Калі начальнік дзяржаўтаінспекцыі разам са школьнікамі сёння сходзіць на хакей, то заўтра гэтыя школьнікі больш уважліва і адказна будуць паводзіць сябе на дарогах.

У гэтым упэўнены начальнік аддзела дзяржаўтаінспекцыі Маладзечанскага раённага аддзела ўнутраных спраў Яўген Урбановіч. У інтэрв’ю нашаму выданню ён расказаў: кожны работнік ДАІ ў нас замацаваны за пэўнай школай. У навучальных установах даішнікі кожную пятніцу праводзяць прафілактычныя размовы па бяспецы правілаў дарожнага руху, конкурсы і віктарыны на гэтую тэму.

Але, па словах суразмоўцы “РГ”, ёсць рэчы, якія могуць нашмат хутчэй і эфектыўней замацаваць аўтарытэт міліцыянера сярод дзяцей і іх бацькоў. А значыць, дасягнуць галоўнай мэты: пераканаць удзельнікаў дарожнага руху, што дарожная бяспека – гэта вельмі важна.

Адна з такіх рэчаў – спорт. Таму па сваёй ініцыятыве Яўген Урбановіч дамовіўся з кіраўніцтвам спартыўна-забаўляльнага цэнтра аб тым, каб разам з вучнямі Хажоўскай школы наведаць хакейны матч спаборніцтваў аматарскіх камандаў паміж зборнымі Мінскай і Гомельскай абласцей.

Кіраўніцтва цэнтра выдзеліла Яўгену 14 запрашальнікаў для дзяцей. Месцы на трыбунах – лепш не прыдумаеш: прама каля лавачак хакеістаў. Да спартсменаў – ледзь ні рукой дацягнуцца. Машыну для паездкі забяспечыў сябар добраахвотнай народнай дружыны памочнікаў ДАІ Ігар Кавалевіч. На хакей ён звазіў хажоўскіх школьнікаў на сваім мікрааўтобусе “Мерседэс”.

– А чаму менавіта хакей? – пытаюся ў Яўгена Урбановіча.

– Ды таму, што зіма. Таму што лядовы палац у нас такі прыгожы. Таму што дзецям вельмі спадабалася, – адказаў Яўген.

Праз некалькі дзён пасля гэтага маладзечанскія інспектары дарожна-паставой службы са школьнікамі яшчэ і ў міні-футбол згулялі. Каманда вучняў СШ №1 выйграла ў міліцыянераў з мінімальным лікам 8:7. За гэта юныя футбалісты атрымалі ад сваіх сапернікаў вымпелы і святлоадбівальныя элементы.

Па словах Яўгена Урбановіча, у яго яшчэ шмат ідэй наконт далейшага супрацоўніцтва са школьнікамі. Вось прыйдзе вясна, пацяплее, сыдзе снег, можна будзе і ў вялікі футбол згуляць.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота забяспечана Дзмітрыем СТАСЮЛЕВІЧАМ.