У фінале кубка Мінскай вобласці па міні-футболе, які прайшоў 3 і 4 лютага ў Слуцку, маладзечанская каманда адзначылася двума выдаленнямі з пляцоўкі Дзяніса Смірнова і лепшымі якасцямі Сяргея Дараховіча.

А ў выніку мы толькі другія пасля Барысаўскага раёна. Затое першым стаў капітан маладзечанцаў Сяргей Дараховіч, калі ўявіць сабе асабовы залік у міні-футболе. Сяргей забіў чатыры галы і быў названы лепшым футбалістам турніру. Таксама чатырма галамі вызначыўся партнёр Дараховіча Аляксандр Грыхуцік.

Сяргей Дараховіч.

Трэнер маладзечанскай каманды Віталь Казяк расказаў у інтэрв’ю “РГ”: у фінал са сваіх зон выйшлі каманды Крупскага, Слуцкага, Старадарожскага і Барысаўскага раёнаў.

Усё пачыналася вельмі нядрэнна. У першы дзень нашы атрымалі дзве перамогі. У Крупак выйгралі 5:2, а гаспадароў турніру, каманду Слуцкага раёна, перамаглі з лікам 3:1. У гульні з гаспадарамі суддзі з пляцоўкі выдалілі Дзяніса Смірнова.

Па словах трэнера, наступным днём у матчы са Старымі Дарогамі Дзяніса, які прапускаў гульню з-за чырвонай карткі, якраз і не хапала. У выніку – паражэнне 3:5.

У апошняй сустрэчы з камандай Барысаўскага раёна Смірноў зноў не здолеў утрымаць эмоцыі ў рамках, дазволеных правіламі, і суддзі другі раз за адзін турнір настойліва папрасілі маладзечанца пакінуць пляцоўку да канца сустрэчы.

А яго партнёры зноў прайгралі. На гэты раз 2:5. Барысаўчане выйгралі кубак, а нашым футбалістам заняць другое месца дапамаглі хлопцы з Крупскага раёна. Пасля іх перамогі над старадарожцамі аднолькавую колькасць ачкоў – па шэсць – набралі Крупкі, Маладзечна і Старыя Дарогі. Мы сталі лепшымі сярод гэтых камандаў за кошт лепшай розніцы забітых і прапушчаных мячоў. Слуцк заняў апошняе месцы.

Віталь Казяк застаўся незадаволеным выступленнем сваіх падапечных. Па меркаванні трэнера, стаць першымі нам не дазволіла недаацэнка сапернікаў.

На кубку нашы гулялі дзвюма чацвёркамі. Першая: Сяргей Дараховіч, Аляксандр Грыхуцік, Дзяніс Смірноў, Дзмітры Касцюк. Другая: Сяргей Космач, Сяргей Корсак, Раман Шаўчэнка, Раман Вінцукоўскі.

Для тых, хто памятае нядрэнную гульню ў варотах маладзечанцаў Антона Шчэрбы перад тым, як ён пайшоў у армію, паведамім: Антон адслужыў, вярнуўся і цяпер трэніруецца ў стане “Забудовы”. Ён абараняў нашы вароты ў Слуцку.

Што тычыцца няўдалага выступлення ў кубку, дык у нас ёсць добрая магчымасць рэабілітавацца перад балельшчыкамі ў чэмпіянаце. Ён пачынаецца занальнымі спаборніцтвамі ў Лагойску. Едзем туды 10 і 11 лютага.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.