Жыхары горада некалькі месяцаў дабіваліся карэкціроўкі руху аўтобусаў. Калі расклад падкарэктавалі, аказалася, што маладзечанцам гэта амаль не дапамагло.

Ці зручны расклад аўтобусаў?
Маладзечанка Валянціна Паснічэнка звярнулася ў рэдакцыю “РГ” са скаргай на нязручны маршрут аўтобусаў. Яна і многія яе знаёмыя працуюць каля сталіцы і  дабіраюцца з працы дадому электрычкай. А аўтобусы, на якіх яны маглі б даехаць ад вакзала да вуліцы Хмяльніцкага, Будаўнікоў, Міру, Скарыны, ад’язджаюць за некалькі хвілін да прыбыцця электрычкі паўпустыя. Таму людзям даводзіцца чакаць амаль гадзіну, пакуль прыедуць наступныя.
Жанчына абуралася, чаму аўтапарк не можа пусціць нейкі з аўтобусаў – №9, №3, №10, №6а – так, каб яна і яе знаёмыя маглі на яго трапіць.
Дырэктар аўтапарка №4 Яўстафій Каравай адказаў на скаргу, што ад 1 ліпеня аўтобус №6а па выхадных і святочных днях будзе ад’язджаць ад прыпынку “Вакзал” не ў 21.10, а ў 21.20. Разам з тым рух электрычак таксама змяніўся – цягнік з Мінска па “летнім” раскладзе прыбывае не ў 21.06, а ў 21.13.
– Што мне тыя выхадныя! – абураецца Валянціна Паснічэнка. – Калі аўтобус своечасова прыедзе, мы на яго паспеем, даедзем дадому, але хіба я толькі ў выхадныя і святы працую? Надта ўжо маленькі гэта крок нам насустрач. Восень хутка, зіма, холад жа, гадзіну стаяць зноў! Ну, няўжо адзін аўтобус нельга пусціць на 10 хвілін пазней па рабочых днях?

Аказваецца, пакуль сапраўды нельга. Таму што якраз у гэты час ў кіроўцаў другой змены абед. Кіроўца маршруту №9 абедае ў 21.00-22.00, маршруту №10 – 20.14-21.02.

Яўстафій Каравай тлумачыць, што маршрут №10 спланаваны так, каб на яго патрапілі пасажыры, якія прыбываюць апошнімі электрычкамі і прыгараднымі цягнікамі.
У Маладзечне могуць з’явіцца кампостары
– Не хапае ні кандуктараў, ні кіроўцаў, – адразу ж гаворыць адзін з кіроўцаў аўтапарка №4. – Вось нядаўна чарговы звольніўся. Сыходзяць нават не з-за заробку: цяжка ездзіць па графіку, кожны ж аўтобус па-рознаму едзе, трэба падымацца рана. Кандуктараў не хапае, таму просяць часам прадаваць білеты самому. А як прадаваць, калі і так у расклад не ўкладваешся, ці стаяць некалькі хвілін на кожным прыпынку і спазняцца невядома на колькі, ці ехаць, лічыць грошы і не глядзець на дарогу? Што мне важней? Безумоўна, бяспека пасажыраў. Стараешся ўкласціся ў графік, але гэта проста нерэальна часам, асабліва раніцай, пасажыры злуюцца, а хто вінаваты? Вадзіцель і кандуктар, калі тая ёсць. Вінаватыя ва ўсім: што ў аўтобусе нехта насмеціў, што білеты даражэюць, што ў салоне горача ці холадна, што ад нейкага пасажыра смярдзіць. Кожны дзень скардзяцца.
Кіроўца працуе па графіку ў дзве змены. Першая пачынаецца прыкладна а пятай гадзіне раніцы і доўжыцца да 14-15 гадзін. Другая ад абеду доўжыцца да апоўначы – канкрэтны час працы залежыць ад маршруту аўтобуса. А заробак залежыць ад таго, колькі гадзін чалавек адпрацуе.
– Так, у аўтапарку сапраўды не хапае кіроўцаў і кандуктараў, – распавядае Яўстафій Каравай. – А дзе хапае работнікаў? Вы ж самі бачыце паўсюль аб’явы “Патрабуецца”. Можа, гэта і правільна, але цяпер маладыя людзі цікавяцца не тым, якая ў іх праца, а які заробак, калі выхадныя. У нас не кожны можа працаваць. Праблема існуе, але мы яе вырашаем. Вось паднялі зарплату. Цяпер кандуктары зарабляюць ад 2,5 мільёна рублёў, лепшыя з іх – 4-4,5 мільёна. Я схіляю галаву перад гэтымі людзьмі, якія працуюць і ў спёку, і ў холад, на скаргі адказваюць пасажырам. Безумоўна, з нашага боку ёсць недапрацоўкі, мы просім за гэта прабачэнне. Але і пасажыры часам дадаюць нам клопату. Няхай прыйдуць і паглядзяць, як у нас людзі працуюць. Ці змаглі б яны так?

Цяпер аўтапарку не хапае 6-7 кандуктараў. Як тлумачыць дырэктар арганізацыі, іх недахоп звязаны з  перыядам адпачынкаў, некаторыя жанчыны ідуць у дэкрэтны. Здараецца, што некалькі кандуктараў захворваюць адначасова. Калі работнікаў не набяруць, то ў некаторых аўтобусах усталююць кампостары.

– Для ўстойлівай працы аўтапарку патрэбны яшчэ 10-12 кіроўцаў, – тлумачыць Яўстафій Каравай. – Іх заробак – прыкладна 3,5-6 мільёнаў рублёў, усё залежыць ад таго, якой была нагрузка. Многія працуюць да 12 гадзін у дзень, адпаведна, і зарабляюць больш.
Многія кіроўцы звальняюцца, і часта яны ўладкоўваюцца таксама кіроўцамі, але ў іншую арганізацыю і возяць грузы па Беларусі ці за мяжу.
Вазіць людзей няма каму?
Пра свае заробкі нам распавялі кіроўцы розных арганізацый. Параўнаем іх заробкі. Кіроўца аўтапарка ў Маладзечне атрымлівае 3,5-6 мільёнаў рублёў за месяц, у Смаргоні – таксама ад 3,5 мільёна рублёў, а ў Мінску – ад 4 мільёнаў рублёў.
Кіроўца катэгорыі “С”, які працуе ў Маладзечне на дзяржаўным прадпрыемстве, напрыклад, развозіць будаўнічыя матэрыялы, зарабляе 2,5-3 мільёны рублёў.
Грузаперавозчык, якога наймае маладзечанская арганізацыя працаваць на фуры, зарабляе ад 4 да 10 мільёнаў рублёў. Праўда, каб зарабіць 10 мільёнаў рублёў у месяц, чалавек мусіць ледзь не жыць у машыне. Калі грузаперавозчык працуе на замежную арганізацыю, напрыклад, літоўскую, ён мае заробак ад 8 мільёнаў рублёў.
За перавозку грузу вагой да 4 тон у Гродна грузаперавозчык мае прыкладна 1,2 мільёна рублёў. Грузаперавозчык атрымлівае заробак, які мае кіроўца аўтапарка, за 3-5 рэйсаў у Гродна. Вось і атрымліваецца, што вазіць людзей няма каму.
Хто колькі зарабляе
Кіроўца аўтобуса ў Мінску – ад 4 мільёнаў
Кіроўца аўтобуса ў Смаргоні – ад 3,5 мільёна
Кіроўца аўтобуса ў Маладзечне – 3,5-6 мільёнаў
Кіроўца дзяржаўных прадпрыемтваў, які развозіць груз Маладзечне, – 2,5-3,5 мільёны рублёў
Завезці груз вагой да 4 тон у Гродна – 1,2 мільёна
Грузаперавозчык, які працуе на фуры на мясцовую арганізацыю, – 4-10 мільёнаў рублёў
Грузаперавозчык, які працуе на фуры на замежную арганізацыю, – ад 8 мільёнаў рублёў.

Зоя ХРУЦКАЯ.
Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

Чытайце яшчэ на гэту тэму: У мікрараён Усходні аўтобусам цяжка даехаць