У фінальных гульнях алімпійскіх дзён моладзі Мінскай вобласці па футболе сярод юнакоў 1996 года нараджэння каманда Маладзечанскага раёна заняла другое месца. Спаборніцтвы праходзілі ў Барысаве 7-9 красавіка.

Маладзечанцы – адзіныя прадстаўнікі нашага рэгіёна, якія выйшлі ў фінал. У турніры таксама прынялі ўдзел каманды Барысаўскага, Слуцкага, Нясвіжскага і Смалявіцкага раёнаў.

За маладзечанскую каманду выступалі футбалісты 1996 года нараджэння трэнера Андрэя Найдзіча і хлопцы 1997 года нараджэння трэнера Аляксандра Гармазы.

Вазіў каманду ў Барысаў Андрэй Найдзіч. У інтэрв’ю нашаму выданню трэнер расказаў: гульні праходзілі па кругавой сістэме.  У першы дзень, 7 красавіка, мы згулялі адзін матч. Выйгралі ў каманды Нясвіжа з лікам 6:0.

У другі дзень, 8 красавіка, гулялі два матчы з галоўнымі сваімі сапернікамі – камандамі са Смалявічаў і Барысава. Дзве нічые ў гэтых сустрэчах не дазволілі нам заняць першае месца, хаця ў абодвух матчах мы былі блізкія да перамогі.

Гульня са Смалявічамі завяршылася з лікам 1:1. А на апошніх хвілінах мы не трапілі ў пустыя вароты. Лік матча з Барысавам – 0:0. Зноў жа напрыканцы сустрэчы пасля ўдару са штрафнога мяч трапіў у перакладзіну барысаўскіх варот.

У апошні дзень спаборніцтваў, 9 красавіка, маладзечанцы выйгралі ў Слуцка 2:0. Але набраных ачкоў не хапіла для перамогі ў турніры. Барысаўскі раён – на першым месцы, Маладзечанскі – на другім. Тройку прызёраў замкнуў Смалявіцкі раён, Слуцкі – чацвертае месца, Нясвіжскі – пятае.

У нашай камандзе Андрэй Найдзіч адзначыў варатара Антона Галгоўскага, нападаючага Піліпа Філіповіча і абаронцу Дзяніса Літвінава.

Антон Галгоўскі і Піліп Філіповіч увайшлі ў склад зборнай каманды Мінскай вобласці, якая на наступным тыдні ў Брэсце прыме ўдзел у рэспубліканскіх алімпійскіх днях моладзі.

Сяргей ЗЯНЬКО