Збіцень і медавуха вясной павінны з’явіцца ў гандлёвых пунктах Маладзечна. Што такое медавуха, жыхары горада большасцю ведаюць. А вось пра збіцень чулі нямногія.

Збіцень – рускі напой, які не сустракаецца ні ў якой іншай нацыянальнай кухні. Сёння ён амаль забыты. Яго выцеснілі чай і кава. А ў ХІХ стагоддзі ён быў вельмі папулярны.

Беларускі гісторык і публіцыст Алесь Белы расказаў у інтэрв’ю нашаму выданню, што ведалі і спажывалі збіцень і ў Беларусі, большасцю ў яе ўсходняй частцы. Але вытворчасць напою не была прамысловай. Толькі саматужнай. Распаўсюджаны збіцень быў на кірмашах і рынках, у разліку на масавага спажыўца.

Па словах Алеся Белага, збіцень – гэта адвар з траў і мёду. Як правіла, спажывалі яго гарачым. Першапачаткова напой быў цалкам безалкагольны. У нашы часы яго вырабляюць як слабаалкагольны напой. Эксперт называе гэта постмадэрнісцкай адметнасцю.

Асноўная і абавязковая частка збітня – мёд.

Пісьменнік-этнограф ХІХ стагоддзя Павел Шпілеўскі апісваў беларускі збіцень з Мінска як выраблены з бярозавага лісця, аеру, ліпавага цвету і патакі. Такі напой кіпяціўся на рынку ў вялізных самаварах і разліваўся ў кубкі са сподачкамі.

На Віцебшчыне з сумесі рэдзькі, мёду, хрэну і солі гатавалі так званы хрэсьбінскі збіцень – рытуальны напой, які бабка падносіла бацьку нованароджанага. У народнай медыцыне збіцень – сродак прадухілення цынгі.

Па словах Алеся Белага, ён сумняваецца, што сёння прамысловая вытворчасць збітня – гэта ўдалы праект. Эксперт адзначае: калі рабіць гэты напой слабаалкагольным, ён будзе проста “сваяком” традыцыйнага піва.

Па інфармацыі з сайта vegetarian.tomsk.ru, у Расіі, у часы, калі чай і каву не спажывалі, збіцень цалкам іх замяняў. Яго пілі па некалькі разоў на дзень. Асноўная і абавязковая частка збітня – мёд. Яго разводзілі вадой, дабаўлялі спачатку цукар, патаку, варылі, а потым змешвалі з адварам самых розных прыпраў (гваздзікі, імбіру, карыцы, мяты, перца).

Гэты карысны напой мог не толькі сагрэць халоднай зімой, але і вылечыць, бо ўтрымліваў лекавыя якасці мёду і траў.

Падрыхтаваў Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота idemmart.com.