Мінчане хутка пачнуць піць маладзечанскую ваду. Беларусы атрымліваюць апёкі, ад якіх памёр Геракл. А парніковыя газы выклікаюць небывалыя ўраганы.

Пра гэта распавёў начальнік Маладзечанскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў.

Канава ў Турэц-Баярах. Фота з архіва “РГ”, зроблена летам 2010 года.

− Праўда, што парніковыя газы – гэта страшная небяспека?

− Мы гэта не заўважаем, але паглядзіце, што наогул у свеце робіцца. Парніковыя газы прывялі да пацяплення клімату. Раней Гольфстрым быў цёплым цячэннем, усходнія паветраныя масы месціліся над Еўразіяй, заходнія − над Атлантыкай. Пацяпленне клімату выклікала раставанне лёду. І цяпер у выток Гольфстрыму трапляе халодная вада. А ў нас ад гэтага ураганы небывалыя, у Палесціне снег выпаў. Над Азіяй з космасу відаць карычневае воблака, створанае рэшткамі бруду, што трапілі ў атмасферу. Забруджанае паветра зніжае сонечнае асвятленне, уздзейнічае на клімат.

Снег у Палесціне. Фота kp.ru.

− А што беларусам рабіць, каб такое воблака не ўтварылася над намі?

− Хадзіць у лапцях і піць крынічную ваду (усміхаецца). Чалавек павінен разумець, што ўсё ўзаемазвязана: закапаў якую гадасць − яна трапіць у падземныя воды. І ці сам жа гэта будзе піць, ці дзеці і ўнукі. Мы павінны захаваць планету, а не ставіцца да яе так, быццам паляцім потым у далёкі космас ад усіх гэтых праблем.

− Тэма сёлетняга форуму прысвечаная папулярызацыі экалагічных ведаў. А навошта неспецыялісту разбірацца ў экалогіі?

− Ну вось возьмем для прыкладу праблему таго ж баршчэўніку. У савецкі час прывезлі з Каўказа расліну, збіраліся ёй карміць жывёл. Яна тут так асвоілася, што цяпер вывесці немагчыма. Людзі да яе датыкаюцца, сок баршчэўніку трапляе на скуру, і пры кантакце з сонечным святлом утвараецца вялікі апёк. Здараецца такое і з маладзечанцамі.

Ведаеце, як Геракл памёр? Яму падарылі плашч, ён яго надзеў і загінуў у страшных пакутах. Даследчыкі лічаць, што такое сапраўды магло быць, калі плашч прамачыць сокам баршчэўніку. Гэта праблема для нашага раёна − мы павінны вывесці гэты чужародны для нас від. А нашы віды, напрыклад, піхта белая.

Азіяцкае карычневае воблака. Фота wikipedia.org.

− Чаму біягазавыя ўстаноўкі, ветрапаркі, міні-ГЭС − актуальныя праекты?

− Атамная электрастанцыя адпрацуе 100 гадоў, потым рэсурс закончыцца, а наступствы яе працы трэба знішчаць 900 гадоў. Альтэрнатыўная энергія ўтвараецца з невычарпальных рэсурсаў, і наступстваў ніякіх.

− Якая найбольшая экалагічная праблема для маладзечанцаў?

− Іх шмат. Несанкцыянаваныя звалкі смецця − праблема. Я заўсёды выкіну ў кантэйнер смецце, а некаму хапае нахабства ў лес завезці і там кінуць. Цяпер вырашыць праблему дапамагае эканоміка − металалом грошай каштуе, яго цяпер у лесе амаль не знойдзеш. Адно прадпрыемства вырашыла зэканоміць на фільтрах, якія патрэбныя, каб усім добра дыхалася. Мы іх злавілі. Прадпрыемства выплаціла вялізны штраф, які нашмат перавышае суму фільтраў.

− А ваду з-пад крана можна піць спакойна?

− Вада ў нас не праблема. Маладзечанская вада лепшая, чым у Мінску. Дарэчы, пакуль сталіца часткова п’е ваду з Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Цяпер у раёне Вязынкі разведаныя запасы вады, і сталіца пачне піць добрую ваду. Нашаму раёну гэта дасць вялікія грошы. Наогул, адным з прыродных рэсурсаў Беларусі з’яўляецца падземная вада, а выкарыстоўваецца яна на 6%.  Калі нават цяпер адзін наш завод экспартуе пітную ваду ў Амерыку – гэта пра многае гаворыць!

Зоя ХРУЦКАЯ.

Чытайце на гэтую тэму:

Маладзечна на год стала экалагічнай сталіцай