраў зямлі. Калі металічнае пакрыццё батарэйкі разбураецца, цяжкія металы, якія ў ёй утрымліваюцца – кадмій, нікель, цынк, марганец, ртуць, іншыя, – трапляюць у глебу і грунтавыя воды.

Адрасы кантэйнераў для адпрацаваных элементаў сілкавання, усталяваных у Маладзечне і раёне:

магазін №5 “Універмаг “Маладзечна” – Цэнтральная плошча,
магазін № 23 “Гаспадарчыя тавары” – вуліца Талстога (на рынку),
магазін №7 – вуліца Купалы, 126,
магазін “Віцязь” – вуліца Прытыцкага, 4,
магазін “Усё для дома” – Чысць,
магазін №11 – Краснае,
магазін №50 – Радашкавічы.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО, mgsun.ru.