Учора, 27 студзеня, увечары загарэлася трохпакаёвая кватэра на вуліцы Ігната Буйніцкага. Выратавальнікам давялося ўзламаць дзверы ў кватэру.

Пра пажар у “РГ” паведаміў наш чытач. Дзяжурны маладзечанскага аддзела па надзвычайных сітуацыях расказаў нам: паведамленне на пульт паступіла ў 19.47 ад дэпартамента аховы: спрацавала сігналізацыя ў кватэры. Выехалі чатыры машыны РАНС.

З кватэры ішоў пах дыму. Ключы ад жылля, якія былі ў аховы, чамусьці не далі рады – давялося ўзламаць дзверы.

Супрацоўнікі РАНС устанавілі: у адным з пакояў загарэліся будаўнічыя матэрыялы і смецце. Паводле інфармацыі РАНС, гаспадыня, пенсіянерка, у той дзень наведвалася ў сваё жытло, але ў момант пажару людзей у кватэры не было.

Папярэде існуюць дзве версіі аб прычыне пажару: неасцярожнае абыходжанне з агнём або кароткае замыканне праводкі. Нанесены пажарам урон ацэнены ў 2 мільёны рублёў.

Святлана ЦІШКО.