Згодна з вынікамі 223 апытаных дзяцей старэйшых класаў, насілле часцей за ўсё здараецца на вуліцы і ў сям’і.  
Марына Скабей, псіхолаг, загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, расказала пра правядзенне акцыі і выказала меркаванне на гэту тэму:
– Гвалт у сям’і – велізарная сацыяльная і псіхалагічная праблема. У апошні час яна падымаецца ва ўсім свеце. Аб ёй можна гаварыць вельмі доўга і шмат. Хатнія тыраны і дэспаты — гэта прыналежнасць любых класаў і саслоўяў, яны ёсць сярод людзей з розным узроўнем адукацыі і любой нацыянальнасці.
У сучасным грамадстве склалася неадназначнае стаўленне да гэтай праблемы. Існуе шмат стэрэатыпаў, якія тычацца хатняга гвалту. Кожнае грамадства выпрацавала сваё клішэ, з дапамогай якога  апраўдвае тыя ці іншыя дзеянні і прымае іх. Існуе мноства прыказак і прымавак, якія апраўдваюць хатні гвалт. Вось некаторыя з іх: “Муж і жонка – адна сатана”, “Б’е – значыць, кахае”, “Без рэменя дзіця чалавекам не вырасце”, “Бі бабу молатам, будзе баба золатам”.  
Да ахвяр хатняга гвалту часта ставяцца прадузята, лічачы, што людзі самі вінаватыя, бо правакуюць такую сітуацыю, і самі павінны разбірацца з ёй. Напад на чалавека, які адбыўся на вуліцы, лічаць злачынствам, а тое, што адбываецца ў сям’і, – прыватнай справай.
– Падчас акцыі было цікава даведацца меркаванні дзяцей на гэту тэму, – працягвае Марына Скабей. – Атрыманыя цікавыя звесткі. Большасць апытаных лічаць, што праблема ёсць. Шмат дзяцей падвяргаецца насіллю на вуліцы сярод аднагодкаў. На другім месцы стаіць гвалт у сям’і, калі дзеці на сабе адчулі прымяненне фізічнай сілы ў першую чаргу ад бацькі, а ў апошнюю – ад сястры і брата. Сярод дзяцей ёсць і тыя, якія падвяргаліся сексуальнаму гвалту – іх два чалавекі. Псіхічны гвалт апярэджвае фізічны.
У акцыі прымалі ўдзел чатыры арганізацыі: аддзел адукацыі, інспекцыя па справах непаўналетніх, цэнтр сацыяльнага абслугоўвання і святар Дзмітры, прадстаўнік праваслаўнай канфесіі. Праходзіла яна ў тры этапы.
Па словах псіхолага, загадчыцы аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, план мерапрыемства Вілейскага раёна ў рамках гэтай акцыі быў складзены так, каб задзейнічаць усіх: дзяцей і іх бацькоў, педагогаў.
– Сумеснымі намаганнямі, – расказвае яна, – мы праводзілі апытанне сярод непаўналетніх, семінар-трэнінг з удзелам мінскага псіхолага, інфармавалі дзяцей праз стэнды і буклеты, паказвалі фільм пра пакінутых бацькам дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, а таксама пра бацькоў, дзеці якіх былі адабраныя і знаходзяцца ў прытулку.  З бацькамі размаўляў святар, расказваў, з пункту погляду рэлігіі, пра гвалт у сям’і. Таксама праводзіліся патранажы – спецыялісты цэнтра сацыяльнага абслугоўвання наведваліся да жыхароў горада з мэтай інфармавання людзей.
Вольга ДЭКСНІС.