Маладзечанская “Забудова” 1 ліпеня на сваім стадыёне ў 14 туры чэмпіянату Беларусі па футболе другой лігі не пакінула шансаў “Віцебску-2”. Мы выйгралі 3:1. Вось толькі мала забілі…

Нападаючы Аляксандр Працкевіч робіць хет-трык, абаронца Раман Шаўчэнка атакуе, а паўабаронца Дзмітры Касцюк не забівае пенальці…
Састаў “Забудовы”:
Шчэрба Антон (Сашчанка Канстанцін, выйшаў на замену на 46 хвіліне)
Шаўчэнка Раман
Альховік Аляксандр
Суман Павел (Бугай Юры, 79)
Макрыцкі Віталь
Смірноў Дзяніс (Шаблінскі Андрэй, 71)
Гармаза Ягор (Абановіч Віталь, 66)
Дараховіч Сяргей (Лавор Сяргей, 84)
Касцюк Дзмітры (Вышынскі Дзмітры, 58)
Талькоўскі Ігар (Грыхуцік Аляксандр, 68)
Працкевіч Аляксандр
Галы
Мы: Аляксандр Працкевіч (21 хвіліна). Аляксандр Працкевіч (48). Аляксандр Працкевіч (61).
Нам: Сямён Смунеў (54).
Перавага маладзечанцаў была неаспрэчная. Наш малады форвард Ігар Талькоўскі мог забіваць на 4  і 14 хвілінах матча, але не выкарыстаў свае моманты.
На 21 хвіліне пасля верхавой перадачы справа Аляксандр Працкевіч галавой забівае і адкрывае лік у матчы – 1:0.
Дзмітры Касцюк. Сам зарабіў пенальці – сам яго не забіў. Якія могуць быць крыўды? Момант здарыўся на 34 хвіліне. Сапернікі збілі Дзіму ў сваёй штрафной пляцоўцы, і суддзя справядліва паказаў на “кропку”. Касцюк біў сам, але галкіпер гасцей пасля ўдару Дзмітрыя выцягнуў мяч з правага ад сябе ніжняга вугла варот і перавёў яго на вуглавы.
Ацэнку аўтсайдэру чэмпіянату “Віцебску-2”, які займае апошняе месца ў турнірнай табліцы, даў нехта з балельшчыкаў. З трыбуны балельшчык выкрыкнуў: “Віцебск” нібы палонны”.
“Палоннага” “Віцебска-2” мы прадоўжылі атакаваць у другім тайме. На 48 хвіліне Працкевіч злева ўдарыў у далёкі вугал варот – і 2:0. Удар быў настолькі нечаканым для галкіпера віцябчан, что ён толькі развёў рукі ў бокі.
Меркаваць пра абсалютную перавагу нашай каманды можна хаця б па тым, што наш правы абаронца Раман Шаўчэнка больш часу праводзіў у атацы, чым у абароне ўласных варот.

Такая саманадзеянасць і прывяла да гола ў вароты “Забудовы”. Менавіта з зоны, за якую адказны Рома, на 54 хвіліне футбаліст віцябчан Сямён Смунеў скараціў лік. Ён проста закінуў мяч за каўнер нашага варатара Канстанціна Сашчанкі. Косця дацягнуўся ў скачку, крануў мяч, але гэтага аказалася недастаткова… 2:1.
Але трывогі за вынік не было. Мы атакавалі і забіваць маглі не адзін раз. Вельмі актыўным быў левы фланг паўабароны. Там спачатку напруджваў саперніка Ягор Гармаза, потым – Віталь Абановіч, які замяніў Ягора на 66 хвіліне.
Але яшчэ раней, на 61 хвіліне, свой хет-трык аформіў Працкевіч. Зноў жа пасля падачы справа Саша прыгожым ўдарам галавой адправіў мяч ў правую ад варатара дзявятку варот – 3:1.
Пасля трэцяга гола галоўны трэнер нашай каманды Аляксандр Гармаза на 71 хвіліне замяніў паўабаронцу Дзяніса Смірнова на нападаючага Андрэя Шаблінскага. І мы пачалі гуляць з трыма нападаючымі: Грыхуцік, Працкевіч, Шаблінскі.
Зрэшты, дывідэнтаў гэта не прынясло. Ды і навошта? 3:1 – дастаткова. Рэалізацыя момантаў толькі непакоіць…
Пасля 14 тураў займаем сёмае месца ў турнірнай табліцы. Маем 9 перамог, 5 паражэнняў і ніводнай нічыі. 27 ачкоў. Да першага месца не так і многа. Усяго 9 ачкоў…
Гульню наступнага, 15, тура праводзім у Дзяржынску. 7 ліпеня едзем да “Лівадзіі”. “Лівадзія” мае 13 ачкоў і займае 15 месца.
Сяргей ЗЯНЬКО.
Фота Сяргея ЗЯНЬКО.