У Астравецкім раёне за адны суткі зарэгістравалі шэсць пажараў.

Пра гэта “РГ” расказаў інспектар групы прапаганды і навучання Астравецкага РАНС Эдуард Малышка.

У Варнянах 4 лютага каля 12.00 загарэлася лазня, якая належыць 62-гадовай пенсіянерцы. Па словах Эдуарда Малышкі, муж гаспадыні вырашыў разагрэць трубу для злівання вады з лазні. Для гэтага распаліў такое вялікае вогнішча, што агонь перакінуўся на дах. Патушыць яго мужчына не змог і выклікаў выратавальнікаў. У выніку пажару пашкоджаны дах лазні.

У гэты ж дзень каля 14.30 у пасёлку Гудагай загарэўся мікрааўтобус “Сітраэн-Джампер” 1998 года выпуску. Папярэдняя прычына пажару – кароткае замыканне электраправодкі.

Папярэдне мяркуюць, што па той жа прычыне ў вёсцы Хацілкі Міхалішкаўскага сельсавета ўвечары загарэлася паветка, а ноччу 5 лютага – лазня ў вёсцы Падольцы, якая належыць 47-гадоваму мужчыну, які нідзе не працуе. У выніку згарэў дах, пашкоджаныя сцены, перакрыцце.

Раніцай 5 лютага выратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што ў вёсцы Малі Астравецкага сельсавета гарыць жылы дом, які належыць 71-гадовай пенсіянерцы. Жанчына жыве адна. У момант пажару знаходзілася ў доме. Папярэдняя прычына пажару – перапал печы: ад яе пачала тлець, а пасля і гарэць сцяна. Гаспадыня не пацярпела. Пашкоджаная толькі сцяна, што прымыкае да печы.

Увечары 5 лютага гарэў яшчэ адзін жылы дом – у вёсцы Сыманелі Варнянскага сельсавета. Пашкоджаныя дах, часткова – перакрыцце, маёмасць гаспадароў. Як мяркуюць спецыялісты, прычына пажару – кароткае замыканне электраправодкі.

Падрыхтавала Святлана ЦІШКО.