Жыхарам мікрараёна Усходні аўтапарк прапаноўвае збіраць подпісы, каб адзіны аўтобус №11а хадзіў не да 21.30, а да гадзіны ночы. Да таго ж, у іх ёсць і шмат іншых нязручнасцей.

Каб убачыць, як жывуць маладзечанцы ў дажыначным мікрараёне, карэспандэнтка “РГ” накіравалася туды.

Адзін аўтобус, ды і той раз на гадзіну

Знаходзіцца гэты мікрараён за Шостым. Якраз  каля стэлы ахоўніцы Маладзечна Маці Божай з абраза “Пакроў Прасвятой Багародзіцы”, выява якой аздабляе герб горада. Але на  аўтобусе №10 туды не даедзеш. Ды і наогул ні на чым, акрамя №11а па буднях і №18 па выхадных. Аўтобусы гэтыя ездзяць не часта, прыкладна раз на гадзіну.

Як кажуць жыхары мікрараёна, гэта асабліва нязручна раніцай. Напрыклад, калі на працу па буднях трэба на восем, то выехаць можна толькі ў 6.19 ці ў 7.24. Як патлумачыў начальнік аддзела перавозак аўтобуснага парка Аляксандр Кавалёў, гэта ўсё з-за недахопу кіроўцаў.

Ісці даводзіцца па праезнай частцы

Еду спачатку ў шосты мікрараён, а адтуль пешшу іду ў 11-ы, ён жа Усходні. Якім чынам тут зробленыя ходнікі, незразумела. Ішла па адным з іх уздоўж Вялікага Гасцінца, думала, прыйду на які-небудзь пешаходны пераход, па якім можна было б зайсці ў двары, а аказалася, што ён нікуды не вядзе. Дакладней, прыйшла да скрыжавання Вялікага Гасцінца і ўезда ў мікрараён, але дарогу тут перайсці няма як. Даводзіцца парушаць правілы дарожнага руху. Што я і зрабіла. Дарэчы, машын тут ездзіць дастаткова, усё ж траса.

Накіроўваюся да крамы. Яна тут адна, затое немаленькая, у ёй можна набыць усё неабходнае. Адразу за крамай – вялізны двор. Усе дамы ў ім стаяць так, што ствараюць вялізарны прамавугольнік, у цэнтры якога знаходзіцца звычайнае поле. Раней тут стаялі футбольныя вароты, але цяпер яны некуды зніклі. На гэтым месцы плануецца пабудаваць школу і дзіцячы садок.

Поле стала сметніцай

Поле ж у гэты час абрастае смеццем. Гэта не дзіва, бо ніводнага ходніка праз яго няма. Мясцовая жыхарка Вольга распавядае:

– Людзі ідуць наўпрост праз поле, каб скараціць час. Бо калі ісці па дарозе ў абыход, напрыклад, у краму, пройдзе хвілін дзевяць, а так паспяваеш за дзве. Ніякага ходніка праз гэтае поле няма, таму людзі ідуць праз яго ў розныя бакі, каму куды трэба. А па дарозе выкідаюць рознае смецце.  Здаецца, каб быў ходнік, смецце было б толькі каля яго, а не па ўсім полі. Прыбіраюць яго раз на месяц. Прыязджае машына, адтуль вылазіць чалавек пяць, якія праз усё поле ідуць з мяшкамі ды чысцяць яго. Дворнік, відаць, за гэтую тэрыторыю не адказвае.

Дарэчы, звычайныя сметніцы стаяць толькі ў дварах, каля пад’ездаў і дзіцячых пляцовак. Уздоўж дарогі, якая вядзе ў 11 мікрараён, ёсць толькі адна, адразу каля аўтобуснага прыпынку. Калі не паспеў ці забыўся выкінуць смецце, то насі ў кішэні.

Вось так смецце раскідана па ўсяму полю.

Дамы новыя, а стаянкі старыя

Стаянкі каля дамоў невялікія, усяго на 15-20 машын. Прынцып такі: хто не паспеў – той спазніўся. Апошнім даводзіцца ставіць свой транспарт уздоўж дарогі. Дзіўна, што новыя двары плануюць такім чынам, нібы машына цяпер – недазваляльная раскоша.

Крама не мае канкурэнтаў

За пакупкамі ўсе ходзяць у адну краму, бо больш іх няма. Але ўжо дабудоўваецца другая.

Да таго ж,  тут не знойдзеш ні аптэкі, ні цырульні. Што казаць, калі школу і дзіцячы садок яшчэ не пабудавалі.

Намеснік старшыні райвыканкама Юры Байтаз патлумачыў:

– У гэтым годзе плануецца распачаць праектаванне. Школа будзе невялікай. Год спатрэбіцца на праект і яшчэ год на яе будаванне. Але гэта не значыць, што будуць выдзеленыя грошы. Усё залежыць толькі ад гэтага.

Начальнік аддзела адукацыі Іна Драпеза таксама дадала:

– Сёлета праект павінен быць распрацаваны. Пляцоўка якраз падыходзіць для будаўніцтва дзіцячага садка разам з пачатковай школай. У дзяцей будзе выбар, дзе вучыцца далей. Раптам хто захоча ў гімназію. Месцаў у іншых школах горада хапае.

Дрэвы сохнуць

Гэта ўжо, канешне, містыка, але якраз з боку 11 мікрараёна ўздоўж Вялікага Гасцінца з дрэвамі адбываецца штосьці дзіўнае. Яны папросту сохнуць. Прычым дрэвы з іншага боку гэтай жа дарогі “квітнеюць і пахнуць”. Магчыма, гэта звязана з будаўніцтвам Усходняга. Інжынер-дэндролаг Аляксандр Лацэвіч пракаментаваў гэта ў інтэрв’ю для  tut.by:

– Па-першае, магчыма, каля дрэў былі распыленыя нейкія гербіцыды. Яны маглі трапіць на лісце і такім чынам нашкодзіць дрэвам. Па-другое, канешне, нельга абысці і тое, што недалёка ішло будаўніцтва. Выкажам здагадку, што воблака цэменту, азбесту або гіпсавай тынкоўкі ахутала дрэвы і так прайшло некалькі дзён без дажджу. З-за гэтага таксама маглі пасохнуць дрэвы. Нельга выключаць і такое спякотнае надвор’е гэтым летам. Але наўрад ці магло здарыцца так, што з аднаго боку дарогі сонца было настолькі бязлітасным, што высушыла лісце, а з другога ўсё пакінула ў добрым стане.

Атрымліваецца, што жыць тут пакуль нялёгка, але жыхары мікрараёна Усходні спадзяюцца, што, калі скончыцца будоўля, усё стане на свае месцы.

Настасся РОЎДА.

Фота Вольгі СТАНКЕВІЧ, Настассі РОЎДЫ.