Штогадовая цырымонія ўзнагароджання «Рок-Каранацыя» сёлета можа прайсці зноў у Палацы культуры Маладзечна, паведамляе “Тузін гітоў”.

Ужо заплянаваная папярэдняя дата правядзення – 31 сакавіка. Арганізатары цырымоніі ўзгадняюць цяпер апошнія дэталі, а журы выбірае пераможцаў. Як паведамляюць у аргкамітэце цырымоніі, прызы будуць уручаныя па 9 намінацыях.

«Рок-Каранацыя» ужо аднойчы праводзілася ў Маладзечне. Праз тры гады арганізатары цырымоніі вырашылі зноў правесці мерапрыемства ў гэтым горадзе.

«Тут вельмі добрая заля, жвавая і ўдзячная публіка, для якой наш канцэрт будзе сапраўдным святам», – тлумачыць адзін з арганізатараў Павал Кашырын. Плануецца, што «Рок-Каранацыя-2011» пройдзе 31 сакавіка 2012 году ў гарадскім Палацы культуры. Але афіцыйна пра дату і месца правядзення будзе абвешчана на наступным тыдні. Тады ж і будуць названыя тыя, хто выступіць у межах цырымоніі.

Пакуль жа з сваім выбарам вызначаецца журы «Рок-Каранацыі». Сёлета будуць уручаць прызы ў 9 намінацыях: шэсць асноўных і тры спецыяльныя. Журы будзе вызначаць пераможцаў у наступных намінацыях:

«Рок-гурт году» (галоўны прыз)

«Альбом году»

«Гурт-прарыў»

«Поп-рок гурт году»

«Песня году»

«Падзея году» (лепшы канцэрт)

У склад журы ўваходзяць: прадстаўнік ад музыкаў Алег Хаменка, прадстаўнік ад журналістаў Зміцер Падбярэзскі, рэдактар парталу Ultra-Music Вячаслаў Радзівонаў, а таксама арганізатары цырымоніі Юры Цыбін і Павал Кашырын.

Яшчэ тры ўзнагароды «Рок-князёўна», «За вернасьць жанру» і «Традыцыі ды сучаснасць» маюць статус «спецыяльных прызоў» і будуць уручаныя ад арганізатараў «Рок-Каранацыі».