Маёй прабабулі, Сівец Ганне Фёдараўне, ёсць што расказаць сваім унукам і праўнукам пра тую страшную вайну, якая чорным крылом закранула і нашу сям’ю.

Нарадзілася яна ў вёсцы Студзёнкі, што на Вілейшчыне. У сям’і было шасцёра дзяцей, жылі дружна. Лёс склаўся так, што ў сем гадоў мая баба Ганна (так я яе называю) засталася без бацькоў. Засталіся старэйшыя сёстры: Марыя, Анастасія, Соф’я, у якіх з’явіліся сем’і. Старэйшы брат Мікалай ажаніўся і пераехаў у Расію. А мая прабабуля засталася з малодшым братам  Косцем. Займалася і мужчынскай, і жаночай працай: касіла, жала, хадзіла за плугам.

Нягледзячы на свой узрост, а ёй цяпер 102 гады, у яе выдатная памяць. Памятае ўсё да дробязяў. А калі гаворка заходзіць пра вайну, яна ціха прыгаворвае:

– Што ж нарабіла гэтая жудасная вайна… Не дай бог, каб яна паўтарылася. Колькі лёсаў скалечыла…

Бабуля дакладна памятае, як пачыналася Вялікая Айчынная вайна.

Толькі-толькі надыходзіла раніца 22 чэрвеня 1941 года. Вёска Студзёнкі паціху ажывала. Брат Мікалай, які прыехаў да нас з Расіі ў госці, пайшоў у сельсавет. Вярнуўся вельмі хутка, змяніўшыся з твару.

– Сёстры, вайна, немец на нас напаў, – сказаў ён дрыжачым голасам.

Усе мы застылі, здавалася, што ў гэты момант зямлі не стала пад нагамі. А калі прыйшлі ў сябе,  пачалі крычаць і плакаць. Абдымаліся, цалаваліся, як быццам развітваліся назаўсёды.

– Сястрычкі, вы ратуйцеся, а я іду вас абараняць. Схавайце мае кнігі, сшыткі, захавайце ўсё, – гэта была просьба брата.

Праводзілі мы яго, доўга плакалі і махалі рукой. А я, калі вярнулася дадому, пайшла закопваць кнігі, сшыткі брата. Ён быў вельмі адукаваны.

А праз некалькі дзён фашысцкія самалёты ўжо кружылі над Вілейкай, Любанню, Куранцам.

Чорнай хмарай уварваліся немцы ў нашу вёску Студзёнкі. Забіралі курэй, гусей, яйкі, малако. Мы ўсе страшна баяліся. Але немец яшчэ не так моцна лютаваў. А вось калі адступалі ў 1944, то вычварэнцы сябе паказалі. Палілі ўсё на сваім шляху, забівалі мірных жыхароў, вешалі іх. Адных палілі зажыва ў хлявах і паветках. Так расправіліся з Максімам Гардзеем, Уладзімірам Паўловічам. Іншых вывозілі невядома куды. Перапалоханыя, мы бегалі па вёсцы з канца ў канец, шукалі месца, дзе можна схавацца. Атрымалася адбегчы да балота. Пэўны час былі там без ежы і вады.

Потым атрымалася схавацца ў лесе. Елі траву, пілі смярдзючую ваду з канавы. Жылі так больш за месяц, пакуль не прыйшлі нашы. Разам з намі былі Мікалай Кезік, Ганна Гардзей, сям’я Макарэвічаў і іншыя землякі.

Немагчыма забыць, як расстрэльвалі палонных салдат (калі прабабуля ўзгадвае гэта, яна плача, выціраючы ражком хусткі слёзы). Калону ваеннапалонных вялі праз усю вёску. Мы стараліся кінуць ім кавалак хлеба ці бульбіну. Многія з іх падалі і больш не ўставалі. Па дарозе на Куранец іх прымусілі рыць яму, на краі якой і расстралялі.

Сама прабабуля шмат перажыла, але ніколі не падала духам. Іншы раз, здавалася, яна трымалася з апошніх сіл. Яшчэ і больш слабых падтрымлівала, як магла, дапамагала салдатам.

Вайна заканчвалася, а брат Мікалай так і не вяртаўся. Прабабуля кожны дзень выходзіла за вёску, туды, дзе некалі яго праводзіла, і галасіла. За ўсе гады вайны ад яго не было ні слоўца. Пайшоў і нібы знік… Як жа пасля вайны яго чакалі, шукалі, чапляліся за кожную нітачку, але ўсе яны бясследна абрываліся: “Прапаў без вестак”.

І толькі ў 2009 годзе дзякуючы пошукавай дзейнасці клуба “Пошук” на базе СШ №5 Маладзечна мы знайшлі месца пахавання Мікалая.
Аказалася, што яго магіла непадалёк ад роднай вёскі. Як мы потым высветлілі, ён быў сярод тых, каго расстралялі фашысты на вачах прабабулі.

Даведаліся, што ён быў у партызанах. Мы ўсёй сям’ёй плакалі на брацкай магіле ў Куранцы. Штогод ездзім туды, каб памянуць дарагога нам чалавека. Больш нічога пра яго лёс мы не ведаем. Таксама нічога невядома і пра лёс яго сына Мікалая, які ў 16 гадоў загінуў на фронце.

Пасля вайны баба Ганна сустрэла каханага – Пятра. Нядоўга радаваліся яны шчасцю: праз чатыры гады яго не стала. Усе гэтыя гады не давалі спакою баявыя раны…

 

  Гэтыя ўспаміны запісала вучаніца 9 класа маладзечанскай СШ №5 Наталля МАНДРЫК са слоў сваёй прабабулі  Ганны Сівец, якой цяпер 102 гады.