У выдавецтве “Радыёла-плюс” выйшаў асобнай кніжачкай беларускі пераклад Правілаў дарожнага руху.

Ініцыятарам перакладу было Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. “Наш пераклад аналізавалі ў Інстытуце мовы і літаратуры Акадэміі Навук, — кажа старшыня ТБМ Алег Трусаў. — Мы перадавалі тэкст у ДАІ і ў Адміністрацыю прэзідэнта, і нам дазволілі надрукаваць яго кнігай. У Адміністрацыі нават грамату выдалі. Цяпер мы падарым Макею адзін асобнік і будзем працаць над стварэннем адмысловага указу кіраўніка дзяржавы, які б мог зрабіць беларускую версію правілаў афіцыйнай”.

Справа ў тым, тлумачыць Трусаў, што рускамоўныя Правілы дарожнага руху зацвярджаліся спецыяльным указам Лукашэнкі. Адпаведна, для зацвярджэння беларускамоўных таксама трэба падрыхтаваць праект такога ўказу.

Але ці можна ўжо зараз здаваць на правы па-беларуску?

“Безумоўна можна, — лічыць кіраўнік ТБМ. — Грунтуючыся на Законе аб мовах, мы маем такое права. Людзі і раней здавалі па-беларуску, не маючы тэксту ПДР, і ніхто ім нічога не мог зрабіць”.

Цяпер ТБМ распрацоўвае дадатковыя матэрыялы для беларускамоўных кіроўцаў. “Неўзабаве мы выпусцім на дысках экзаменацыйныя білеты, адказы на іх і ўсё астатняе — яшчэ на 300 старонак матэрыялаў, якія дазволяць цалкам падрыхтавацца да экзаменаў у ДАІ”, — кажа Алег Трусаў.

Прэзентацыя Правілаў адбудзецца 20 сакавіка на сядзібе ТБМ (вул. Румянцава, 13), пачатак — 17.30.

“Наша ніва”