У Маладзечанскім   раёне ўсе вясковыя школы, акрамя Красненскай, Радашкавіцкай і Чысцінскай, – беларускамоўныя. У гарадскіх школах усе першыя класы – рускамоўныя.

Калі ў Алёхнавіцкай і Гарадзілаўскай школах набярэцца вучняў на два першыя класы, адзін з іх будзе беларускамоўны, другі – рускамоўны.
У раёне сёлета з-за недабору вучняў зачыняюцца вучэбна-педагагічныя комплексы “Вязынская пачатковая школа – дзіцячы садок” і “Пякарская базавая школа – дзіцячы садок”.
Паводле інфармацыі спецыяліста агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі аддзела адукацыі Маладзечанскага райвыканкама Жанны Кулакоўскай, сёлета набралася 35 беларускамоўных груп у садках, усе яны – у вёсках.
Беларускамоўныя гру­пы ў садках фарміруюцца паводле заявы бацькоў у аддзел адукацыі. Калі неабходная колькасць дзетак у групе збярэцца, яна будзе дзейнічаць.

ВІЛЕЙКА. У Вілейцы вясковыя школы беларускамоўныя, а гарадскія – рускамоўныя.
Як патлумачыла намеснік начальніка адукацыі Вілейскага райвыканкама Ларыса Петрыкевіч, заявак на фарміраванне беларускамоўных першых класаў у горадзе не паступала.
Сёлета ліквідуюць вучэбна-педагагічны комплекс “Лукавецкі дзіцячы садок – пачатковая школа”, а вучэбна-педагагічны комплекс “Ярхоўскі дзіцячы садок – пачатковая школа” рэарганізуюць. Дашкольнікі будуць працягваць яго наведваць. А вучні пачатковых класаў пераводзяцца ў Людвіноўскую школу. Іх падвоз будзе арганізаваны аддзелам адукацыі.

ВАЛОЖЫН. Беларускамоўных груп у садках Валожыншчыны 28. Іх сфарміравалі ў 15 дошкольных установах адукацыі, усе – вясковыя.
Як паведаміла начальнік аддзела адукацыі Валожынскага райвыканкама Галіна Сматрова, на Валожыншчыне сёлета зачыняюцца Дубінскі і Вайганаўскі вучэбна-педагагічныя комплексы дзіцячы садок – базавая школа.
Усе вясковыя школы Валожыншчыны беларускамоўныя, а гарадскія – рускамоўныя. Заявак на фарміраванне беларускамоўных першых класаў у горадзе ад бацькоў не было.

МЯДЗЕЛ. Як паведаміла намесніца начальніка адукацыі Мядзельскага райвыканкама Таццяна Яфімава, тут сёлета ніводная школа не закрылася.
Усяго на Мядзельшчыне 18 школ. З іх 12 беларускамоўных – усе яны вясковыя, і 6 рускамоўных – у горадзе.
Але гэта не значыць, што беларускамоўных школьнікаў больш. Коль­касць і адных, і другіх прыблізна аднолькавая.

АСТРАВЕЦ. Сёлета ў астравецкіх садках з’явіцца тры беларускамоўныя групы.
У астравецкай гімназіі адбываецца набор у беларускамоўны клас, дзе будзе навучацца прыкладна 16 чалавек.

Клас сфарміраваны па ініцыятыве бацькоў.

Начальнік аддзела адукацыі астравецкага райвыканкама Віктар Млечка расказаў, што сёлета закрыўся Варонскі дзіцячы садок, таму што ён не адпавядае санітарным нормам.

АШМЯНЫ. Начальнік упраўлення адукацыі Наталля Кучынская падзялілася, што сёлета з-за недахопу вучняў спыняе сваю працу Павяжская базавая школа.

Сёлета ў горадзе набіраецца дзве беларускамоўныя групы ў гарадскіх садках і два беларускамоўныя класы ў  школах. Робіцца гэта па ініцыятыве бацькоў.

У вясковых школах і садках навучанне паўсюль ідзе на беларускай мове.

СМАРГОНЬ. Як паведаміла Іна Савіцкая, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі па вучэбна-выхаваўчай рабоце, у гэтым годзе зачыняецца Лешчаняцкая школа, якая знаходзіцца, адпаведна, у вёсцы Лешчаняты.
– Зачыняецца яна, бо мала вучняў, – распавядае Іна Савіцкая. – Для дзяцей будзе арганізаваны падвоз у вучэбна-педагагічны комплекс “Войстамскія яслі – дзіцячы садок – сярэдняя школа”. Так што дзеці змогуць дабрацца да месца навучання прыкладна за 15 хвілін.

У смаргонскай гімназіі будзе адкрыты адзін беларускамоўны клас. Групы дзіцячых садкоў сёлета, як і летась, таксама будуць на беларускай мове. Гэта было ініцыятывай бацькоў. Калі праводзілася апытанне, 80% мам і татаў было “за” беларускамоўныя садкі. Аднак выбар у Смаргоні ёсць, так як існуюць і рускія групы.

А вось у вёсках выбіраць няма з чаго: усё групы ў дзіцячых садках беларускамоўныя. Аднак бацькі не скардзяцца.
Зоя ХРУЦКАЯ, Настасся РОЎДА, Таццяна КАСЬЯН.