Без электрычнасці пакінуў жыхароў 26 прыватных дамоў на вуліцах Гарадоцкай, Агінскага і Чэхава вадзіцель аўтамабіля “Крайслер”. Учора каля 23 гадзін на машыне на Гарадоцкай ён ударыўся ў лінію электраперадач, а сам уцёк з месца здарэння.

Электрычнасць супрацоўнікі прадпрыемства “Маладзечанскія электрасеткі” аднавілі сёння, 24 лютага, у 13 гадзін 20 хвілін. Дыспетчар гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях расказаў нашаму выданню: паведамленне пра аварыйнае адключэнне электраэнергіі паступіла на пульт выратавальнікаў 23 лютага ў 23 гадзіны 36 хвілін.

Той самы “Крайслер”.

Да рамонту работнікі электрасетак прыступілі раніцай, калі развіднела.

Інспектар дарожна-паставой службы райаддзела міліцыі Дзмітры Стасюлевіч расказаў нашаму выданню: здарэнне адбылося недалёка ад чыгуначнага пераезда. Вадзіцель ехаў у бок Вялікага Гасцінца. На закругленні дарогі ўправа ён паехаў прама, збіў апору лініі электраперадач і плот.

Дзяржаўтаінспекцыя высветліла, што машына зарэгістраваная на жанчыну, жыхарку Маладзечна, але аўтамабілем, быццам бы, карыстаецца таксама яе пляменнік. Праверка па факце здарэння працягваецца.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота забяспечана Марынай ЕРМАКОВАЙ.