Гледзячы на інвалідаў і іх праблемы, людзі звычайна адварочваюцца ці закрываюць вочы. Гэта добра ведае сама Таццяна. Жанчына мае інваліднасць па слыху: калі мы з ёй размаўлялі, яна мусіла чытаць па вуснах, каб усё зразумець.

Менавіта для таго, каб усе павярнуліся тварам да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, Таццяна ладзіць фотавыставу “Нябачныя людзі”.

Фатограф Таццяна Сафонава. Фота забяспечана Таццянай САФОНАВАЙ.

Таццяна нарадзілася з парушэннем слыху. Прыехала ў Маладзечна з Расіі, калі сюды перавялі яе бацьку, ваеннага. Закончыла школу №8, потым − вілейскі тэхнікум бізнесу і права. Цяпер працуе мадэратарам у адной з газет рэгіёна. Шэсць гадоў таму яна захацела займацца фатаграфіяй.

Бацькі падарылі фотаапарат − і жанчына пачала здымаць людзей на вуліцы, калег на працы, знаёмых.

− Маладзечанцы ўбачаць вашы фотаздымкі на выставе ўпершыню?

− Так, але гэта будзе другая мая выстава. Першая ладзілася летась на Украіне ў невялікім горадзе Чорткаве Цярнопальскай вобласці. Даўно казала сваім ўкраінскім сябрам Віталю Зацільнаму і Ірыне Маляване, што хачу зрабіць такі праект − паказаць здымкі інвалідаў. Яны расказалі пра гэта святару Бучанскай епархіі, ідэю падтрымалі і запрасілі мяне. Фота рабіла ў Маладзечне: у цэнтры дзённага знаходжання для інвалідаў і  цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі для дзяцей. Калі робіш такія здымкі, абавязкова трэба пытацца дазволу. Калі гэта дзеці − дазволу бацькоў. Мне амаль ніколі не адмаўлялі. Тут я зрабіла каля 30 фота, а падрыхтаваць іх да выставы дапамагла мастачка з Мінска Алеся Корсакава.

У першую чаргу залежыць ад бацькоў, ці будзе іх дзіця, нягледзячы на абмежаванні, жыць паўнавартасным жыццём. Здымак зроблены ў Маладзечне Таццянай САФОНАВАЙ.

Калі я ўжо прыехала на Украіну, за некалькі дзён да імпрэзы давялося гуляць па Кіеве. Добра, што захапіла з сабой фотаапарат. Спачатку на вуліцы ўбачыла чалавека з гарбом, які жабраваў. Сфатаграфавала. Не прайшло паўгадзіны, як убачыла чалавека, у якога не было ног ніжэй калена. Ён стаяў на куксах і таксама прасіў міласціну. Якраз праходзіла бабуля і працягнула мужчыну капеечку, гэты момант я зняла. Зусім выпадкова! Гэтыя два здымкі трапілі праз дзень на маю першую выставу.

Вельмі хвалявалася на адкрыцці, бо не люблю прыцягваць да сябе ўвагу. Расказвала, як цяжка быць інвалідам. Дзякавала ўсім бацькам, якія не адмовіліся ад дзіцяці з абмежаванымі магчымасцямі. Гэтым бацькам вельмі цяжка.

Чалавек з гарбом, які жабраваў у Кіеве. Фота Таццяны САФОНАВАЙ.

Выпадковы здымак, зроблены ў Кіеве. Фота Таццяны САФОНАВАЙ.

− У Маладзечне вы часта бачыце на вуліцах людзей з абме­жаванымі маг­чымас­цямі?

− Вось ведаеце, не. Магчыма, гэта звязана з тым, што інваліду не так лёгка перамяшчацца, як яму трэба. Калі гэта калясачнік − то ён не зможа сам заехаць у аўтобус ці краму, калі дрэнна бачыць − то не на ўсіх перакрыжаваннях пачуе сігнал святлафора.

Я неяк гасцявала ў Германіі, ставілі слыхавы апарат. Гэта Захад. Да інваліда там стаўленне як да нармальнага чалавека. Там бачаць людзей з абмежаванымі магчымасцямі і не пазбягаюць іх. Калі ў некага ёсць пэўныя фізічныя абмежаванасці, яму да­памагаюць не адчуваць іх − тыя ж пандусы ўладкоўваюць, каб кожны мог трапіць, куды трэба. А ў размове, адносінах увогуле няма розніцы.

А ў нас і фізічныя бар’еры ёсць, і маральныя. Да інвалідаў ставяцца як да людзей другога гатунку, з нейкай асцярожнасцю і агідай.

Маладзечна, у цэнтры дзённага знаходжання для інвалідаў. Фота Таццяны САФОНАВАЙ.

− Сучасныя мастакі часта абыгрываюць словы “нябачныя людзі” ў розных сэнсах. Напрыклад, кітайскі фотамастак Ліу Балін размалёўвае сябе, каб злівацца з фонам, і такім чынам пратэстуе супраць стаўлення да чалавека як да шэрай масы. Чаму людзі становяцца “нябач­нымі”?

− Калі ўбачыш “нябачных” людзей, то ўбачыш і іх праблемы, а іх трэба вырашаць. Я стараюся часцей здымаць хворых на сіндром Дауна, бо да гэтых людзей ставяцца найгорш. Насамрэч інваліды вельмі моцныя, яны могуць навучыць цярпенню. Але ім патрэбная ўвага. Стаўленне як да нармальных людзей.

Я хачу паказаць, што мы такія самыя, толькі трошкі фізічна абмежаваныя. Фатаграфія дапамагае мне выказацца. Тое, што не магу сказаць словамі, я перадаю праз здымак. У мяне дзве мары: стаць прафесійным фатографам і дапамагаць людзям. У гэтым бачу сэнс свайго жыцця.
Я хачу, каб грамадства павярнулася да нас тварам і не пакінула без увагі.

Адкрыццё выставы адбудзецца ў сераду, 4 красавіка, у бібліятэцы “Верасок”, пачатак а 16 гадзіне. Працаваць будзе да 4 мая. На выставе будуць таксама дэманстравацца ручныя працы маладзечанскіх інвалідаў.

Паводле сайта Маладзечанскага райвыканкама, у раёне:

— інвалідаў першай і другой груп дапенсійнага ўзросту 1242 чалавекі

— інвалідаў-калясачнікаў 242

— інвалідаў па зроку 489

— інвалідаў па слыху 169

Зоя ХРУЦКАЯ.