Вынікі тэставання сталі вядомыя сёння раніцай, 30 чэрвеня.

100 балаў са 100 магчымых атрымаў выпускнік мядзельскай гімназіі Віталь Балашка і выпускнік маладзечанскай сярэдняй школы №14 Кірыл Гамолка.

Кірыл Гамолка ў інтэрв’ю «РГ» расказаў: каб атрымаць 100 балаў на тэставанні па матэматыцы, матэматыку не трэба завучваць. Яе трэба разумець. Словы ўдзячнасці Кірыл выказаў сваёй настаўніцы матэматыкі Таццяне Васільеўне Гайшун. Па словах Кірыла, Таццяна Васільеўна ўмее і строга ставіцца да сваіх вучняў, і пажартаваць з імі.

Паступаць Кірыл збіраецца на мэнэджэра-эканаміста ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Віталь Балашка

Пра вынікі тэставання ў інтэрв’ю “РГ” паведаміў адказны сакратар пункта тэставання політэхнічнага каледжа Юры Скакоўскі.

Паводле яго слоў, у каледжы матэматыку здавалі 2 932 абітурыенты з усіх раёнаў нашага рэгіёна. Больш за 90 балаў набралі 9 абітурыентаў. Толькі 400 абітурыентаў набралі больш за 50 балаў. Адпаведна – 2532 чалавекі не перасягнулі 50-працэнтную планку.

21 абітурыент не выканаў правільна ніводнага задання – 0 балаў. Яны ў ліку тых, хто не дасягнуў 7-працэнтнага выніку. Усяго 251 абітурыент набраў менш за 7 балаў. Па правілах, якія цяпер дзейнічаюць у Беларусі, гэтыя людзі не маюць права паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота забяспечана Кірылам ГАМОЛКАМ і аддзелам адукацыі Мядзельскага райвыканкама.