– Дваццаць чалавек прынялі ў ім удзел, што для пешага паходу вельмі многа. Звычайна адпраўляюцца 10-12, – распавяла ў інтэрв’ю “РГ” Іна.
Дабіраліся аматары турызму спачатку на цягніку, затым на аўтобусе, пасля пераселі на аўтамабіль. Актыўная частка паходу – непасрэдна само ўзыходжанне – праходзіла з 24 чэрвеня па 6 ліпеня. Першапачаткова планаваўся паход другой катэгорыі складанасці, аднак з-за надвор’я на Каўказе – туманы, дажджы – катэгорыю змянілі на першую. Яны адрозніваюцца розным характарам перашкод і кіламетражам. Замест 120 кіламетраў было асвоена 100.

– Мы праходзілі перавалы, уброд горныя рэкі. Вядома, мелі адмысловы страховачны рыштунак – альпенштокі. Яны выкарыстоўваюцца для уздымаў і спускаў, і абавязковыя пры ўзыходжанні, – падзялілася Іна.
На жаль, страхоўка дапамагае не заўсёды. Аднак гэты паход прайшоў добра: яго ўдзельнікі зарабілі толькі пацёртасці, мазалі. Адзін атрымаў расцяжэнне звязак, але з маршруту не сышоў. Выйшаў невялікі промах з адзеннем: цёплыя рэчы турысты ўзялі, аднак усяго не прадугледзелі. Толькі гэта не перашкодзіла ім падняцца на вышыню 2810 метраў.
– Часам мы падымаліся і вышэй: напрыклад, на вяршыню Эльбруса – 5642 метры, – успамінае кіраўнік паходу. – Але калі ўлічыць тое, што ў нас у камандзе было шэсць пачаткоўцаў, мы дасягнулі многага.
Па словах Іны, новым людзям заўсёды дапамагаюць дасведчаныя “старажылы” гор. Узаемавыручка, дапамога, безумоўна, прысутнічаюць у гарах.

– Турызм – камандны від спорту. Ды і практыкуецца папулярны ва ўзыходжанні прыём “рух па тэмпу слабага”. Пачаткоўцы знаходзяцца ў сярэдзіне, першы і апошні ўдзельнікі паходу – людзі дасведчаныя. Часам у канцы аказваюцца і фатографы.
Новенькіх прымаюць у каманду незвычайным спосабам. Пасвячаюць “у сваіх” амаль у канцы маршруту, калі людзі яшчэ ў гарах. Праводзяцца жартоўныя спаборніцтвы. Да прыкладу, новыя ўдзельнікі калектыву вучацца ўкладваць правільна рэчы ў заплечнік, прыдумваюць сімвал паходу. У канцы іх віншуюць, даюць невялікія сюрпрызы. У гэтым годзе былі значкі.
Любы адносна здаровы чалавек можа пайсці ў горы. З дзецьмі да 14 гадоў абавязкова ідуць бацькі. З 14 да 18 гадоў падлеткі могуць ўзбірацца на вяршыні самастойна, аднак толькі са згоды бацькоў.
Іна усміхаецца:
“Мой сын у 6 гадоў прайшоў свой першы маршрут у жыцці”.

Жанчына адмаўляе ў прыняцці ў тургрупу толькі па стане здароўя. Паводле яе слоў, немагчыма пазбавіць чалавека права на агляд гор. “А поўнач-захад Каўказа – гэта наогул дзівосна прыгожыя месцы! Там вельмі многа азёр, берагі якіх зліваюцца з межамі гор. Ёсць шмат вадаспадаў: малакаскадных і каскадных, велічынёй да 200 метраў. Перавага і ў тым, што там малалюдна. Усяго адну групу сустрэлі, калі ішлі “.
Іншая справа – фінансавае пытанне, якое ўплывае на адток турыстаў. Напрыклад, узыходжанне ў раён Каўказа энтузіястам абышлося ў 1 500 000 беларускіх рублёў і 1 500 расійскіх.
У гэтым паходзе смельчакамі аказаліся жыхары не толькі Маладзечна, але і Мінска, Магілёва, Радашкавічаў, Смаргоні. Трэба адзначыць, што пры падарожжы ў горы абавязковая поўная засяроджанасць, выпрацоўка правільных паводзін ў ключавых момантах. На складаных участках кіраўніку неабходна дакладна расставіць падапечных, замацаваць пачаткоўцаў за вопытнымі людзьмі. Супакоіць іх, дапамагчы.
Працаваць інструктарам няпроста, але з 18 гадоў, пры наяўнасці вопыту, чалавек можа паспрабаваць сябе ў гэтай справе. Іна, напрыклад, скончыла інструктарскія курсы. Мае прыстойны досвед: з 1988 года ходзіць у горы. Лічыць, што любы паход – гэта не толькі яднанне з прыродай, але і адкрыццё ў сабе чагосьці новага, пазнанне новых граняў.

– Уявіце: падымаешся на хрыбет – з аднаго боку горы, з процілеглага – горы. Глядзіш наперад – і там яны. А ўнізе аблокі, – захапляецца кіраўнік групы. – Ахоплівае невымоўнае адчуванне свабоды. Хочацца, каб усе захапляліся гэтым.
Іна рыхтуецца да паходаў грунтоўна. “Узнікае сверб куды-небудзь схадзіць, пачынаю рыхтавацца”. Яна прапрацоўвае маршрут, збірае удзельнікаў. Кладзе аптэчку і прадукты. Дарэчы, ежу турысты часцей за ўсё рыхтуюць з дапамогай прымусаў, і, што цікава, часам нават на дрывах. Іна адзначыла, што загадчык гаспадаркі Таццяна Жыльцова вельмі дапамагае групе ў гэтым пытанні.
Затым правадніца адпраўляецца ў шлях з падапечнымі.  

Люба Коблінец трэці год святкуе дзень нараджэння ў гарах.

Сёлета, напрыклад, на Каўказе яна апынулася ў трэці раз. Вядома, многія палохаюцца частых канфліктаў у гэтым рэгіёне, аднак гэта асцярога не адпавядае праўдзе. “Жыхары Чаркесіі добразычліва ставяцца да іншаземцаў. Прадаюць сувеніры, падвозяць, калі трэба. Разумеюць, што мы – іх хлеб”. Нездарма ж існуе паняцце “каўказская гасціннасць”.
У беларускіх падарожнікаў склаліся выдатныя адносіны і з ратавальнікамі. Яны знаёмыя не першы год. Пасля праходжання маршруту турысты адпачываюць на выратавальнай базе, у саўне, гутараць. Іна Высоцкая запэўнівае: “Ратавальнікі заўсёды рады нам дапамагчы”.
А самае галоўнае ў гарах, каб група была прыстасаванай.
– Сярод “узыходнікаў” ёсць нават такі выраз: “Горныя турысты – гэта тыя, хто думае, як бы лепш перазімаваць лета”, – кажа Іна і робіць выснову: – Мы сваё лета перазімавалі.

Таццяна КАСЬЯН.