– Я зарэгістраваны ў Мінску. Хачу прадаць аўтамабіль жонцы, якая зарэгістраваная ў Вілейцы. На нумарным знаку машыны – 7-ы рэгіён. Хацелася б пры пераафармленні аўтамабіля захаваць нумарны знак. Ці магчыма гэта? Яўген.
– Не. Калі вы прадасце машыну жонцы, вы павінны будзеце зняць яе з уліку ў Мінску, а жонка – зарэгістраваць у Вілейцы. Натуральна, 7-ы рэгіён, сталічны, на нумары не захаваецца. На ім будзе 5-ы рэгіён – Мінскай вобласці. Але калі вы хочаце захаваць свой нумарны знак, то не пераафармляйце машыну на жонку, а проста выпішыце на яе даверанасць. Кожныя тры гады трэба будзе прадаўжаць тэрмін дзеяння даверанасці, але “сямёрка” на нумары захаваецца. Толькі такі варыянт.
Добры дзень. У мяне пытанне наступнае: на вуліцы Міру каля дома №14 ёсць стаянка, на якой жыхары ставяць свае машыны. Усё б добра, але завёўся нядобры чалавек, які ціхенька разбірае машыны. У мяне, напрыклад, скруцілі заднюю шчотку з мацаваннем, пасля чаго мне страшна ўжо пакідаць аўтамабіль. Заяву пісаць, я так разумею, бессэнсоўна. Хаця… Пытанне: як органы могуць адрэагаваць на маю заяву, калі я ўсё ж яе напішу? І яшчэ адно пытанне: ці знаходзілі ў Маладзечне такіх вось зладзеяў? Дзякуй. Дзмітры.
– Наконт шчотак не ведаю, а зладзеяў, якія кралі з машын аўтамагнітолы, нядаўна знайшлі. Папаліся яны на перавозцы скрадзенага. Адразу “ўсплыў” цэлы шэраг эпізодаў такіх крадзяжоў. А пацярпелыя, якія чакалі паўгода ці год, пакуль міліцыя знойдзе іх маёмасць, нарэшце дачакаліся. Калі вас абакралі, я раю напісаць заяву. Бо вы ў любым выпадку нічога не губляеце. Нашы супрацоўнікі выедуць на месца злачынства, правераць: можа адбіткі пальцаў злодзея, напрыклад, захаваліся на машыне. Лічу, што заяву напісаць не будзе лішнім.

– Супрацоўнікі дзя­р­ж­аўтаінспекцыі ў цёмны час сутак аштрафавалі мяне за тое, што на вопратцы не было святлоадбівальнага элемента – флікера. Але, наколькі я ведаю, за такое парушэнне павінны не штрафаваць, а папярэджваць. Чаму мяне аштрафавалі? Юры, Вілейка.
– Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях за адсутнасць на вопратцы святлоадбівальнага элемента ў цёмны час сутак прадугледжвае пакаранне – як папярэджанне, так і штраф у памеры ад адной да трох базавых велічынь (ад 100 тысяч да 300 тысяч рублёў).
Так, спачатку мы папярэджвалі пешаходаў. Але час папярэджанняў закончыўся. Цяпер толькі штрафуем. Не трэба на гэта крыўдзіцца. Толькі ў Маладзечанскім раёне ад пачатку года ў цёмны час сутак загінулі пяць пешаходаў, якія не былі абазначаныя святлоадбівальнымі элементамі.
Больш за 10 чалавек атрымалі цялесныя пашкоджанні. Флікер можа выратаваць чалавеку жыццё, калі вадзіцель своечасова заўважыць пешахода на дарозе. Абазначаць сябе флікерамі трэба адразу пасля заходу сонца і да яго ўсходу. Інакш – атрымаеце штраф.
Аштрафаваць інспектар дарожна-паставой службы можа на адну базавую велічыню, калі пешаход прызнае сваю віну. Калі не прызнае – атрымае штраф у дзве ці тры базавыя велічыні.

– Мой пляменнік ехаў на сваёй машыне па вуліцы Гарадоцкай ад Вялікага Гасцінца ў бок Хажова. Прыехаў дамоў. Праз некаторы час да яго прыходзяць супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі і кажуць, што на Гарадоцкай каля шостага мікрараёна ён быццам бы на пешаходным пераходзе не прапусціў маладую пару з каляскай. Гэтыя пешаходы запомнілі нумар машыны, патэлефанавалі ў ДАІ і паскардзіліся. Інспектары аштрафавалі майго пляменніка на 100 тысяч рублёў. Але ў тым месцы, дзе дарожка з шостага мікрараёна спускаецца да праезнай часткі Гарадоцкай, няма пешаходнага перахода. Ён знаходзіцца толькі метраў праз 20. Цікава: як у такіх выпадках “пацярпелыя” даказваюць, што яны кажуць праўду? Валянціна, Маладзечна.
– Калі ваш пляменнік заплаціў штраф, значыць у пратаколе ён падпісаўся: я згодны з тым, што парушыў правілы дарожнага руху. Калі ж ён лічыць сябе невінаватым, навошта было плаціць грошы?
Ён мог адмовіцца ад сваёй віны і даказаць адваротнае. Можна было выехаць на месца, паказаць: дзе і як ён ехаў. Прапанаваць сваю версію дарожнай сітуацыі. Нашы супрацоўнікі выклікалі б тых, хто заяўляў. І разбіраліся б, устанаўлівалі ісціну, шукалі сведкаў. І ў выніку штраф яшчэ маглі заплаціць пешаходы за пераход дарогі ў нявызначаным месцы.’

– Якім чынам павінна праходзіць працэдура догляду багажніка машыны? Аляксандр, Вілейка.
– Інспектар ДАІ мае права папрасіць вадзіцеля добраахвотна паказаць: што ў яго ляжыць у багажніку. Гаспадар машыны мае права адмовіцца адкрыць багажнік.
У гэтым выпадку інспектар прапануе і далей усё зрабіць па законе. Паехаць у райаддзел міліцыі, аформіць патрэбныя паперы, запрасіць панятых. І тады ўжо вадзіцель абавязаны багажнік адкрыць. Калі раптам ён “згубіў” ключы, мы маем права скарыстацца ломікам.
Але да гэтага амаль ніколі не даходзіць. У 99 выпадках са 100 ўсё адбываецца на месцы. Ну, падумайце самі: калі вам няма чаго хаваць, навошта пачынаць нейкія канфлікты? Ну, а калі ёсць што – выбачайце.

– На вуліцы Грамадоўскай у Маладзечне праз двор дома №12, што недалёка ад ЗАГСа, на вялікай хуткасці праязджаюць машыны. У двары гуляюць дзеці. Але вадзіцелі не звяртаюць на гэта ўвагі. Сітуацыя ў нас такая, што прыходзіцца чакаць першай бяды. Ці магчыма прама ў двары пакласці “ляжачых паліцэйскіх”? Можа, хоць гэта выратуе нас ад кіроўцаў-ліхачоў. Яўген, Маладзечна.
– Думаю, гэта магчыма. Працэдура наступная: вам трэба напісаць заяву на імя начальніка аддзела дзяржаўтаінспекцыі Маладзечанскага райаддзела ўнутраных спраў Яўгена Урбановіча. У заяве падрабязна апішыце сітуацыю, якая склалася ў вашым двары.
Атрымаўшы заяву, начальнік дае заданне нашаму інжынеру ДАІ, які выедзе на месца. Інжынер прааналізуе сітуацыю і дасць вам афіцыйны адказ – ці мэтазгодна ўкладка ў двары штучнай няроўнасці дарогі.
Калі інжынер палічыць, што жыхарам двара сапраўды пагражае небяспека з-за машын, якія праязджаюць на вялікай хуткасці, “ляжачы паліцэйскі” будзе пакладзены.

– Адкажыце, калі ласка, ці існуюць якія-небудзь абмежаванні ў паркоўцы аўтамабіляў у дварах жылых дамоў? На якой адлегласці ад пад’езда можна паркаваць машыны, а на якой – нельга? Іван Міхайлаў, Маладзечна.
– Абмежаванняў па адлегласці прыпаркаванага аўтамабіля ад пад’ездаў няма. Але стаянка аўтамабіляў забароненая ў месцах, якія прылягаюць да жылой забудовы дома. Патлумачу: уявіце сабе двор і праезд уздоўж дома. Дык вось на тым баку праезду, які знаходзіцца каля пад’ездаў, машыны ставіць нельга. А на супрацьлеглым – можна. Ну і, натуральна, паркоўка аўтамабіляў непасрэдна каля пад’ездаў забароненая.
– Добры дзень. Мне 14 гадоў. Я хачу здаць на правы як можна хутчэй. Ці магчыма гэта? Мне сказалі, што ў вас праводзіцца акцыя. Напішыце правілы, калі ласка. Дзяніс, Маладзечна.
– На жаль, у 14 гадоў правы вы не атрымаеце. Ранавата. Правы выдаём тым, каму споўнілася 18 гадоў. І ніякіх акцый па выдачы правоў кіравання аўтамабілем 14-гадовым падлеткам мы не праводзім. Магчыма, вы чулі пра акцыю па выдачы правоў кіравання матацыклам. Але і ў ёй могуць удзельнічаць толькі тыя, хто дасягнуў 16-гадовага ўзросту.
Адзначу таксама, што вучыцца ваджэнню ў аўташколу вы можаце пайсці, калі вам споўнілася 16 гадоў. Але ўсё адно пасля вучобы давядзецца яшчэ два гады пачакаць. Споўніцца 18 – калі ласка, прыходзьце да нас за вадзіцельскім пасведчаннем. Затое ад 14 гадоў можна ездзіць па горадзе на веласіпедзе.

“РГ” не заканчвае праект “Задай пытанне інспектару ДАІ”. Новыя пытанні можна дасылаць на электронную скрыню regionnews@ rh.by, праз каментары да матэрыялу ці праз спецыяльную форму на сайце “Напісаць у рэдакцыю” (унізе старонкі) альбо задаць па тэлефоне ў Маладзечне 8 (0176) 76-96-67.
Падрыхтаваў Сяргей ЗЯНЬКО.

Чытайце яшчэ на гэту тэму: Задайце пытанне інспектару ДАІ, Атрымайце адказ ад інспектара ДАІ.