«Пачынаючы з 1 ліпеня 2012 года экспартныя ліцэнзіі даюцца ААТ «Верхнядзвінскі масласыраробны завод», СП «Санта Брэмар», ААТ «Бярозаўскі сыраробны камбінат» і ААТ «Савушкаў прадукт». У 2009—2011 гадах на гэтых прадпрыемствах еўрапейскія эксперты арганізавалі некалькі сур’ёзных праверак і правялі атэстацыю на адпаведнасць кампаній нормам ЕС па бяспецы харчовых прадуктаў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Неабходна адзначыць, што тры з чатырох кампаній, якія атрымалі допуск на малочны рынак ЕС, маюць дачыненне да бізнесмена Аляксандра Машэнскага: «Санта Брэмар» і «Савушкаў прадукт» з’яўляюцца асноўнымі актывамі Машэнскага, таксама прадстаўлены яго інтарэс і ў Бярозаўскім сыраробным камбінаце.

Цікава, што яшчэ пару тыдняў таму Машэнскаму прадказвалі траплянне ў «чорны» спіс ЕС. Напрыклад, друкаваны орган Еўрасаюза выданне EUobserver называў брэсцкага бізнесмена сярод тых, каго могуць закрануць санкцыі, паколькі Машэнскі «адыграў важную ролю ў кампаніі Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года і стаў трэцім па ўплывовасці алігархам пасля Пефціева і Чыжа». У 2010 годзе бізнесмен уваходзіў у лік давераных асоб кандыдата ў прэзідэнты  Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандр Ванковіч, БелаПАН.

Фота Bymedia.net