Пра здарэнне з месца падзеі ў 20 гадзін 30 хвілін паведаміў «РГ» наш чытач, супрацоўнік Маладзечанскага аддзела Дэпартамента аховы Уладзімір Васількоў.

Ён расказаў: пярэдняя частка легкавога «Мерседэса» пасля ўдару практычна адсутнічае. Мікрааўтобус ляжыць на баку. Астравок бяспекі на перакрыжаванні Вялікага Гасцінца і Гарадоцкай знесены. Побач працуюць выратавальнікі і супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі. Толькі што ад месца здарэння ад’ехала машына «хуткай дапамогі».

Карэспандэнт «РГ» звязаўся з начальнікам маладзечанскай дзяржаўтаінспекцыі Яўгенам Урбановічам. У інтэрв’ю нашаму выданню ён сказаў адразу: людзі ў здарэнні не пацярпелі. Па папярэдняй інфармацыі, мікрааўтобус рухаўся па Вялікім Гасцінцы ў бок Мінска, легкавушка – па Гарадоцкай з боку Мыслевічаў у бок Старога Места. Бусу гарэў чырвоны сігнал святлафора, легкавушцы адпаведна – зялёны.

Вадзіцель легкавога «Мерседэса», які быў у машыне адзін, праехаў на зялёнае святло і ўдарыў мікрааўтобус з вадзіцелем і двума пасажырамі, што рухаўся на чырвоны сігнал.

Ад удару ў правы бок бус перакуліўся. Падчас аварыі быў знесены астравок бяспекі і светлафоры на ім.

Па словах Яўгена Урбановіча, па шчаслівай выпадковасці абышлося без людскіх ахвяр.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота забяспечана Уладзімірам ВАСІЛЬКОВЫМ.