Мы адкрываем рубрыку “Задай пытанне інспектару ДАІ”. На пытанні чытачоў адказваюць інспектары нашага рэгіёна.

Чытачы даслалі ў рэдакцыю шмат пытанняў. У некалькіх нумарах газеты мы будзем даваць на іх адказы.
Новыя пытанні можна дасылаць на электронную скрыню regionnews@rh.by, перадаваць па тэлефоне ў Маладзечне 8(0176)769667, праз каментары да матэрыялу ці праз спецыяльную форму на сайце “Напісаць у рэдакцыю” (унізе старонкі).

У колькі гадоў можна атрымаць правы на кіраванне матацыклам? Павел Сліж, Валожынскі раён.
Адказвае старшы інспектар ДПС Валожынскай Дзяржаўтаінспекцыі Андрэй Жудрык:
– Ад 16 гадоў. Для гэтага трэба здаць тэарэтычны экзамен на веданне правілаў дарожнага руху і практычны экзамен – ваджэнне. Тэарэтычны экзамен складаецца з 10 пытанняў. Дазваляецца зрабіць адну памылку. Праходзіць спецыяльнае навучанне не трэба – дастаткова самападрыхтоўкі. На кіраванне скутарам практычны экзамен здаваць не трэба.
Жыхары Валожына і Валожынскага раёна могуць здаць экзамены кожную другую сераду месяца на базе сельскагаспадарчага ліцэя. Сюды з Маладзечна прыязджаюць прадстаўнікі міжраённага рэгістрацыйна-экзаменацыйнага аддзялення ДАІ. Пры сабе трэба мець пашпарт і даведку аб стане здароўя. Папярэдні запіс на экзамен не патрабуецца.

Да “Дажынак” у горадзе з’явіліся новыя святлафоры, а вось дарожная разметка ці знакі ёсць не ўсюды. Калі з’явіцца новая разметка? Віктар, Маладзечна.
На пытанне адказвае інспектар ДПС Маладзечанскай Дзяржаўтаінспекцыі Дзмітры Стасюлевіч:
– Разметку можна наносіць на дарожнае пакрыццё ў сухое надвор’е. Так што шмат дзе яна з’явіцца толькі вясной. Гэтым будзе займацца спецыялізаванае мантажна-эксплуатацыйнае прадпрыемства “Тарнада-Вест”. Дзяржаўтаінспекцыя ў неабходных выпадках дае прадпісанне.

Ці фіксуецца дзе-небудзь інфармацыя з камер відэаназірання, усталяваных на скрыжаваннях? Балельшчык.
Адказвае інспектар ДПС Маладзечанскай Дзяржаўтаінспекцыі Дзмітры Стасюлевіч:
– Безумоўна, уся інфармацыя з камер відэаназірання запісваецца. Парушальнікі прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з цяжкасцю парушэння. Ніхто адказнасці не пазбегне.

Падрыхтавала Святлана ЦІШКО.