Раней я нават уявіць не магла, што такое гарадская звалка. Думала, што там стаяць рады кантэйнераў для смецця. І таму мяне шакіравала, калі я ўпершыню пабачыла, што там насамрэч робіцца.

Я трапіла туды разам з “Чырвоным Крыжам”. Людзі, якія працуюць у гэтай дабрачыннай арганізацыі, шмат ведаюць і пра бамжоў, і пра розныя праблемныя сем’і і даволі часта іх наведваюць, прывозяць адзенне. У той раз я далучылася да іх, каб паглядзець, што адбываецца на звалцы.
Мы прыехалі на машыне, на якой быў намаляваны сімвал гэтай арганізацыі – чырвоны крыж. Некаторыя ўдзельнікі паездкі апранулі майкі-безрукаўкі таксама з сімвалічным чырвоным крыжам, каб быць пазнавальнымі.
Калі шчыра, відовішча проста жудаснае. А яшчэ смурод, невыносны смурод ад гары смецця. Я спачатку нават прыкрыла нос шалікам.

“Жыву, як усе”
Мы ездзілі на пачатку вясны. Было сыра і холадна. Бамжы, брудныя, са змучанымі тварамі, сядзелі ля вогнішча, каб хоць неяк сагрэцца. Яны  знайшлі на звалцы крэслы і селі на іх вакол агню, працягваючы да яго рукі.
Каля мужчын ляжала металічная арматура. Як мне потым патлумачылі, здаваць бутэлькі цяпер не выгадна, таму людзі на звалках збіраюць металічныя адходы і здаюць іх. Так і зарабляюць.
У памяці назаўсёды заселі словы, якія сказала мне жанчына, капаючыся ў гары смецця на звалцы. Ад іх па мне тады пабеглі дрыжыкі:
 – У мяне звычайны чалавечы лёс. Вы думаеце, мы тут наогул без нічога? Ёсць тыя, хто нідзе не працуе, але я, напрыклад, працую і атрымліваю пенсію. Канешне, як і кожнаму, бывае, не хапае чаго-небудзь. Але не крыўджуся. Вось калі дзеці былі маленькія, у мяне іх пяцёра, можа, і трэба была нейкая дапамога. А цяпер ужо ўсе дарослыя. У чацвярых дзяцей свае сем’і, пятаму 20 гадоў. Яны дапамагаюць. Я не скарджуся. Жыву, як і ўсе. Калі лепей, калі горш.
Я ніяк не магла зразумець, як чалавек, які капаецца на звалцы,  можа лічыць, што жыве, як усе?

Мёртвая ціша звалкі
У багажніку машыны “Чырвонага Крыжа” было некалькі вялікіх скрынак з адзежай. Як толькі іх дасталі, людзі кінулі смецце і сталі падыходзіць да нас. Яны не баяліся, бо ўжо ведалі, хто да іх прыехаў. Усе разам сталі каля скрынак і разглядалі, што там ёсць, выбіралі адзенне.
Усё рабілася моўчкі. Мне падалося, што нават між сабой ніхто з іх ні вымавіў ні слова.

У гэты час валанцёр з “Чырвонага Крыжа” распавёў мне пра адну  незвычайную непрыемную сітуацыю:
– Мужчына гадоў 45 неяк скардзіўся, што адзежу, якую мы прынеслі, каб ім хоць неяк дапамагчы, ён насіць не будзе. Кажа, што дрэнная. А самым незразумелым быў яго тон. Мужчына натуральна крычаў, быццам бы мы вінаватыя.
Мне вельмі хацелася паназіраць за імі яшчэ, але задача ўдзельнікаў паездкі на гэтым скончылася. Валанцёры з “Чырвонага Крыжа” пачалі збірацца ехаць назад, а астатнія – мірна  разыходзіцца па гары смецця ў пошуках чагосьці толькі ім вядомага.
Аднак я на гэтым не спынілася. Цяпер мне вядома, што ў іх існуюць свае законы. А вось якія яны, чытайце ў наступных нумарах “Рэгіянальнай газеты” ці на нашым сайце.

Настасся РОЎДА

Фота Настассі РОЎДЫ.