Мы працягваем праект “Рэгіянальнай газеты” “Задай пытанне інспектару ДАІ”. На пытанні чытачоў адказваюць інспектары нашага рэгіёна.

На пытанні маладзечанскіх чытачоў сёння адказвае інспектар дарожна-паставой службы Маладзечанскага райаддзела міліцыі Дзмітры Стасюлевіч.

Маю аўтобус, у якім 14 пасажырскіх сядзенняў. Ці можна перарабіць яго ў легкавік, пакінуць толькі восем сядзенняў і зрабіць груза-пасажырскую машыну? Віктар, Вілейка.

– Самавольна гэта рабіць нельга, а вось афіцыйна – можна. Толькі такая працэдура не ў кампетэнцыі нашага міжраённага рэгістрацыйна-экзаменацыйнага аддзялення. Трэба звяртацца ў дзяржаўную ўстанову па пераабсталяванні транспарту, якая знаходзіцца ў Мінску.

Наколькі я ведаю, паслуга гэта не з танных. Каштуе каля 1 500 долараў у эквіваленце. Да таго ж, калі, зрабіўшы гэта, вы раптам захочаце перарабіць машыну назад у аўтобус, вам давядзецца прайсці такую ж працэдуру і зноў заплаціць грошы.

Калі ехаць на Маладзечна праз Парашкі, то там указальнік “Маладзечна” ўсталяваны аж за адзін кіламетр і 50 метраў да першага перакрыжавання, што на запраўку, ад якога і пачынаецца на самой справе горад. Вось на гэтым перакрыжаванні цяпер і нясуць сваю службу нашы інспектары, кантралюючы хуткасць руху на шырокай, не вельмі загружанай машынамі дарозе. Гэты знак інакш, як знакам-лавушкай, не назавеш. У начны час яго ўбачыць цяжка, бо стаіць воддаль ад дарогі, да таго ж не пафарбаваны святлоадбівальнай фарбай. Пытанне інспектару: ці не сорамна вам вось так кантраляваць хуткасць? Алесь Раткевіч, Маладзечна.

– Не. Не сорамна. Тое, што знака быццам бы не бачна ў цёмны час сутак – дык гэта пытанне да дарожнікаў, якія займаюцца іх устаноўкаў. Хаця яны робяць сваю работу па дзяржаўных стандартах. Што тычыцца нашага патрулявання, то вадзіцелі павінны зніжаць хуткасць загадзя перад уездам у горад. Дарэчы, калі да гэтага месца мы сталі ўважлівей адносіцца, колькасць парушэнняў там адразу знізілася. Сёлета пакуль іх увогуле не было.

Ці пакаралі работнікі ДАІ хоць каго-небудзь за парушэнне правілаў дарожнай разметкі, у тым ліку на астраўках бяспекі? Алесь Раткевіч, Маладзечна.

– Канешне. Караем рэгулярна, штодзённа. У сярэднім – шэсь-восем разоў за суткі.

Ці маеце вы паўнамоцтвы ў адносінах з дарожнымі службамі? Сёлета яны вельмі дрэнна чысцяць і пасыпаюць дарогі. Алесь Раткевіч, Маладзечна.

– Паўнамоцтвы ў нас ёсць. Калі яны дрэнна працуюць, мы маем права складаць на іх прадпісанні. У дарожнікаў ёсць свае нарматывы, якія яны павінны выконваць. Для гарадскіх і раённых дарог гэтыя нарматывы розныя. Але сёлета асаблівых прэтэнзій да дарожнікаў у нас няма. Тыя нарматывы яны выконваюць.

Каля помніка Гастэлу ў Радашкавічах зробленая стаянка, край бардзюраў якой выходзіць аж да самай праезнай часткі. З таго месца ўжо шмат хто сваім ходам паехаць не змог. Як вы лічаце, у гэтым вінаватыя няўважлівыя вадзіцелі ці той, хто будаваў тую стаянку? Алесь Раткевіч, Маладзечна.

– ДАІ праектаваннем стаянак не займаецца. Дарожнікі з намі толькі ўзгадняюць месцы іх размяшчэння. Але ні ў якім разе не вышыню бардзюраў. Але і там ёсць пэўныя стандарты. Ну, а калі вадзіцель не бачыць перад сабой бардзюр… Што ж, трэба быць больш уважлівымі.

Чаму дазваляецца выкарыстоўваць у фарах лямпачкі з сінім асляпляльным святлом? Алесь Раткевіч, Маладзечна.

– Выкарыстоўваць у фарах лямпачкі з сінім, жоўтым ці нейкага іншага колеру святлом не дазваляецца. Гэта забаронена стандартамі дзяржаўнага тэхнічнага агляду. Машына з такімі фарамі тэхагляд не пройдзе.

Рассудзіце, калі ласка, нашу спрэчку з сябрам. Як правільна праязджаць з вуліцы Праектуемай, калі паварочваеш з яе на Вялікі Гасцінец у бок “Модуля”? Ці трэба, павярнуўшы, спыняцца перад святлафорам, што адразу пасля павароту на Гасцінцы, і працягваць рух толькі пасля зялёнага сігналу, альбо трэба ехаць далей, прапусціўшы пешаходаў? Аляксандр.

Перакрыжаванне Праектуемай і Вялікага Гасцінца – звычайнае Т-падобнае перакрыжаванне. Я падкрэсліваю: звычайнае. Калі вы павярнулі на Вялікі Гасцінец на зялёнае святло святлафора, што стаіць на Праектуемай, не трэба зноў спыняцца на святлафоры, які на Вялікім Гасцінцы, бо ён паказвае забараняльны знак для машын, якія рухаюцца па Гасцінцы прама. Ну, а пешаходаў, вядома ж, прапусціць трэба.

На плошчы Старое Места насупраць аўтобуснага прыпынку каля магазіна “Родны кут” няма агароджы перад выхадам на праезную частку. Раней агароджа была, але яе прыбралі падчас рамонту перад “Дажынкамі”. Пешаходнага пераходу там таксама няма. Людзі, якія выходзяць з магазіна, ледзь не адразу трапляюць на дарогу пад колы машын, і гэта вельмі небяспечна. Асабліва цяпер, зімой, калі слізка. Ці можна паставіць агароджу на месца? Аляксандра Рудніцкая.

Я ведаю той участак дарогі. Сам баюся там ездзіць. Сядзіш за рулём – раптам пад колы з магазіна ледзь не кулём вывальваюцца пешаходы. Праблема нам вядомая. Збіраемся вырашыць яе ў бліжэйшы час і агароджу паставіць.

На вуліцы Будаўнікоў каля дома №26, у якім знаходзіцца інтэрнат, вадзіцелі ставяць свае аўтамабілі на зялёную зону. Баюся, што да вясны там усё будзе разбіта коламі машын. Як адвадзіць нядобрасумленных аўтааматараў? Людміла Патрэбка, загадчыца інтэрната.

– Дзякуй. Ведаю такі інтэрнат і такую загадчыцу. Тут праблема ў тым, што ні адзін наш супрацоўнік зімой не мае магчымасці вызначыць – дзе зялёная зона, а дзе – не. Таму, каго там ганяць і якім чынам каго адваджваць? Зіма скончыцца, зялёныя зоны будуць бачныя, тады будзем штрафаваць за няправільную паркоўку. А пакуль загадчыцы інтэрната я раю наступнае: напішыце ў райвыканкам запыт з просьбай зрабіць нармальную аўтастаянку. Месца, наколькі я ведаю, там больш чым дастаткова. Так і вадзіцелям будзе лепш. Навошта шчаміцца праз бардзюры на зялёную зону, калі можна спакойна паставіць машыну на стаянку?

На перакрыжаванні вуліцы Міру з Вялікім Гасцінцам перад “Дажынкамі” паставілі святлафор. Гэта добра, ён там даўно быў патрэбны. Але дагэтуль знаходзяцца ліхачы, якія, не зважаючы на чырвонае святло і пешаходаў, на вялікай хуткасці праязджаюць з боку “Модуля” ў цэнтр горада. Ці можна на тым месцы паставіць супрацоўніка ДАІ ў цывільным, каб ён гадзінку пастаяў і палавіў парушальнікаў? Леанід Русак.

– Мы абавязаныя несці службу толькі ў міліцэйскай форме. Ніхто з нас у цывільным адзенні там стаяць не будзе. І яшчэ, калі шчыра: паверце, у работніка ДАІ не такая ўжо вялікая зарплата. Плацілі б мне разоў у пяць больш – я там і ў цывільным стаяў бы, і ў свой асабісты вольны час.

Але і гэта не галоўнае. Каб там праязджала 10 машын, мы б пастаялі. Пяць чалавек аштрафавалі б. Яны б перадалі астатнім пяці, што так рабіць нельга. І ўсё б скончылася. А калі праз тое месца праязджаюць тысячы машын, пакаранне, вынесенае аднаму-двум, сітуацыю кардынальна не зменіць.

Таму яшчэ раз прапаную змагацца з праблемай разам. Калі бачыце парушэнні – запісвайце нумары машын і паведамляйце нам. Думаю, гэта выхад з сітуацыі.

Калі закрыюць несанкцыянаваную стаянку машын, што каля міні-рынку на вуліцы Будаўнікоў? Знака “Стаянка” там няма, і заўсёды стаіць шмат аўтамабіляў. Ці не пара павесіць знак “Стаянка забароненая”? Яўген Аношка.

– Стаянку каля міні-рынку на Будаўнікоў ніхто закрываць не збіраецца. Так, знака “Стаянка” там сапраўды няма, але ўсе ўмовы для паркоўкі машын створаныя спецыяльна для пакупнікоў, што прыязджаюць на міні-рынак. Машыны там стаяць у баку ад праезнай часткі і нікому не перашкаджаюць. Усё зроблена вельмі зручна, і я не бачу там ніякіх праблем.

На Вялікім Гасцінцы недалёка ад будынка Беларускага таварыства інвалідаў па зроку раніцай каля сямі гадзін яшчэ не працуюць святлафоры. Людзям, якія прыязджаюць на работу на прадпрыемства “Энва” і на міжрайбазу, небяспечна пераходзіць дарогу па пешаходным пераходзе ля святлафораў, бо вадзіцелі машын не спыняюцца. Ці можна ўключаць святлафоры раней? Яўген Аношка.

– Наколькі я ведаю, святлафоры там уключаюць у сем гадзін раніцы. Але мы выедзем туды, паглядзім, колькі ў гэтым месцы ў гэты час машын і пешаходаў, і, пры неабходнасці, перанясём час уключэння святлафораў на больш ранні час. Напрыклад, на 6 гадзін 30 хвілін.

Мяне непакоіць колькасць машын у дварах, якімі іх гаспадары не карыстаюцца. Бывае, аўтамабілі стаяць і год, і два. З-за гэтага тым аўтааматарам, якія кожны дзень ездзяць на сваіх машынах, няма дзе паркавацца, і яны вымушаныя ставіць свае аўто на зялёную зону і тратуары. Ці не збіраецца дзяржаўтаінспекцыя звярнуцца да кіраўніцтва раёна, каб сумесна неяк вырашыць гэту праблему? Сяргей Рыжковіч.

– Рашэнне аб эвакуацыі з двароў транспарту, якім не карыстаюцца гаспадары, прынятае яшчэ ў снежні мінулага года. У выканкаме створаная камісія па гэтай праблеме, у якую ўваходзяць работнікі дзяржаўнага тэхнічнага нагляду і “Камунальніка”. Ад снежня ў Маладзечне ўжо эвакуявалі 14 такіх машын. Стаянка для іх абсталяваная недалёка ад “Водаканала”, каля перакрыжавання вуліц Канстанцыі Буйло і Багдана Хмяльніцкага.

Насупраць паліклінікі па вуліцы Францішка Скарыны на аўтобусным прыпынку, што ў бок вуліцы Будаўнікоў, увесь час паркуюцца машыны. Аўтобусы з-за іх не могуць спыніцца на самім прыпынку, і вадзіцелі вымушаныя высаджваць пасажыраў, не даязджаючы да яго. На гэтым прыпынку выходзяць з аўтобусаў пенсіянеры, хворыя людзі, якія ідуць да доктара. Ім вельмі нязручна. Ці можна зрабіць так, каб гаспадары сваіх аўтамабіляў не перашкаджалі вадзіцелям аўтобусаў? Лілія Дудко.

– Мы можам гэта зрабіць, але трэба, каб нам дапамаглі самі людзі. Калі вы ўбачылі такую сітуацыю, адразу пазваніце ў міліцыю па тэлефоне 102. Мы абавязкова прыедзем, разбяромся і пакараем парушальнікаў. А зусім ідэальна было б, каб машыны, якія стаяць у нявызначаных месцах, і іх нумарныя знакі людзі фатаграфавалі і перадавалі нам. Фатаграфаваць можна проста на мабільны тэлефон. Тады парушальнікі ўжо дакладна не пазбегнуць адказнасці.

У колькі гадоў можна атрымаць правы на кіраванне матацыклам? Павел Сліж, Валожынскі раён.
Адказвае старшы інспектар ДПС Валожынскай Дзяржаўтаінспекцыі Андрэй Жудрык:
– Ад 16 гадоў. Для гэтага трэба здаць тэарэтычны экзамен на веданне правілаў дарожнага руху і практычны экзамен – ваджэнне. Тэарэтычны экзамен складаецца з 10 пытанняў. Дазваляецца зрабіць адну памылку. Праходзіць спецыяльнае навучанне не трэба – дастаткова самападрыхтоўкі. На кіраванне скутарам практычны экзамен здаваць не трэба.
Жыхары Валожына і Валожынскага раёна могуць здаць экзамены кожную другую сераду месяца на базе сельскагаспадарчага ліцэя. Сюды з Маладзечна прыязджаюць прадстаўнікі міжраённага рэгістрацыйна-экзаменацыйнага аддзялення ДАІ. Пры сабе трэба мець пашпарт і даведку аб стане здароўя. Папярэдні запіс на экзамен не патрабуецца.

Да “Дажынак” у горадзе з’явіліся новыя святлафоры, а вось дарожная разметка ці знакі ёсць не ўсюды. Калі з’явіцца новая разметка? Віктар, Маладзечна.
На пытанне адказвае інспектар ДПС Маладзечанскай Дзяржаўтаінспекцыі Дзмітры Стасюлевіч:
– Разметку можна наносіць на дарожнае пакрыццё ў сухое надвор’е. Так што шмат дзе яна з’явіцца толькі вясной. Гэтым будзе займацца спецыялізаванае мантажна-эксплуатацыйнае прадпрыемства “Тарнада-Вест”. Дзяржаўтаінспекцыя ў неабходных выпадках дае прадпісанне.

Ці фіксуецца дзе-небудзь інфармацыя з камер відэаназірання, усталяваных на скрыжаваннях? Балельшчык.
Адказвае інспектар ДПС Маладзечанскай Дзяржаўтаінспекцыі Дзмітры Стасюлевіч:
– Безумоўна, уся інфармацыя з камер відэаназірання запісваецца. Парушальнікі прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з цяжкасцю парушэння. Ніхто адказнасці не пазбегне.

“РГ” не заканчвае праект “Задай пытанне інспектару ДАІ”. Новыя пытанні можна дасылаць на электронную скрыню regionnews@rh.by, перадаваць па тэлефоне ў Маладзечне 8 (0176) 76-96-67, праз каментары да матэрыялу на сайце rh.by/by/153/10/4071/ ці праз спецыяльную форму на сайце “Напісаць у рэдакцыю” (унізе старонкі) – rh.by/templates/php/mail/send.php

Падрыхтавалі Сяргей ЗЯНЬКО, Святлана ЦІШКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.