24 мая ў Палацы культуры прайшоў выніковы канцэрт Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў.
У чароўны край дабрыні, шчырасці і любові – у край музыкі, – на некалькі гадзін адправіліся ўсе гледачы, сярод якіх былі настаўнікі і вучні.
Канцэрт адкрыў духавы аркестр пад кіраўніцтвам Валерыя Чычуліна.
Дырэктар школы Наталля Сліжова расказала пра вынікі навучальнага года. Важнай падзеяй для ўстановы стала адкрыццё камернай залы ў адноўленым будынку школы, дзе раней месцілася дзіцячая бібліятэка.
Са сцэны гучала музыка ў выкананні інструментальных і вакальных ансамбляў. Задору ў гэты вечар дабаўлялі заліхвацкія малодшыя шкаляры-танцоры, лаўрэаты харэаграфічнага фестывалю-конкурсу “Карагод сяброў”, што прайшоў у Клецку. Калектывам кіруе Людміла Крывашэя.
Пасля выступлення лаўрэта абласнога конкурсу выканаўцаў на струнных музычных інструментах у Маладзечне Мікіты Біслюка доўга не сціхалі апладысменты.
Паспеў палюбіцца публіцы ансамбль скрыпачоў “Камплімент”, заснаваны ў верасні 2010 года, якім кіруе Таццяна Жук.
З танцорамі старшай харэаграфічнай групы слухачы завочна пабывалі ў сонечай Італіі. Было так весела, што вядучы пусціўся ў скокі. Неаднойчы з залы даносіліся крыкі: “Брава”.
Фрагменты канцэрта для бацькоў ад 29 мая ў музычнай школе.
Вераніка КУДРЫНЕЦКАЯ.