На рынку ўжо два тыдні прадаюць клубніцы, аднак гандляры прызнаюцца: самыя лепшыя першыя ягады многія прадалі мінскім перакупнікам.

Цяперпрадаюцца не горшыя, але тыя, што саспелі пазней. Таму ў пачатку сезона мясцовых ягад было няшмат.
За кілаграм добрых клубніц два тыдні таму перакупнікі прапаноўвалі 50-60 тысяч рублёў. Цяпер у гіпермаркеце ў Ждановічах кілаграм ягад абыдзецца крыху больш за 40 тысяч рублёў. У маладзечанскай краме цана спаўзае да 30 тысяч рублёў.
А ў гэты час на маладзечанскім рынку набыць ягады можна ад 10 да 25 тысяч рублёў за кілаграм. Пакупнікі кажуць, што трапляюцца кіслыя ягады, таму трэба ўмець выбіраць добрыя клубніцы, ведаць удалыя гатункі.

Кошт на клубніцы
—  на маладзечанскім рынку – 10-25 тысяч рублёў
—  у краме (клубніцы з Польшчы) – 30 тысяч рублёў
—  у гіпермаркеце ў Мінску (ягады са Ждановічаў) – 40 тысяч рублёў

Брэсцкія клубніцы ў Маладзечне купляюць ужо два тыдні. Буйныя аддаюць за 20 тысяч рублёў за кілаграм, дробныя – за 10 тысяч. Па іх стаяць вялікія чэргі, але пакупнікі кажуць, што яны лепш ідуць на варэнне ці кампот.
Іўеўскія ягады таксама танныя – ад 10 тысяч рублёў за кілаграм.
Мясцовыя ягады каштуюць ад 12 да 25 тысяч рублёў за кілаграм. Прывозяць іх з Насілава, Лебедзева, Краснага, многія выраслі ў агародах Маладзечна. Адна жанчына, напрыклад, гандлявала клубніцамі, якія вырасціла за агароджай каля самага рынку.
Пакупнікі адзначаюць, што ягады цяпер буйныя і салодкія, сама тое зараз есці. Праўда, калі пашанцуе з гатункам.
Гандлярка Тамара Уладзіміраўна з Насілава, напрыклад, разводзіць свае ягады 15 гадоў. Некалькі кусцікаў ёй прывёз зяць з Германіі, а цяпер у жанчыны засаджаная імі адна сотка зямлі. Клубніц хапае, каб накарміць унукаў, якія прыехалі пагасцяваць з Амерыкі, замарозіць на зіму, наварыць варэння, зрабіць віно і яшчэ трошкі прадаць. Кілаграм дачніца аддае за 18 тысяч рублёў.

Як выбраць добрыя клубніцы?

Разабрацца, як адрозніваць добрыя клубніцы ад дрэнных, дапамагла дачніца з Насілава з 20-гадовым стажам Таццяна Аўсюк.

1. Добрыя гатункі − Машачка, Лорд, Чырвоны бераг. Яны вельмі смачныя, але апошнія схільныя да сопкай расы. Адзін з лепшых − стары гатунак Вікторыя.
2. Клубніцы павінны быць буйныя, насычанага, але не вельмі цёмнага чырвонага колеру, мець форму трапецыі. Гатунак Лорд больш вузкі і падоўжаны, па форме таксама нагадвае трапецыю.
3. Ні ў якім разе не трэба купляць Жэневу. Гэтыя клубніцы зусім нясмачныя і вельмі дробныя. Садзяцца яны кусцікамі, не плятуцца. Кусты плоданосяць двойчы за сезон.
4. Але трэба ўлічваць, што добрыя клубніцы і добра каштуюць: пяцілітровае вядро ад 80 да 100 тысяч рублёў.

Даведка РГ. Сопкая раса – гэта грыбковае захворванне раслін, якое выклікаецца рознымі відамі мікраскапічных грыбоў − вонкавымі паразітамі.

Клубніцы нават адбельваюць зубы!

Лічыцца, што ў сезон трэба з’есці 5-6 кілаграмаў клубніц, каб яны дапамаглі павысіць імунітэт.
Перавага гэтых ягад разнастайная: яны карысныя і пры гэтым нізкакаларыйныя, іх раяць выкарыстоўваць у касметычных мэтах.

Фота wallplanet.ru

Па ўтрыманні вітаміну С клубніцы сярод іншых ягад саступаюць толькі чорным парэчкам. Яны добра дапамагаюць пры авітамінозе, іх выкарыстоўваюць для прафілактыкі прастуды і грыпу.
Многія прыгажуні робяць клубнічныя разгрузачныя дні. Выкарыстоўваюць іх у масках для твару, каб змякчыць скуру і палепшыць яе колер, і нават “чысцяць” ёй зубы, каб адбяліць эмаль.
– Як любы натуральны прадукт, клубніцы карысныя, але ў меру, – папярэдзіў намеснік галоўнага доктара па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы Іван Лужынскі. – У іх ёсць мікраэлементы, полісахарыды, вітаміны, у пэўнай колькасці – харчовыя валокны, якія садзейнічаюць страваванню. Галоўнае, каб не было нітратаў. Асаблівых супрацьпаказанняў клубніцы не маюць, акрамя алергіі.

Клубніцы можна смажыць

Клубніцамі можна аб’есціся, нават калі проста есці сырымі, але ўжо калі прыгатаваць з іх  клубнічны суп з цукрам і смятанай або вяршкамі ці падсмажыць – гэта проста аб’ядзенне!
А мы прапаноўваем дэсерт, якім можна здзівіць усіх аматараў салодкага.

Фота sedobno.ru

Спатрэбяцца 2 бананы, паўкілаграма клубніц, масла, цукровая пудра, чырвоны перац, марожанае.
Банан парэжце на 5-6 частак. На патэльні распусціце масла, пакладзіце бананы і абсмажце з двух бакоў да лёгкай румянай скарыначкі. Пакуль адкладзіце іх.
На патэльні зноў распусціце масла, пакладзіце парэзаныя на 2-4 часткі клубніцы. Дабаўце цукровую пудру. Важна акуратна пераварочваць клубніцы, каб яны не разваліліся.
У вазачкі для марожанага кладзём бананы, зверху клубніцы, якія трошкі пасыпаем чырвоным перцам. Потым выкладваем шарыкі марожанага. Іх можна паліць клубнічным соусам, што застаўся на патэльні.

Зоя ХРУЦКАЯ, Настасся РОЎДА.

Чытайце яшчэ на гэту тэму: А як сёлета з бульбай?