Іван Пахарэнка, пенсіянер:

− Я пенсіянер, куды мне ездзіць! Нікуды і не хацеў бы, у мяне нага баліць. У маладосці любіў ездзіць у Мінск на футбол ці хакей. Цяпер хай дзеці з унукамі ездзяць. А ўнукаў у мяне шасцёра!

Уладзімір Радзівілка, навучэнец:

− У Санкт-Пецярбург, паглядзець з сябрамі на Пецяргоф. Добра было б з’ездзіць на Браслаўскія ці яшчэ якія-небудзь беларускія азёры. Летам там, напэўна, класна.

Галіна Аноп, пенсіянерка:

− У Туркменістан ці Казахстан, дзе мы жылі раней. Але наўрад ці атрымаецца. А ў Беларусі − у новы дэльфінарый у Мінску. Абавязкова паеду летам з унукам. Хочацца паплаваць там, раней я сур’ёзна займалася спортам.

Міхаіл Каспяровіч, вальшчык лесу:

− У Маладзечне ўжо ўсё аб’ездзіў, а куды яшчэ можна з’ездзіць − неяк не задумваўся.

Маргарыта Скадорва, правадніца:

− У Ізраіль. У Беларусі хочацца з’ездзіць  на Браслаўскія азёры, там не была яшчэ. Ездзілі з мужам за Маладзечна адпачыць, але найбольш спадабалася на Вілейскім вадасховішчы і Нарачы.

Вольга Сіповіч, майстар ЖРЭУ:

− Можа, на якія-небудзь курорты, дзе цёпла, ёсць мора і пляж. У Беларусі хацела б з’ездзіць у Нясвіж, на Нарач. Можа, і ёсць такое месца, куды мне вельмі-вельмі захацелася б, але я яго пакуль не ведаю.

Андрэй Сцёпічаў, слесар:

− Я звычайна езджу на рэчку сям’ёй, з сябрамі − парыбачыць. Юшку зварыць. Часцей выбіраюся на Вілейскае вадасховішча, калі часу больш − стараюся куды-небудзь падалей.

Падрыхтавала Зоя ХРУЦКАЯ.