Ці ёсць на Маладзечаншчыне месцы, дзе нараджаюць часцей, чым хаваюць? Якія хваробы найбольш прыводзяць да смерці жыхароў раёна?

Пра гэта расказвае намеснік галоўнага доктара па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы Іван Лужынскі.
Жыццё квітнее ў Чысці
Апошнія дзевяць гадоў дэмаграфічная сітуацыя ў Маладзечанскім раёне паляпшаецца − стала нараджацца на 230 дзяцей за год больш. Але смяротнасць усё роўна перавышае нараджальнасць.

Паводле статыстыкі атрымліваецца, што ў сярэднім штодзень на Маладзечаншчыне паміраюць пяць чалавек, а нараджаюцца чатыры. За мінулы год памерла на 410 чалавек больш, чым нарадзілася.

Чысцінскі сельсавет − адзіны ў раёне, дзе нараджальнасць большая за смяротнасць, прычым прыкладна ў два разы. А ў Радашкавіцкім сельсавеце прыкладна ў пяць разоў смяротнасць перавышае нараджальнасць.
Пры гэтым на Маладзечаншчыне з 2005 года людзей, якім за 80 гадоў, стала на чвэрць больш, а людзей пенсійнага ўзросту стала больш на 28%.
За перыяд з 2005 года смяротнасць у раёне знізілася на 15%. У 2011 годзе загінула на 200 чалавек менш, чым у 2005.
Кожнага другога падводзіць сэрца
Кожны другі чалавек у раёне памірае ад хваробаў сардэчна-сасудзістай сістэмы – гэта галоўная прычына смерці маладзечанцаў.

Такая тэндэнцыя існуе ва ўсім свеце. Дактары нагадваюць, што асабліва ўважлівымі павінны быць тыя, у каго павышаны ціск, хто мае павышаны ўзровень халестэрыну і лішнюю вагу.

– Як у нас ставяцца да павышанага ціску, узроўню халестэрыну? – разважае Іван Лужынскі. – Ну падумаеш, ціск і ціск. А потым здараюцца інсульты, інфаркты, і чалавеку ўсё цяжэй дапамагчы. У выніку хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы лідзіруюць у гэтым спісе.
На другім месцы – рак
Прычынай кожнай сёмай смерці стала злаякаснае новаўтварэнне, прычым гэта лічба павялічваецца.
− У прафілактыцы новаўтварэнняў галоў­нае − ранняе выяўленне, − гаворыць Іван Лужынскі. − Кожны ведае, што раз на год павінен прайсці флюараграфію. Яна можа выявіць не толькі туберкулёз, але і пух­ліну. Лёгкія − гэта орган, які не мае болевых рэцэптараў, таму чалавеку нічога не баліць на ранніх стадыях захворвання. А баліць тады, калі ўжо вельмі цяжка дапамагчы. Нашы пацыенты жывуць з ракам па 10-20 гадоў, калі своечасова звяртаюцца.
Не зусім ясна, ад чаго
На трэцім месцы − недакладна вызначаны стан і старасць. Да недакладна вызначаных станаў адносяць тыя выпадкі, калі няма адназначнага адказу: сам чалавек памёр ці яго забілі, ці гэта самазабойства. Гэтыя прычыны – у кожным восьмым выпадку.
Атручваюцца алкаголем
Кожны дзясяты памірае з-за знешніх прычын, гэта значыць, тых, якія не звязаныя са здароўем чалавека: няшчасныя выпадкі, атручэнні, траўмы. У гэтай групе  – 65% памерлых − людзі працаздольнага ўзросту, і ў 80% выпадкаў − мужчыны.
Сярод знешніх пры­чын смяротнасці каля 40% − атручэнні алкаголем. Крыху менш памірае людзей ў выніку самазабойства.
Замыкаюць спіс хваробы органаў стрававання, органаў дыхання, іншыя.

“Пра здароўе кожны павінны думаць сам”
Пра тое, як уплывае медыцына і сам чалавек на жыццё і здароўе, распавёў Іван Лужынскі.
− Кажуць, што ўсе хваробы ад нерваў, а як іх можна пра­духіліць?
− Кожны сутыкаўся з людзьмі, якім усё не так, яны на ўсіх крычаць. Гэта праява таго, што называюць “сіндромам эмацыйнага выгарання”, “сіндромам хранічнай стомленасці”. Гэта часта праяўляецца псіха­саматычна − пачынае нешта балець. Але праблема вынікае з парушэнняў цэнтральнай нервовай сістэмы. За курс лячэння лекі гэта карэктуюць. А калі гэта не лячыць, у чалавека насамрэч захварэе пэўны орган, і вылечыць гэта цяжка.
− У чым галоўная праблема таго, што хваробы прыводзяць да заўчаснай смерці?
− У нашых людзей такі падыход: “Пакуль я здаровы, нашто мне вітаміны, нашто мне мераць ціск, нашто правільна харчавацца”. Пра сваё здароўе кожны чалавек павінны думаць сам. І прыходзіць да доктара, як толькі пачне нешта непакоіць.
− Калі б беларусы былі багацейшыя, ці было б у нас менш праблем з нара­джаль­насцю?
− Штодзень у бальніцы ёсць 5-10 дзяцей, ад якіх адмаўляюцца бацькі, іх афармляюць у прытулкі. Дзяржава надае вялікую ўвагу нараджальнасці і ахове мацярынства і дзяцінства. Адным бацькам гэта дапамагае гадаваць дзяцей, але ёсць і тыя, хто не працуе і жыве за кошт дапамогі на дзяцей. На нараджальнасць наўрад ці ўплывае ўзровень матэрыяльнай забя­спечанасці.
− А ці ўплывае на нараджальнасць паляпшэнне меды­цын­скага аб­сталя­ван­ня?
− Што тычыцца магчымасцяў медыцыны па выходжванні немаўлят, то, безумоўна, за апошнія гады яны вельмі ўзраслі. Выходжваем дзяцей, якія нарадзіліся вагой 500 грамаў, гэта шчасце для бацькоў. У нас добрае абсталяванне, але бывае, што паталогію немагчыма выявіць у час цяжарнасці. Гэта цынічна гучыць, але ў выніку мы маем дастаткова высокі ўзровень дзіцячай інваліднасці.
Зоя ХРУЦКАЯ.