Райаддзел следчага камітэта дакладна ўстанавіў асобу загінуўшага мужчыны, апаленае цела якога са звязанымі нагамі знайшлі 1 красавіка ў кювеце ля дарогі недалёка ад вёскі Манькаўшчына. Падазроны ў здзяйсненні забойства арыштаваны.

Яму прад’яўленае абвінавачанне.

Пра тое, што труп мужчыны знайшлі ў кювеце паміж вёскамі Манькаўшчына і Кіявец, у той жа дзень, 1 красавіка, расказаў “РГ” начальнік Валожынскага райаддзела следчага камітэта Віталь Юрэвіч.

Сёння, 5 красавіка, старшы следчы Уладзімір Ланько паведаміў  нашаму выданню папярэднюю інфармацыю па гэтай справе, якую следства лічыць магчымым апублікаваць на гэтым этапе расследавання.

Неапазнанае цела знайшлі ў нядзелю каля 10 гадзін 30 хвілін. Справа па артыкуле “Забойства” была ўзбуджаная адразу. Пачаліся следчыя дзеянні па ўстанаўленні асобы загінуўшага і магчымых падазроных у здзяйсненні гэтага злачынства.

На працягу дня было ўстаноўлена: загінуўшы – жыхар мястэчка Івянец 1982 года нараджэння. Высветлілася, што напярэдадні вечарам, 31 сакавіка, маладога мужчыну і яго 31-гадовага знаёмага, таксама жыхара мястэчка, які быў за рулём аўтамабіля, бачылі разам у Івянцы ў магазіне.

Маладыя людзі купілі піва і збіраліся ехаць у лазню. Абодва былі цвярозыя.

Гэтага знаёмага затрымалі вечарам у яго доме. На першых допытах ён прызнаўся ў забойстве.

Па папярэдніх дадзеных, у машыне паміж мужчынамі ўзнікла сварка. Гаспадар аўтамабіля звязаў свайму пасажыру вяроўкай ногі і каля дзвюх гадзін вазіў яго вакол Івянца. Потым каля Манькаўшчыны збіў яго, абліў бензінам і падпаліў.

Паводле папярэдніх вынікаў праведзенай медыцынскай судовай экспертызы, смерць наступіла ад тэрмічных апёкаў. Дакладныя вынікі экспертызы будуць пазней, але ўжо цяпер эксперты сцвярджаюць: пацярпелы быў спалены зажыва.

Па словах Уладзіміра Ланько, магчыма, абвінавачаны ў забойстве дзейнічаў не адзін. Следства цяпер устанаўлівае людзей, якія маглі дапамагаць біць пацярпелага. Двое з іх ужо затрыманыя.

Устанаўліваецца таксама матыў злачынства. Ёсць некалькі версій, агучваць якія пакуль заўчасна.

Забіты меў жонку і дзяцей. Абвінавачаны ў забойстве таксама жанаты. У яго таксама ёсць дзеці…

Сяргей ЗЯНЬКО.