Як паведамляе прэс-служба Міністэрства эканомікі, ужо поўнасцю завершана будаўніцтва падмурка і пастаўлена ўсё неабходнае абсталяванне для лініі выпуску драўнянастружачных пліт (1-ы этап праекта). Актыўна ідзе праца па майстраванні пляцовак, праездаў і іншых аб’ектаў інфраструктуры: водазабеспячэння, каналізацыі, электразабеспячэння.
Колькасць падрадных будаўнікоў на аб’екце дасягнула 500 чалавек.
Афіцыйна ў ЗТАА “Кронаспан” працаўладкавана ўжо 150 чалавек. Набор і навучанне персаналу працягваецца.
Па стане на 1 ліпеня 2012 года інвестарам укладзена 967,4 млрд. рублёў інвестыцый у асноўны капітал за кошт замежных крыніц.
Увод у эксплуатацыю першага завода запланаваны на жнівень 2012 года.
Па выніках наведвання 23 мая 2012 года новабудоўлі прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам Міністэрства эканомікі сумесна з Міністэрствам прамысловасці і іншымі зацікаўленымі ведамствамі распрацоўвае праект нарматыўнага прававога акта аб магчымасці выдзялення інвестару дадатковага зямельнага ўчастка плошчай 22 га з адначасовай рэканструкцыяй і пераносам часткі дзейнай вытворчасці РУП “Смаргонскі агрэгатны завод” (за кошт кампаніі “Кронаспан”).
Паралельна інвестар працягвае актыўныя пошукі зручнай пляцоўкі для будаўніцтва лагістычнага цэнтра для арганізацыі экспарту драўняна-плітачнай прадукцыі.
У цэлым, паводле ацэнак кампаніі “Кронаспан”, у праекты ў Беларусі будзе інвеставана не менш як 500 млн. долараў ЗША.
Фота http://ust.by
Марына Носава, БелаПАН.