Супрацоўнікі Смаргонскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях 23 сакавіка выратавалі ад смерці 50-гадовага рыбака, жыхара Смаргоні, які праваліўся пад лёд на возеры Свір.

На пульт райаддзела па надзвычайных сітуацыях 23 сакавіка ў 16 гадзін 32 хвіліны патэлефанавала жонка рыбака, паведамляе прэс-служба выратавальнікаў Гродзенскай вобласці. Усхваляваная жанчына сказала, што яе муж праваліўся пад лёд.

На месца здарэння выехалі супрацоўнікі аддзелаў па надзвычайных сітуацыях Смаргонскага і Мядзельскага раёнаў. Рыбак знаходзіўся на лёдзе возера на адлегласці 300-350 метраў ад берага. Сам выбрацца на бераг мужчына не мог – рыхлы лёд правальваўся пад вагой цела.

Работнікі смаргонскай няштатнай вадалазнай службы з выратавальнай дошкай па лёдзе пайшлі на дапамогу. У гэты час іх калегі на беразе рыхтаваліся аказаць пацярпеламу першую дапамогу.

Рыбака выцягнулі на бераг і перадалі брыгадзе “хуткай дапамогі”. Пацярпелага з дыягназам “пераахаладжэнне” адвезлі ў тэрапеўтычнае аддзяленне бальніцы.

Выдатныя прафесійныя навыкі ў гэтай выратавальнай аперацыі паказалі начальнік каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Смаргонскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Яўген Шандора і вадзіцель Віталь Дрэўс.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота mchs.grodno.by.