Купляла заўсёды смятану 15-працэнтнай тлустасці. Самая лепшая смятана, негустая, смачная! А потым раз прыйшла ў краму, другі − няма такой. Ідуць ад 20-працэнтнай тлустасці і больш. Куды дзелася 15-працэнтная смятана?

Рэня.


Адказвае генеральны дырэктар ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” Уладзімір Бобрык.

− Вытворчасць смятаны 15-працэнтнай тлустасці, расфасаванай па паўкілаграма ў плёнку, часова прыпынілі з-за высокай стратнасці. Рэнтабельнасць яе вытворчасці адмоўная − мінус 58,2 працэнта. Прадукцыя адносіцца да сацыяльна значнай. А цэны на сацыяльна значную прадукцыю, устаноўленыя Міністэрствам эканомікі ў верасні 2011 года, не толькі не забяспечваюць рэнтабельнасць вытворчасці, але і не пакрываюць кошт закупленага малака. Сярэдні кошт закупляемага малака − 2789 рублёў за кілаграм.

Павялічыць вытворчасць сацыяльна значнай прадукцыі па цэнах Мінэканомікі немагчыма, таму што растуць страты ад рэалізацыі, пагаршаецца фінансавы стан прадпрыемства.

Пры станоўчай рэнтабельнасці вытворчасць смятаны 15-працэнтнай тлустасці адновяць.

“Маладзечанскі малочны камбінат” цяпер пастаўляе ў гандлёвую сетку рэгіёна смятану ў наступным асартыменце: расфасаваная ў кубачкі з полістэролу па 0,25 кілаграма 12-працэнтнай тлустасці, абагачаную харчовымі валокнамі, і 20-працэнтнай тлустасці, абагачаную кальцыем. А таксама 25-працэнтнай і 26-працэнтнай тлустасці ў плёнцы па 0,5 кілаграма.

Зоя ХРУЦКАЯ.