Як маці двухгадовага хлопчыка, я выдатна ведаю, што кнігі цяпер далёка не ў самым выгадным становішчы. Ім даводзіцца змагацца за ўвагу пераборлівага маленькага спажыўца з тэлеканалам “Мульціманія” і мультсерыялам “Маша і Мядзведзь”.

Дзе толькі не прадаюць дзіцячыя кніжкі: у электрычках, кіёсках, на базары, прыносяць на працу распаўсюджвальнікі! Некаторыя таты і мамы, якія хочуць, каб дзіцяці падабалася кніга, каб яно ведала родную мову, заклейваюць у расійскіх кнігах тэкст перакладам на беларускую. А дзе можна набыць беларускамоўную? Напрыклад, праз інтэрнэт-краму. Але каб адразу прыйсці і набыць − не так лёгка, можна толькі ў кнігарні на вуліцы Прытыцкага. Пытаюся, ці часта пакупнікі цікавяцца кнігамі на роднай мове.

Кніжкі змагаюцца з мульцікамі за ўвагу дзяцей. На чыім баку будзе перамога, у многім залежыць ад аздаблення казак.

− У нас найбольшы выбар беларускамоўных кніг у горадзе, − распавядае загадчыца кнігарні Святлана Сушчэня. − Прыватнікі іх не прадаюць, таму што нявыгадна. Яны прадаюць тое, што купляюць. Цяпер чытачы ідуць на імя. Недзе пачулі, нехта параіў, раней такое чыталі − пытаюцца канкрэтнага аўтара. Раз імя “раскручанае”, кнігу купляюць добра. Калі чытач прыйшоў не па канкрэтную кнігу, то яму няма асаблівай розніцы, на якой яна будзе мове. Больш глядзяць на кошт.

Скардзіцца загадчыца кнігарні на тое, што беларускамоўныя кнігі прадаюцца дрэнна. За мінулы тыдзень прадалі 15, з іх дзевяць − дзіцячых. Гэта, на думку загадчыцы, мізер. За суботу рэалізавалі тавару больш чым на шэсць мільёнаў, і з іх толькі 21 тысяча рублёў − за “Шляхціца Завальню”, якую можна аднесці да дзіцячай літаратуры на роднай мове.

− За апошні год пакупнікоў стала заўважна менш, − адзначае загадчыца кнігарні. − Як і ўсё астатняе, кнігі падаражэлі. Пенсіянеры, якія раней часта хадзілі па кніжкі, цяпер наведваюць толькі аддзел уцэненых кніг. Сама кнігарня зніжаць кошт на іх не можа, бо наша нацэнка мінімальная − на заробак супрацоўнікаў і іншыя неабходныя расходы. Калі кошт зніжаюць разам крама і выдавецтва, то гэта мае сэнс.

За што гатовы плаціць пакупнік дзіцячай кніжкі?

Калі кінуць вокам на паліцы з беларускамоўнымі дзіцячымі кнігамі, то адразу бачна, што яны выглядаюць больш сціпла ў параўнанні з рускімі.

Кніжка для дзіцяці − тая ж цацка, толькі гартаецца. Падбіраць яе хлопчыку ці дзяўчынцы трэба, улічваючы ўзрост. Самыя маленькія дзеткі толькі вучацца карыстацца кніжкамі. І яны ж – самыя пераборлівыя чытачы. Спрабуюць гартаць старонкі, каштуюць іх на смак, таму тыя часта рвуцца, а па баках абгрызеныя. З беларускамоўных на такі ўзрост падыдзе хіба зборнік калыханак і забавак “А па сенцах ходзіць Бай” укладальніцы Паліны Грынчанкі. Невялікая кніга, фарбы яркія, але малюнкі не вельмі выразныя. Каштуе 11300 рублёў.

“Самыя лепшыя рускія казкі”: 7000 экзэмпляраў, кошт 29500. “Вясёлая сямейка”: 10000 экзэмпляраў, кошт 18790.

Сярод кніжак беларускіх выдавецтваў на рускай мове для найменшых чытачоў трапляюцца вельмі танныя. Тоненькія, на адну казку, каштуюць ад 2000 рублёў. Іх не шкада, калі дзіця парве, але выдаўцы прыдумалі яшчэ лепшае рашэнне: робяць іх з кардону. У краме якраз не было такіх беларускай вытворчасці, затое былі расійскія. Каштуюць яны каля 10 тысяч рублёў, добрыя выразныя малюнкі.

Расійскія кніжкі па аздабленні зрабілі значны крок уперад. У іх не проста кардонныя кніжкі, а выразаныя, напрыклад, у форме машынкі, кніжкі,  малюнкі адначасова з’яўляюцца пазламі ці ёсць кнопкі, што ўключаюць агучванне. Такія кнігі дарагія. Кніжка з пазламі каштуе 61 тысячу рублёў, з агучваннем − каля ста тысяч.

Але знайшліся і цікавыя кніжкі беларускага выдавецтва, праўда, на рускай мове. І што за дзіва! Калі традыцыйныя беларускія дзіцячыя кніжкі маюць тыраж 1500−3000 экзэмпляраў, то Мінскай фабрыцы каляровага друку выгадна рабіць кніжкі з аб’ёмнымі малюнкамі тыражом 6000 і прадаваць іх менш чым за 30 тысяч рублёў. А вялікую кнігу народных казак на рускай мове за 18790 − тыражом 10 тысяч асобнікаў! Пры гэтым падобная кніга расійскага выдавецтва каштуе на 10 тысяч рублёў даражэй. Ці прадаваліся б гэтыя кнігі горш, былі б яны па-беларуску, калі многіх бацькоў не цікавіць мова?

А што прапаноўваюць больш дарослым чытачам, якія пачынаюць чытаць самастойна? Напрыклад, вось вялікая  кніга з гістарычнымі аповедамі ў цвёрдым пераплёце “Нам засталася спадчына” – тры асобнікі так і ляжаць два месяцы, чакаючы ахвотных набыць іх па 41 тысячы рублёў за асобнік. Гартаю: мінімум фарбаў, амаль няма нават графічнага аздаблення. Наколькі ў кніжцы добры тэкст, адыходзіць на іншы план: яна ўжо прайграла змаганне за ўвагу майго сына. Дзіцячая кніга – гэта тавар, які купляюць па вокладцы і аздабленні. І ад таго, колькі хвілін яна выйграла ў мульцікаў, залежыць, колькі потым балаў па мове будзе мець дзіця на цэнтралізаваным тэставанні.

Кніга з аб’ёмнымі малюнкамі “казачны тэатр” каштуе 27400 тысяч рублёў.

Каментар спецыяліста

Ці патрэбныя беларускамоўныя дзіцячыя кнігі?

− Вось, напрыклад, усе кардонныя кнігі на адну казку каштуюць па 10 тысяч рублёў, − распавядае прадпрымальніца Святлана, якая гандлюе кнігамі. − Беларускія і рускія кніжкі коштам амаль не адрозніваюцца, але часам беларускія каштуюць больш − у нас друкавацца дорага. Бывае, пакупнікі пытаюцца, ці ёсць кнігі на беларускай мове, некаторым у садок трэба занесці. У нас толькі вялікія зборнікі. Дзе маленькія беларускамоўныя кніжкі браць, я нават і не ведаю.

− Беларускамоўныя дзіцячыя кнігі абавязкова патрэбныя! − упэўнены пісьменнік Аркадзь Жураўлёў, які жыве ў Маладзечне. − Але праблема іх недахопу існуе і вельмі непакоіць мяне як творцу. Зварушыць гэты воз вельмі складана. Ведаеце, кнігі прадаюцца, але не так шмат людзей, якія пра іх ведаюць. У нас няякасны піяр. Я часта хаджу на сустрэчы з чытачамі ў садкі, школы, кнігарню, нядаўна ладзілі імпрэзу ў бібліятэцы “Верасок”. А летась падарыў свае кнігі ўсім бібліятэкам аграгарадкоў раёна − дзе вы такое бачылі? Пісьменнікі мусяць самі прадаваць свае кнігі!

Якія беларускія кнігі купілі за мінулы тыдзень?

Дзіцячыя кніжкі (улічвалі творы, якія праходзяць па школьнай праграме)

1. “Выбраныя творы” Пімена Панчанкі.

2. “Выбраныя творы” Аркадзя Куляшова.

3. “Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў” Аляксандра Сержпутоўскага.

4. “На далонях вечнасці” Анатоля Бутэвіча.

5. “Пісаравы імяніны” Уладзіслава Галубка.

6. “Песні-жальбы. Казкі” Якуба Коласа.

7. “Подых навальніцы” Івана Мелажа.

8. “Шляхціц Завальня” Яна Баршчэўскага.

9. “Яна і я” Янкі Купалы.

Зоя ХРУЦКАЯ.