Кастусь Харашэвіч разам з мастачкай Ядвігай Раздзялоўскай зрабіў Маладзечна мастакоўскім горадам. Напісаў кнігу успамінаў, па якіх бачыш, як жылі людзі яго пакалення. Праз гісторыю сваіх карцін ён распавядаў шмат новага і для чытачоў “РГ”.

Цяпер Кастусь Іванавіч на лецішчы, як і штогод у цёплы перыяд. Тут у яго таксама ёсць выстава – у адной з гаспадарчых пабудоў ён паставіў стэнды з фотаздымкамі сваіх карцін. Суседзі прыходзяць сюды самі, прыводзяць сваіх дзетак на экскурсію, якую праводзіць сам творца. Могуць на свае вочы пабачыць, як мастак стварае карціны – некалькі копій сваіх твораў ён дапрацоўвае тут.
Яго радуе, калі выпадаюць не вельмі гарачыя дзянькі, цешыць, што творы апошніх гадоў застануцца ў музеі імя Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне і Мінскім абласным краязнаўчым музеі. Засмучае, што зараз усе гавораць пра сына спевака Філіпа Кіркорава. Абурае, што не чуе ў горадзе беларускую мову. “У кожнага будзе такі перыяд, як у мяне цяпер”, – гаворыць мастак.
Вялікая гутарка з Кастусём Харашэвічам была ў  “РГ” у верасні 2010 года. А вось што яшчэ расказаў старэйшы мастак горада?
– Ці думаецца вам, што ў вас было б больш магчымасцяў, калі б маглі вучыцца маляванню з дзяцінства?
– Ведаеце, я вам так скажу, што магло быць, а што атрымалася. Вельмі позна я дазнаўся пра выяўленчае мастацтва. Да 20 год не бачыў ніводнага твора. Даваенны час, вайна, першыя гады пасля вайны – было не да навучання творчасці. Толькі ў 1947 годзе ў Мінску я ўбачыў на выставе твор. З таго часу нешта ўва мне заварушылася, а дагэтуль я цікавіўся літаратурай. Вучобу атрымаць змог толькі ў 31 год. У 27 паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, правучыўся 4 гады.
Рафаэль і Ван Гог памерлі ў 37. Я пачаў інтэнсіўна працаваць у выяўленчым мастацтве тады, калі многія мастакі ўжо заканчвалі. Канешне, каб я спазнаў мастацкую навуку ў юнацтве, вынікі былі б іншыя.
Але разам з тым мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч кажа, што добра, што ў інстытуце не адвучыўся, бо захаваў самабытнасць.
– Чаму цяпер у Беларусі няма такой нацыянальнай школы, якая магла б па моцы раўняцца з Маладзечанскай гандлёвай?
– А чаму ў Беларусі знікае беларуская мова? Я ж не магу ўзяць на сябе адказнасць і выступіць у ролі палітолага. Мне гэта не выпадае. Зразумела, што рэферэндум аб двухмоўі зрабіў сваю справу. Са мной нядаўна па-беларуску не хацелі гаварыць у беларускамоўнай школе. Я звярнуўся да дзяўчыны, а яна адказвае: “А я на белорусском не понимаю”. Гэта з майго досведу, таму і гавару.
А наконт Гандлёвай школы – і сам дырэктар Барыс Кіт, якому цяпер 102 гады і жыве ён у Германіі, і большасць настаўнікаў былі сапраўднымі нацыянальна ары-ентаванымі беларусамі – заходнікамі. А ў Заходняй Беларусі ўся вёска гаварыла па-беларуску. Ды яшчэ Браніслаў Тарашкевіч сваёй “Грамадой”, у якой удзельнічалі і мае бацькі, так узняў нацыянальны дух!

Барыс Кіт, намаляваны Кастусём Харашэвічам.

Для выкладчыкаў Гандлёвай школы тое, як яны працавалі, было натуральным. У мяне ёсць твор, прысвечаны маім настаўнікам ­– Барысу Кіту, Янку Давідовічу і Георгу Вяршыцкаму. Усе яны выраслі ў Заходняй Беларусі. І ў час вайны проста выкарысталі магчымасць, каб распаўсюдзіць асвету. Кіт жа сказаў, што нічым нельга апраўдаць: ні вайной, ні чым іншым, каб беларуская моладзь засталася неадукаванай.
А школы былі не толькі ў Маладзечне: у Вілейцы, у Валожыне, у Смаргонях. Але ж і сямігодка, у якой я вучыўся, таксама была беларуская. За што ўсе настаўнікі, якія працавалі падчас акупацыі, потым зведалі не вельмі аддаленыя месцы.

Харашэвіч каля “Кастуся Каліноўскага”.

– Для вас асабліва дарагі твор “Кастусь Каліноўскі”. Вы казалі, што на карціне намаляваныя толькі змагары, але супраць каго ці чаго яны змагаюцца, гэта для кожнага асабістае. Супраць каго ён змагаецца для вас?
– Я не першы маляваў Каліноўскага. Ён быў паказаны і як аратар, і сярод паўстанцаў. Разумееце, можна сказаць, супраць каго ён змагаўся, гэта агульнавядома. Тут гісторыя зрабіла сваю справу. Можна падысці і з іншага боку: гэта вобраз змагара, які заклікае змагацца з сабой, супраць сваёй уласнай несвядомасці. Але мне больш падабаецца думаць, што ён змагаецца не супраць, а за. За Беларусь, за нацыянальную свядомасць, за каштоўнасці.
Цешыць тое, што мае апошнія работы забірае Мінскі абласны краязнаўчы музей і музей імя Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне. “Кастусь Каліноўскі” будзе ў тым жа пакоі, дзе партрэт Янкі Купалы.
– Не магу не спытацца, чаму  на вашых творах так шмат чорнага?
– Вось глядзіце. Твор “Беларуская Галгофа. Павел Валошын, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Браніслаў Тарашкевіч, Пятро Мятла”. Ну, як жа я магу намаляваць іх стракатымі ці светлымі фарбамі? Хіба магу па-іншаму маляваць на тэмы, якія я ўздымаю?

“Беларуская Галгофа. Павел Валошын, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Браніслаў Тарашкевіч, Пятро Мятла”

“Чорны воран. У Сібір”.

Ці, напрыклад, “Чорны воран. У Сібір”. У суровую зіму 1940 года службоўцы забралі сям’ю дзядзькі Банадыся, ён жыў у Лужанах Валожынскага раёна. Вывезлі за Урал за тое, што працаваў лесніком у пана Чайкіна. Аднавяскоўцы бачылі, як да іх прыехаў “Чорны воран”. Павялі па снезе дваіх дарослых і траіх дзяцей. І раптам немаўля, якое несла маці, выслізнула і голенькае ўпала ў снег . Я і сёння ўяўляю, як гэта было.
Але прычына не толькі ў тэмах маіх твораў. Магчыма, паўплывала тое, у які час я жыў, жыццё не было лёгкім. Усё, што было вакол мяне, уплывала на асобу. Зразумейце – я такі! Таму малюю чорным.
Дарэчы, чорнага і белага ў жывапісе няма, гэта сумесь іншых колераў. Проста атрымліваецца, быццам чорны. Многія адзначаюць у мяне не толькі чорны колер, але і гушчыню мазкоў. У мяне ёсць карціны, якія ледзь падымеш. Гэта таму, што я малюю алеем. Такую карціну можна маляваць гадамі, пастаянна нешта выпраўляючы, слой за слоем. Акварэль гэтага не дазваляе. Як толькі нешта не так – працу выкідаеш.
Але за якасць алейнай карціны мастак расплачваецца: гэта шкодныя фарбы. Многія творцы адчулі гэта на сваім здароўі.
–    Ці праўда, што ваш бацька памятаў Троцкага?
–    У час Першай сусветнай вайны каля Крэва праходзіў фронт. Сапраўды, Троцкі ездзіў па прыфрантавой тэрыторыі з агітацыйнымі выступленнямі. Так сказаць, ездзілі “братацца”. А мой бацька Янка Харашэвіч быў чырвонаармейцам, таму бачыў такое выступленне.
Але ж ён вырас у Заходняй Беларусі, і беларуская мова, песні, усё гэта было сваім. З маці, Веранікай Харашэвіч, ён якраз і пазнаёміўся ў той час, калі поўным ходам ішла культуралагічная адраджэнцкая праца, якую распачала “Грамада” Тарашкевіча. Таму дома я заўсёды чуў вершы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча.
Калі мы пераехалі ў Гарадзілава, яшчэ да вайны, бацька адкрыў там краму. Ён не займаўся падпольнай дзейнасцю, але да яго часта прыходзілі тыя, хто меў сувязь з савецкім падполлем. Калі б нехта хадзіў пастаянна ў хату, гэта б выклікала падазрэнне, а так у краму ж кожны можа прыйсці, таму яго не падазравалі. Праз яго, напрыклад, перадавалі газету “Звязда”, з’явілася яна і ў нашай хаце.
Бацькі як маглі стараліся парадаваць дзяцей. Бацька заўсёды прывозіў нешта з Вільні – аловак ці пернік. Нават у вайну ў нас была ёлка. Цацкі дзеці самі рабілі – ляпілі з хлебнага цеста. І гэта была самая прыгожая ёлка!
– Вы разам з мастачкай Ядвігай Раздзялоўскай зрабілі Маладзечна мастакоўскім. Ці знікла гэта? Ці можна назваць сённяшні горад мастакоўскім?
– Мы арганізавалі студыю, я кіраваў аддзяленнем выяўленчага мастацтва, а Ядвіга – дэкаратыўна-прыкладным. Збіраліся з мастакамі ў майстэрні. У Маладзечне было столькі сяброў Саюза мастакоў, колькі было толькі ў абласных гарадах. Усе дзівіліся, як так атрымалася. Хацелі зрабіць абласное аддзяленне Саюза мастакоў менавіта ў нас. А якія размовы былі, вечары!
А чаму гэтага цяпер няма? Няма той майстэрні, няма нейкага цэнтра. Ды і наогул, хто цяпер з моладзі пойдзе на выставу глядзець грунтоўны мастацкі твор, у якім ёсць грамадзянская ідэя? Як ляжаў у бальніцы, усе маладыя гулялі са сваімі тэлефонамі, амаль нікога не відаць з кнігай. Ніхто не абмяркоўвае нешта гістарычнае. Затое ўсіх зараз цікавіць, што ў Кіркорава нарадзіўся сын. Чаму так?
Хто купіць рэалістычны твор на сумную тэму? Нашто яе вешаць у кватэры, каб засмучала? Людзям падабаюцца дызайнерскія лёгкія карціны, якія дораць аптымізм. Усе глядзяць тэлевізар. Гэта таксама мастацтва ў пэўным сэнсе, але не тое, якое застаецца ў вечнасці.

Тут мастак працуе, калі на лецішчы, побач – стэнды са здымкамі яго твораў. Суседзі прыходзяць з дзеткамі да яго на экскурсію.

Што гавораць пра Кастуся Харашэвіча тыя, хто з ім знаёмы

Святлана Ціс, дырэктар музея імя Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне, у якім размешчаная персанальная галерэя Кастуся Харашэвіча:
– Гэта выключна цікавы чалавек, пры гэтым малады душой. Ён кажа, што калі ў дзень не прачытае хаця б 20 старонак добрага тэксту, то ён гэты дзень і не жыў. Гэта пры яго здароўі і ўзросце! Год таму, калі мы рыхтавалі экспазіцыю, абмяркоўвалі, як яму даехаць сюды. А ён кажа, што тры кіламетры і пешшу пройдзе. Такі дух у чалавека.
Мікола Аўчыннікаў, мастак:
– Ведаеце, унікальныя людзі – вельмі рэдкая з’ява. Менавіта з Кастуся Харашэвіча і пачалося адраджэнне мастацтва на Маладзечаншчыне. У яго атрымалася стаць такой постаццю дзякуючы таму, што быў самабытны, меў уласны погляд на ўсё. Ён займаўся толькі тым, што адчуваў. Вы не знойдзеце ў яго працах нейкіх кветачак ці ружовы захад сонца. Ён, як ніхто іншы, паказаў 20-е стагоддзе, Заходнюю Беларусь, вёску. Кажуць, што яго мастацтва натуральнае. Ніколі ў яго творах не бачыў фальшы. Нядаўна быў на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі, і сярод твораў на тэму 20-га стагоддзя вылучаецца карціна Харашэвіча. Яна выдзяляецца напругай. Шчыра хачу пажадаць яму здароўя. І не толькі яму, але і яго жонцы Надзеі Рыгораўне, якая так яму дапамагае. Традыцыйна 6 ліпеня мы сустракаемся ў яго на лецішчы, гэта заўсёды вельмі прыемная сустрэча.

Даведка “РГ”. Кастусь Харашэвіч. Мастак. Нарадзіўся 6 ліпеня 1927 года ў вёсцы Літва Маладзечанскага раёна. У 1958 закончыў Мінскае мастацкае вучылішча. Разам з мастачкай Ядвігай Раздзялоўскай стаў стваральнікам студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Напісаў кнігу ўспамінаў “Зведанае і перажытае”. Яго работы захоўваюцца ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі, фондах Нацыянальнага мастацкага музея, Музеі сучаснага беларускага мастацтва, Беларускай нацыянальнай бібліятэцы ў Лондане і многіх калекцыях. Яго імя ўнесенае ў сусветную энцыклапедыю сучаснага мастацтва. Персанальную галерэю Кастуся Харашэвіча можна пабачыць у музеі імя Янкі Купалы ў вёсцы Яхімоўшчына Маладзечанскага раёна.

“Вялікдзень”.

“Інтэр’ер з калаўротам”.

“Дарогі майго юнацтва”.

“Раскіданае гняздо”.

Зоя ХРУЦКАЯ.