З-за чаго людзі пачынаюць піць? З чаго пачынаецца шлях да статуса “бомж”? Што клапоціць бацькоў, якія гадуюць дзяцей? Што турбуе сталых людзей?
Супрацоўнікі Маладзечанскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (РТЦСАН) лічаць, што часта людзі апынаюцца ў складаным жыццёвым становішчы з-за таго, што не ўмеюць вырашаць свае праблемы. А яны якраз і працуюць для таго, каб ім было лягчэй.

“Нашто мне псіхолаг?”

Псіхолаг Таццяна Жданава.

− Многія нашы людзі не зусім разумеюць, чым займаюцца псіхолагі, − распавядае псіхолаг РТЦСАН Таццяна Жданава. − Яны лічаць нас дактарамі, якія зараз пачнуць іх лячыць. Я проста размаўляю з імі. Мы не лечым і нават не вырашаем праблему, а толькі падводзім да яе вырашэння. Рэдка сустрэнеш людзей, у якіх дэвіз “што ні робіцца − усё робіцца да лепшага”. Што б ні адбылося, гэта выклікае рэакцыю кшталту: “За што я гэта заслужыла”. Псіхолаг дапамагае зразумець: што б ні здарылася, гэта ўсё адно дае нешта новае. І рашэнне праблемы можна знайсці заўсёды.

Спецыяліст па сацыяльнай рабоце Таццяна Аноп.

− А як у нас звычайна народ вырашае складаныя жыццёвыя сітуацыі, асабліва ў вёсках? − працягвае спецыяліст па сацыяльнай рабоце Таццяна Аноп. − Бутэлечку гарэлкі − і да суседа. Так і співаецца нацыя. Людзі не ўмеюць вырашаць свае праблемы. А калі чалавек прыходзіць да псіхолага, то пачынае шукаць сапраўднае вырашэнне сваіх праблем.
− Якія праблемы звычайна даводзяць да п’янства?
− Хто найчасцей співаецца? − разважае псіхолаг Таццяна Жданава. − Найперш тыя, у каго пілі бацькі. А таксама, паводле статыстыкі па Беларусі, людзі пасля 40 гадоў. Адбываецца так, што яны не могуць пераадолець крызіс сярэдзіны жыцця. Гэта сэнсавы крызіс, калі чалавек шукае новую мэту ў жыцці. Дзеці ўжо вырастаюць, у іх свае сем’і. Цяжка перажыць, што апякаць няма каго, а адносіны паміж мужам і жонкай ужо сталі не тыя. І, выпіваючы, яны запаўнююць гэту пустату ў душы.

Спецыяліст па сацыяльнай рабоце Аксана Крыўцова.

− У гарадскіх жыхароў нашмат больш спосабаў заняць сябе ў вольны час, − заўважае спецыяліст па сацыяльнай рабоце Аксана Крыўцова. − Яны могуць прагуляцца па крамах, схадзіць некуды. А што жыхары раёна? Закончылі працу на ферме. Куды цяпер? Дадому. Што рабіць?..
− Разумееце, жыхары далёкіх вёсак дастаткова абмежаваныя ў ведах, − адзначае Таццяна Аноп. − Яны бачаць толькі тое, што паказваюць па тэлевізары. Мала тых, хто ведае, што такое Інтэрнэт. Ім прасцей сабрацца і разам выпіць. П’юць часта сем’ямі: мама, тата і дзеці. Потым іх звальняюць з працы, бо ніхто такіх работнікаў трымаць не будзе, і праблемы чапляюцца адна за адну.
Як знайсці мэту жыцця ў 40 гадоў?
− Раскажыце, а як вы шукаеце чалавеку мэту ў жыцці?
− Мы пашыраем мэты, якіх чалавек ужо да­сягнуў, − распавядае псіхолаг Тацц­яна Жда­нава. − Напрыклад, у маладосці былі такія мэты: выгадаваць дзіця, пасадзіць дрэва і пабудаваць той жа дом. А цяпер, пасля 40, можна дапамагаць гадаваць унукаў, пабудавалі свой дом − яго можна абнавіць ці будаваць сваім дзецям, пасадзілі адно дрэва − можна пасадзіць сад. Просім дзяцей, каб яны ўдзельнічалі ў жыцці бацькоў.
−  Часта мы працуем з сем’ямі, якія падпадаюць пад Дэкрэт №18, у каго забралі дзяцей, − заўважае Аксана Крыўцова. − Ім таксама шукаем мэту ў жыцці, выйсце з праблемнай сітуацыі. Яны ўжо дайшлі да таго, што ў іх забралі дзіця. І выходзіць з гэтай сітуацыі ім трэба дапамагаць, бо самі яны не могуць справіцца з сітуацыяй.
Што хвалюе бацькоў?
− Вы яшчэ ладзіце сустрэчы і для бацькоў?
− Мамам і татам таксама трэба адпачываць, а для іх сустрэчы клубаў − “выхад у людзі”, − заўважае Таццяна Аноп. − Мы ладзім сустрэчы клуба для шматдзетных мам, а таксама для бацькоў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда. У гэтых мам і тат каласальны вопыт, яны ведаюць тое, што магу я, сацыяльны работнік, не ведаць. Раяць адзін аднаму санаторыі, абмяркоўваюць дактароў, медсясцёр, тлумачаць, як палепшыць жыллёвыя ўмовы ці атрымаць грашовую дапамогу.
− З якімі наогул праблемамі найчасцей звяр­та­юцца?
− Пачатак дэпрэсіі, няўпэўненасць у сабе, адносіны паміж бацькамі і дзецьмі, − пералічвае Таццяна Жданава. − Часта прыходзяць шматдзетныя маці. У дзяцей розны ўзрост, яны перажываюць розныя крызісы, увагі маці на ўсіх не хапае, з-за гэтага ўзнікае дзіцячая рэўнасць. Бацькі просяць расказаць, як спраўляцца з цяжкас­цямі.
− Працуем з сем’ямі, у якіх гадуюць дзіця-інваліда, − працягвае Таццяна Аноп. − Дапамагчы дзецям так, як дактары, мы не можам, але мы эмацыйна падтрымліваем бацькоў.

Бабулям хочацца проста пагаварыць

Фота bobrolet.ru.

− А што турбуе пажылых людзей?
− Пажылых людзей многае палохае, асабліва калі яны застаюцца адны, распавядае Аксана Крыўцова. − Таму існуе праблема суіцыдаў і сярод такіх людзей. Бываюць выпадкі, калі бабуля жыве з сынам, які выпівае і адбірае грошы ці збівае яе. Каб папярэдзіць гэта, мы распрацавалі праграму “Залаты ўзрост”.
− Часта бывае, што прыязджаеш да бабулі, і яна проста расказвае пра сваё жыццё, пра маладосць, − дадае Таццяна Аноп. − Расказвае, якая яна была прыгажуня, як умела прыгожа спяваць, колькі ў яе было кавалераў… Ёй проста хочацца з кімсьці пагаварыць.
− У нас ёсць такая “мабільная брыгада”, якая выязджае ў далёкія вёскі, − працягвае Та­ццяна Жданава. − Калі некаму патрэбна кансутацыя, інфармацыя ці дапамога – аказваем яе. Выязджаюць юрыст, псіхолаг і сацыяльны работнік. Юрыст, дарэчы, паясняе пытанні па жыллі, завяшчанні, дапамогах, пенсіі, надбаўках.
Бамжы прыходзяць, калі няма чаго есці
− А ці звяртаюцца па дапамогу “бамжы”?
− Да нас яны звяртаюцца, калі ім ужо няма чаго есці, − адзначае Таццяна Аноп. − Найперш робім ім дакументы, бо ў іх пашпарты могуць быць яшчэ савецкія. Дапамагаем аформіць пенсію і групу інваліднасці, калі яна неабходная.
− Яны расказваюць, што здарылася ў іх жыцці?
− Нехта ў свой час не ажаніўся, нехта развёўся і больш не ажаніўся. Звычайна з гэтага і пачынаецца праблема. Ці чалавек развёўся, аліменты плаціў так-сяк, дзеці, безумоўна, цяпер не хочуць з ім бачыцца − і ён застаецца адзін. І найчасцей плюс да гэтага − алкаголь. У нас не зусім правільна разумеюць слова “бомж”. Часта людзі, якія калупаюцца ў сметніцах, маюць кватэру, атрымліваюць пенсію, проста яны дакаціліся да такога ладу жыцця. Афіцыйна ў нас на Маладзечаншчыне зарэгістраваныя ў якасці бамжоў шэсць чалавек.

Якія праграмы і клубы ёсць у Маладзечанскім раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва?

Праграма “Псіхолаг – у кожны дом” − псіхолаг дае кансультацыі тым, каму яны патрэбныя, прыязджаючы да чалавека дадому. Існуе для таго, каб людзі ведалі, што калі ёсць праблема, яе можна вырашыць, і ёсць людзі, якія дапамогуць знайсці вырашэнне.
Праграма “Залаты ўзрост” − для пажылых людзей.
Клуб “Клопат” − для шматдзетных сямей. На сваіх сходах удзельнікі найперш дзеляцца паміж сабой досведам.
Клуб “Храм жаночай душы” − для жанчын з “цяжкіх” сем’яў, у тым ліку тых, хто праходзіць па дэкрэце №18. На сустрэчах гэтага клуба спецыялісты працуюць над прафілактыкай цяжкіх сітуацый у сям’і, дапамагаюць жанчынам у вырашэнні іх праблем, кансультуюць наконт адносінаў з дзецьмі. На сустрэчах удзельніцам расказваюць, як можна атрымаць матэрыяльную дапамогу ці бясплатнае харчаванне для дзяцей да двух гадоў, гуманітарную дапамогу, правільна фарміраваць бюджэт.
Клуб “Мы разам” – для бацькоў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда.

Звярнуцца за інфармацыяй аб працы Маладзечанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вы можаце па тэлефоне: 8(0176) 77 17 62.
Ці на адрас: Маладзечна, вуліца Таўлая, 4 (непадалёк ад аўтавакзала).
Зоя ХРУЦКАЯ.