Расказваючы пра свае школьныя гады, дырэктар гімназіі №3 Віталь Крупянькоў прызнаецца, што быў звычайным школьнікам − ёсць што ўспомніць, каб пахваліцца, але можа прыгадаць і свавольствы.

Хаця клас быў вельмі дружны, з многімі не бачыўся са школы. У маладзечанскую шостую школу, якую ён скончыў, на вечары сустрэч з выпускнікамі ходзіць не часта. Цяпер даводзіцца самому ладзіць гэтае свята ва ўстанове, якой кіруе. Але ў наступным годзе абавязкова дапаможа арганізаваць вечар сустрэчы ўжо са сваім класам − якраз споўніцца 30 гадоў ад выпуску.

– Са школьных гадоў адразу ўспамінаецца такі момант, − расказвае Віталь Крупянькоў. − Калі захварэла наша настаўніца Праскоўя Навумаўна, мы, трэцякласнікі, сабралі з кожнага па 5-10 капеек, купілі на рынку мёд і прынеслі ёй дадому карысны гасцінец. Так хацелі, каб хутчэй паправілася і выйшла на працу.

Школьнікі ў той час любілі выязджаць на бульбу. Прычым суразмоўца запэўнівае: працавалі добрасумленна. Не закопвалі бульбу, як цяпер звычайна думаюць пра працу вучняў на полі, а спаборнічалі паміж класамі, паміж аднакласнікамі, хто больш накапае.
Але ўмелі і хітраваць. У той час рэгулярна збіралі металалом і макулатуру. Метал збіралі каля агароджы, і калі адказны за прыём настаўнік адвярнуўся – перакідвалі некалькі здадзеных ўжо рэчаў, падбіралі іх і зноў неслі здаваць. Бывала, што цэгліны абгортвалі паперай, потым укладалі ў кардонную каробку, якую змяшчалі паміж газетамі і іншай макулатурай. Вось так выконвалі план здачы.
“Акі-сабакі” і “бэкі-чалавекі”
Дырэктар гімназіі прыгадвае, што неяк нават трапіў у школьную гумарыстычную газету “Калючка”. Штоаўторак у актавай зале яе дэманстравалі праз дыяпраектар. А нагода была такая. Пасля фізкультуры хлопчыку разам з аднакласнікам вельмі захацелася вады, яны пайшлі на кухню і пачалі піць кампот проста з вялікіх чарпакоў. У гэты момант іх падлавілі і “шчоўкнулі”, а з фотаздымка школа доўга смяялася.
Віталій Крупянькоў заўважае, што дзіцяці, безумоўна, цяжка ацаніць прафесійную падрыхтоўку настаўнікаў, але яны добра запомніліся сваёй чалавечнасцю і добрасумленнасцю. Асабліва цёплыя ўспаміны засталіся пра былога дырэктара шостай школы Сцяпана Цімафеевіча Дзямешку і класнага кіраўніка Вітольда Міхайлавіча Чуйко.
− Наш клас вельмі любіў фізкультуру, − расказвае дырэктар трэцяй гімназіі. − Настаўнік даваў ключы ад спартзалы, і мы займаліся там да позняга вечара. Больш за ўсё падабалася гуляць у футбол з паралельным класам. Вучняў з класа “А” традыцыйна называлі “акі-сабакі”, а мы былі “Б” − “бэкі-чалавекі”. На нашы спаборніцтвы заўсёды разам з сынам Пецем Цаплыгіным з “А”  класа прыходзіў яго бацька, які і быў у нас суддзёй. Дарэчы, яны былі сапраўднымі фанатамі футбола. У іх нават быў мяч з аўтографамі ўсёй каманды “Дынама” (Мінск), пераможцаў чэмпіянату СССР 1982 года!

У першым класе.

Матэматыка і сёння сніцца
Дагэтуль, амаль праз 30 гадоў пасля заканчэння школы, дырэктар гімназіі №3 часам прачынаецца ў халодным поце: сніцца ўрок матэматыкі. Прадмет ён ведаў слаба, а настаўніца Соф’я Абрамаўна Якірэвіч была дастаткова флегматычнага тэмпераменту. Калі выклікала да дошкі, казала: “Адказваць пойдзе…” − і доўга-доўга вытрымлівала паўзу, выбіраючы кандыдатуру, пакуль вучні ў дрыжыках чакалі прысуду.
У гэтыя хвіліны Віталь заўважаў за сабой незвычайную канцэнтрацыю ўвагі і нават экстрасэнсорныя здольнасці. Адзін з аднакласнікаў звычайна рашаў усе прыклады загадзя, і неяк, калі Віталь адчуў, што вось-вось настаўніца выкліча яго, глянуў у сшытак гэтага хлопчыка і нібы сфатаграфаваў рашэнне. Заданне было складанае, але ён запісаў на дошцы ўсё лічба ў лічбу, знак у знак.
Па суботах − дзве гадзіны маршам
Кожную суботу ў старшакласнікаў былі заняткі па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы. Выкладчык Сяргей Мікалаевіч Ігнаценка, былы марскі афіцэр, прымушаў маршыраваць у двары шостай школы па дзве гадзіны.
− А ў доме каля школы, у якім цяпер месціцца рэдакцыя “РГ”, на балконе стаяў малады чалавек, які, напэўна, нядаўна пачаў працаваць. І са смакам пакурваў цыгарэтку. Як я яму зайздросціў! Мы тут маршыруем, а ён свабодна адпачывае ў законны выхадны!

А гэтыя школьнікі хадзілі ў шостую школу больш за 30 гадоў таму. Будучы дырэктар гімназіі − у цэнтры.

Старшакласнікам дырэктар гімназіі шмат чытаў, бібліятэкары давяралі на выхадныя часопісы, у якіх друкаваліся мастацкія творы. Як і ўсе хлопчыкі, у вольны час гуляў у футбол, займаўся фехтаваннем. Аднакласнікі збіраліся звычайна ў Ігара Яфімчыка − размаўлялі, слухалі музыку на бабінных магнітафонах, перапісвалі “Аббу”, “Боні-М”.
Як гаворыць Віталь Крупянькоў, маладосць выпускнікоў 80-ых трапіла на “бесчасоўе”, калі незразумела было, чаго чакаць ад будучыні. Куды паступаць, адназначнага адказу ў яго не было: на доктара ці на гісторыка? Старэйшая сястра настойліва парэкамендавала ісці на спецыяльнасць “Палітэканомія”. Паступіць не атрымалася, таму хлопец вырашыў папрацаваць і вызначыцца, чаго хоча ён. У выніку з лёгкасцю паступіў на журфак БДУ.
Працаваў журналістам у мясцовых СМІ. Яго памятаюць і чытачы “Рэгіяналкі”. Займаў пасады педагога-арганізатара ў Турэц-Баярах, намесніка дырэктара ў цяперашняй гімназіі-каледжы, дырэктара вячэрняй школы. Паралельна атрымаў яшчэ спецыяльнасць менеджэра ў сферы адукацыі. Ужо пяць гадоў працуе дырэктарам гімназіі №3, выкладае грамадазнаўства.
Зоя ХРУЦКАЯ.