Спыніў сваё існаванне сталічны “Партызан”, які толькі ўвосень праз пераходныя матчы прабіўся ў вышэйшую лігу. Федэрацыя футбола прыняла рашэнне вакантнае месца нікім не замяняць, таму сёлета тут выступяць усяго адзінаццаць камандаў.

Гэта найменшая колькасць за ўсе 20 гадоў, што праводзіцца чэмпіянат краіны. Адпаведна не возьме старт у другой лізе і “Партызан-2”.

Увогуле беларускі футбольны сезон ужо распачаўся. Праведзены матч за Суперкубак. Тут уладальнік Кубка краіны “Гомель” перамог чэмпіёна краіны барысаўскі БАТЭ з лікам 2:0. Прайшлі ўжо і чвэрцьфінальныя матчы новага кубкавага розыгрышу. Сярод удзельнікаў былі ажно трое прадстаўнікоў першай лігі. Усе яны саступілі. Мінскі СКВІЧ і “Ліда” змагаліся да апошніх хвілін, а вось “Клечаск” быў разгромлены. У гэтага клуба зараз значныя фінансавыя праблемы, яго існаванне пад пагрозай.

У другую лігу пажадалі заявіцца шэсць новых камандаў. Гэта фарм-клубы “Мінск-2”, “Віцебск-2”, магілёўскі “Днепр-2”, прадстаўнікі раённых цэнтраў з Мёраў і Кобрына, а яшчэ “Іслач” сталічнага раёна. Федэрацыя футбола разглядала магчымасць падзяліць удзельнікаў на дзве падгрупы па тэрытарыяльнай прыкмеце, а на другім этапе аб’яднаць мацнейшыя шасцёркі з падгрупаў.

У панядзелак на пасяджэнні выканкама федэрацыі было прынята прынцыповае рашэнне, каб усе гулялі разам. Хутчэй за ўсё, гэта будзе васемнаццаць камандаў, а значыць, правядуць яны 34 туры. Хто з магчымых навічкоў атрымае адмову, будзе вырашана ў першай дэкадзе красавіка. Стартавы тур пройдзе ў суботу, 21 красавіка.

І яшчэ адна цікавая навіна з гэтага пасяджэння. Быў прызначаны дырэктар Дэпартамента федэрацыі па ліцэнзаванні. Ім стаў Аляксандр Вяжэвіч, вядомы выхаванец маладзечанскага футбола, адзін з лідараў нашай каманды ў 1990-я гады. Потым ён гуляў за мінскае “Дынама”, потым, маючы вышэйшую эканамічную адукацыю, працаваў у Міністэрстве па падатках і зборах.

Сяргей ГАЙКОВІЧ.