Сёлетняе “Гуканне вясны” ў Вязынцы ўразіла саміх арганізатараў тым, які вялікі карагод атрымаўся. Традыцыйнае народнае свята адзначылі ў суботу, 24 сакавіка, каля літаратурнага музея імя Янкі Купалы.
− Я ўпершыню бачыла такі велізарны карагод, − дзеліцца ўражаннямі сябра студэнцкага этнаграфічнага таварыства (СЭТ) Ганна Емялёва. − Мы стаялі на горцы, а ланцужок людзей спускаўся ўніз на падворак ўсяго музея і падымаўся зноў на горку. Атрымалася буйное кола. Далучыліся да карагоду, па-мойму, усе хто быў! Гэта было цудоўна, надзвычай уразіла!
Прычым многія госці свята прыйшлі ў нацыянальных строях. Нехта ўдзельнічае ў народных гуртах, таму мае такі касцюм, іншыя зрабілі ўбор проста для сябе, каб ствараў урачысты настрой.
Многія дарослыя бралі з сабой дзяцей, каб усёй сям’ёй пагукаць вясну так, як гэта рабілі нашы продкі. Дзеці, як толькі прыйшлі, адразу расхапілі булачкі ў выглядзе птушак. Многія з іх ўпершыню ўбачылі атрыбуты свята − развешаныя на дрэвах рознакаляровыя выявы птушачак з паперы. Дзецям было шмат прастору пабегаць, пагушкацца на арэлях.
Працаваў на свяце кірмаш. Рамеснікі прывезлі завушніцы, паясы, гліняныя свістулькі і посуд, нават фібулы − старажытныя зашпількі для адзення.
Удзельнікі свята вадзілі карагоды, спявалі і танцавалі пад дуду. Прыехалі музыкі з гуртоў “Гуда”, “Княжыч” і іншых.
Сябры СЭТ самі гатавалі ежу для гасцей свята. Раскладалі кастры і варылі на іх гарбату.
− Праўда, я не паспела паесці, − смяецца Ганна Емялёва. − Усё адразу разышлося. Мы гатавалі традыцыйную ежу: яешню, бліны з мёдам і маслам, выпякалі булачкі-птушкі. Напэўна, смачна было.
Упершыню “Гуканне вясны” ў Вязынцы сябры таварыства наладзілі летась. І збіраюцца зноў святкаваць яго ў наступным годзе:
− Абжыліся тут ужо, − усміхаецца Ганна Емялёва. − Вельмі падабаецца гэтае месца − такія дубы, камяні… Тут так шмат сонца каля гумна, птушкі спяваюць. Цёплая і ўтульная прастора.
Зоя ХРУЦКАЯ.
Фота vialiejka.org
Бальш фота глядзіце: Гуканне вясны ў Вязынцы (фота)