На рынку абутак гатовыя прапанаваць і за 200 тысяч, а ў краме раяць не гнацца за нізкай якасцю…
Днямі на выхадзе з маладзечанскай бібліятэкі “Верасок” мяне спыніла вахцёрка і пытальна зірнула на боты:
– І як табе не холадна ў гэтых чаравіках?
– Самы раз, – кажу, – і цёпла, і зручна.
– Во як! – ускліквае спадарыня Ірына. – Я б таксама такія насіла, а то мае зусім не грэюць! Купіла летась боты, – падымае штаніну і дэманструе, – натуральныя, але cкура грубая і цвёрдая. Ды яшчэ не грэюць! І не першы раз з гэтым сутыкаюся!
– А які? – з цікаўнасцю перапытваю я.
– Туфлі ўзяла. Таксама скураныя. Разношвала цэлае лета і не разнасіла! Усё роўна мазалі былі па ўсіх нагах. Мадэль, канешне, не моладзевая… У нас прыгожы абутак увогуле рабіць не ўмеюць! Затое не адзін сезон насіць будзеш. Але ж абутак сапраўды быццам драўляны! А яшчэ ў мяне ногі нават у памяшканні мерзнуць.
Мы яшчэ крыху паразмаўлялі, а пасля я вырашыла адразу зазірнуць у некалькі крамаў. Belwest знаходзіўся якраз побач, туды і накіравалася. Пяць гадзін, але людзей небагата: усяго двое пакупнікоў і я, трэцяя. Перагледзела ўсе жаночыя зімовыя боты і высветліла: самыя танныя каштуюць 650.000 рублёў. А самыя дарагія – 1.250.000.
Далей я вырашыла зазірнуць у Marko. Тут сітуацыя крыху іншая: пакупнікоў не менш за дзесяць чалавек. Гляжу ў сярэдзіну абутку, каб знайсці кошт. Мне ўдалося пабачыць боты за 500.000 рублёў! І тут жа ў чатыры разы даражэйшыя! Розніца, вядома, ёсць. І не толькі ў кошце. Таннейшы абутак ўжо даўно выйшаў з сезона. А вось той, што навейшы, дазволіць можа сабе далёка не кожны.
Прадавачка: “Кітай” вяртаюць радзей за беларускі абутак”
Пасля я вырашыла зайсці ў “Дом абутку”, які размешчаны на Прытыцкага, 16, насупраць кінатэатра “Радзіма”. Адкрыццё гэтай крамы адбылося ў маі мінулага года. Яна стала першай у нашым горадзе, дзе змешчаны абутак розных беларускіх вытворцаў. У мяне атрымалася паразмаўляць з адной з прадавачак, пакуль астатнія тры абслугоўвалі пакупнікоў.
– Якога ўзросту ў вас пакупнікі?
– Сярэдняга: 35-40 гадоў. Моладзь рэдка заходзіць, звычайна з мамай купляюць. А так, каб самастойна, то не.
– А што раскупляюць хутчэй?
– У дадзены момант ідзе «Кітай», таму што ён на вялікай акцыі, таннейшы. Зімовы кітайскі абутак каштуе 600-700 тысяч рублёў, а беларускі – 1-1,3 мільёна. І гэта ўлічваючы скідкі.
– Абутак якіх вытворцаў вы прадаяце?
— Belwest, Marko, Сівельга, Гродзенская фабрыка, Кітай і Польшча. Бяруць усё – хто па цане, хто па якасці.
– І як часта вам вяртаюць абутак?
– Вельмі рэдка, адзінкавыя выпадкі. У тыдзень, можа, адну пару. «Кітай», дарэчы, радзей, часцей беларускі абутак.
– Дык чаму вяртаюць?
– У адных выпадках дэфект скуры, падэшвы або маланкі. У іншых – не той памер. Бывае, што падэшва адклейваецца. Але калі проста нейкае ўпрыгожванне адвалілася, то тут мы ўжо не забіраем.
– А ў Кнізе скаргаў шмат чаго напісана?
– Па-мойму, яна яшчэ чыстая (смяецца – аўт.) Так што пакідайце пажаданні!
“Я за маркі, за маркі!”
Пасля майго маленькага шопінгу я вырашыла зрабіць сацыяльную апытанку і даведацца, які ж абутак носяць нашы маладзечанцы.
Я не выбірала да каго звяртацца, а таму пыталася ўва усіх, хто пападаўся на мае вочы.
Атрымалася 100 чалавек. З іх:
- 55 сказалі, што ў іх на нагах беларускі абутак
- 30 купілі на рынку (“Расія” ці “Кітай”)
- 15 носяць выключна польскі абутак
Дарэчы, падчас гэтай маленькай сацыяльнай апытанкі, я атрымала цікавыя каментары:
“Хоць мне і 65, але я гляджу на тое, якая мадэль!”
“Вам што, грошы плацяць за гэта?”
“Не-не! Я ўвогуле толькі польскі абутак купляю!”
“Нашу беларускі абутак! Мы ж беларусы!”
“Я за маркі, за маркі!”
Добра, што маладзечанцы яшчэ не страцілі пачуццё гумару.
Шавец: “На рынку якасць “разавая”
У надзеі канчаткова разабрацца, які трэба купляць абутак, я вырашыла пайсці да майстра ў “Рамонт абутку”. Ён знаходзіцца ў “Доме быту” па вуліцы Будаўнікоў.Спадар Віктар, так клічуць майстра, з радасцю пагадзіўся падзяліцца сваім досведам.
– Спадар Віктар, скажыце, як правільна выбіраць абутак?
– Ён павінен быць з натуральнай скуры, а не са штучнай. Нядрэнны абутак цяпер і айчынны, і замежны. Ёсць добрыя мадэлі, якія і носяцца нармальна, і добра паддаюцца рамонту. Іх, вядома, не параўнаць з тымі, што набываюцца на рынку. Там якасць «разавая», хоць выглядаць яны могуць нармальна.
– А ці часта вам прыносяць рамантаваць беларускі абутак?
– Больш за ўсё кітайскі. Беларускі абутак хіба што на замену набоек прыносяць. Але ад гэтага нікуды не дзенешся!
– А чаму вы аддаеце перавагу?
– Сам нашу Belwest. Больш зручны абутак. Можна паўнату падабраць па назе без усялякага падганяння або расцяжкі. Купіць, абуць і пайсці адразу.
– А свой абутак часта рамантуеце?
– О!… (смяецца-аўт.) Ведаеце, прыказка ёсць такая: шавец без ботаў! Даводзіцца, вядома, але ўсё ж не так часта.
Настасся РОЎДА.