У Маладзечне прайшла нарада па жыллёвым будаўніцтве. Адметнасць яе – прысутнасць у зале будучых навасёлаў – прадстаўнікоў жыллёвых кааператываў.
Фінансаванне жыллёвага будаўніцтва ў Беларусі сёлета ў параўнанні з мінулым годам зменшанае. Вежы будаўнічых кранаў на некаторых пляцоўках замерлі. Хаця тых, хто хоча будавацца, менш не становіцца.
У сталічнай вобласці з ініцыятывы старшыні Мінаблвыканкама Барыса Батуры створана рабочая група “па зняцці негатыўных момантаў ў пытаннях жыллёвага будаўніцтва і яго крэдытавання”.
У гэтыя дні праходзяць куставыя нарады, дзе ўдзельнічаюць намеснікі старшынь райвыканкамаў па будаўніцтве, дырэктары упраўленняў капітальнага будаўніцтва, прадстаўнікі падрадчыкаў, “Беларусбанка”, жыллёвых кааператываў.
У аўторак нарада па будаўніцтве ў Вілейскім, Валожынскім, Маладзечанскім і Мядзельскім раёнах прайшла ў Маладзечне. Вёў яе намеснік старшыні абласнога камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Сяргей Трусаў.
Грошай больш не будзе. Але пра гэта трэба ведаць
Фінансавы крызіс прымусіў скараціць тэмпы жыллёвага будаўніцтва ў краіне. Па словах Сяргея Трусава, якія прагучалі на нарадзе, з мая мінулага года прыпынілася выдача авансавых плацяжоў на жыллёвае будаўніцтва. А з 4-га квартала спынілася фінансаванне жылых дамоў, якія не былі гарантаваныя да ўводу ў 4-м квартале.
У звязку з гэтым з’явілася шмат пытанняў і скаргаў.
– Выснова, – гаворыць намеснік старшыні камітэта, – мы дрэнна працавалі па інфармаванню людзей аб праблемах, якія складваліся ў будаўніцтве.
Будаўнічы патэнцыял у вобласці дазваляе ўводзіць больш жылля, чым гэта робіцца цяпер, ды не хапае грошай. Крэдытаванне жыллёвага будаўніцтва не спыненае, але ў першую чаргу трэба завяршыць будаўніцтва тых дамоў, якія пачалі ўзводзіць.
Сяргей Трусаў усё ж ускладае спадзяванні на станоўчае вырашэнне фінансавання будаўнічай галіны вобласці. Магчыма, ад пераразмеркавання фінансавых плыняў паміж сталіцай і сталічнай вобласцю. Адным з аргументаў можа быць той, што становіцца масавым будаўніцтва жылля жыхарамі Мінска ў прысталіччы:
– Атрымліваецца так, што фінансаванне пакуль ідзе ў Мінск, а мінчане будуюцца ў вобласці.
Не пачаў пакуль працаваць напоўніцу нядаўна апублікаваны Указ №13, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам, які можа істотна змяніць падыходы ў прадстаўленні дзяржаўнай падтрымкі грамадзянам у будаўніцтве жылля. Чыноўнікі ў чаканні каментараў да яго. Таму некаторыя пытанні з залы, у асноўным ад прадстаўнікоў жыллёвых кааператываў, пакуль не атрымалі адказу.
Пытанняў з Валожыншчыны і Мядзельшчыны не паступіла
Пытанні па тэрмінах уводу дамоў, парадку крэдытавання забудоўшчыкаў, кампенсацыі нанясення ўрону меліярацыйным сістэмам, кошту квадратнага метра жылля і іншыя задаваліся прадстаўнікамі кааператываў з Вілейкі і Маладзечна.
Ад будучых мядзельскіх і валожынскіх навасёлаў не паступіла ніводнага.пытання. Прычына – іх не было ў зале. Хаця па словах намеснікаў старшынь райвыканкамаў на нараду запрашалі ўсіх.
– Несур’ёзна, – адным словам пракаментаваў адсутнасць прадстаўнікоў кааператываў Сяргей Трусаў. – Такога яшчэ ні на адной куставой нарадзе не было.
Зацікаўленасць у абмеркаванні праблем выявілі таксама падрадчыкі. Бо гэта яны часам аказваюцца крайнімі ў праблемных сітуацыях. З аднаго боку заказчыкі не фінансуюць будаўніцтва – няма або недастатковае паступленне крэдытаў. З іншага – работы выконваюцца. А рабочым трэба плаціць заробак.З чаго і калі?
У Мядзеле, прыкладам, па словах кіраўніка будаўнічай арганізацыі з Маладзечна Мікалая Батана, узнікаюць, насуперак заканадаўству, праблемы з атрыманнем крэдытаў ад банка.
Ці ўсе справяць уваходзіны?
Не заўсёды нястача грошай была прычынай з’яўлення праблем у будаўніцтве.
Прадстаўнікі жыллёва-будаўнічых спажывецкіх кааператываў №110 і №111 з Маладзечна, не ўпэўненыя ў станоўчым адказе на гэта пытанне. Прычына – у зацягванні больш чым на год складанні дакументацыі мінскімі праекціроўшчыкамі:
– Мы прасілі: аддайце нам дакументацыю ў тым стане, у якім яна ёсць. Маладзечанскія праектанты зробяць для нас гэта хутчэй, – з роспаччу дзеліцца з прысутнымі старшыня ЖСПК №110. – Урэшце, многія проста могуць выйсці з кааператыва і ён разваліцца.
Такая ж сітуацыя і ЖСПК №111.
Дырэктар УКБ Мінаблвыканкама Андрэй Яскевіч, які прысутнічаў на нарадзе”, з прэтэнзіямі у яго адрас, як праектанта, пагадзіўся. І ўдакладніў, што амаль поўнасцю замяніў штат сваіх супрацоўнікаў. Але адказу на пытанне з залы, што ж рабіць, пакуль не даў.
Кожны тыдзень – нарады ў раёнах
Пасля сустрэчы адзін са старшынь кааператыва сказаў:
– Добра, што пра нашыя балячкі выслухалі.
Каб усе зацікаўленыя бакі пастаянна абменьваліся інфармацыяй, па прапанове Сяргея Трусава намеснікі старшынь райвыканкамаў і дырэктары УКБ раёнаў агучылі час правядзення штотыднёвых аналагічных нарад у райцэнтрах. Дзе, мяркуецца, заўсёды будуць прысутныя і прадстаўнікі жыллёвых кааператываў:
– Каб вы з пешых вуснаў даведваліся аб тым, што адбываецца з будаўніцтвам вашага жылля.
У Маладзечне такая нарада праводзіцца кожны аўторак у зале пасяджэнняў прадпрыемства “Будсервіс” (паблізу ДАІ) а 15.00. Перад гэтым з 14.15 – агляд стану спраў на будаўнічых аб’ектах.
У Вілейцы – штопанядзелак аб 11.00 у намесніка старшыні райвыканкама або дырэктара УКБ.
У Мядзеле – кожны аўторак а 15.00 у намесніка старшыні выканкама па будаўніцтве.
У Валожыне – па серадах у 15.00 у намесніка старшыні выканкама па будаўніцтве.
Мікола ГАЙДУК.
Фота Івана Любавецкага, http://liubovetski1.blog.tut.by
Чытайце таксама
Выканкамы правераць спісы прэтэндэнтаў на крэдыты