“Як была я маладая, думала так: трэба мне падысці да сталага чалавека, што ўжо знаходзіцца на фінішы жыцця, і папытацца, які вынік мае гэта жыццё.

І ўсё думала, дык да каго гэта падысці, калі ён будзе збірацца паміраць.
Так я і не пагаварыла з такім чалавекам, але зараз сама падышла да гэтай мяжы. І магу сказаць, што цэннае толькі тое, што ты добрае зрабіў для чалавека. Толькі гэта застаецца вартасным, толькі гэтым чалавек можа ганарыцца”, – упэўненая Яўгенія Чаплінская, 87-гадовая жыхарка вёскі Літва.
Жанчына жыве адна, але, як кажа, ніколі не бывае самотнай, бо яна з Богам. За апошнія гады выдала кніжку для дзяцей трохгадовага узросту, якую пераклала з чэшскай мовы. Калі сын запытаўся, ці ёсць беларускае слова, адрознае ад рускага і польскага адпаведніка, задумалася, а потым пачала збіраць такія словы і сабрала больш за тысячу. А калі хочацца адпачыць душой, уключае сінтэзатар і іграе духоўныя гімны.
Яўгенія Тамашаўна нарадзілася 13 верасня 1925 года ў вёсцы Маршалкі Валожынскага раёна. У гэтай вёсцы жыхары называлі Літву “за ракой”. А як пераехала сама ў Літву, то пачула, што тут Маршалкі завуць таксама “за ракой”. У Літве яна працавала настаўніцай пачатковых класаў, як і бацькі, і замуж выйшла за настаўніка матэматыкі Рыгора Чаплінскага.
Шэсць класаў польскай школы Яўгенія Тамашаўна скончыла ў Валожыне, яшчэ адзін год, 1938-39, вучылася ў польскай гімназіі Эміліі Плятар. Мама Соф’я Белановіч працавала настаўніцай, а ўсе настаўнікі жылі ў прафсаюзным доме. Яўгенія Тамашаўна прыгадвае, што іх там надта смачна кармілі, што болей за ўсё жыццё так смачна і не ела. Выбіраць можна было, што хочаш, а ў нядзелю прапаноўвалі цяляціну з брусніцамі і грушамі з бульбачкай.
У Яўгеніі Тамашаўны два сыны. Старэйшы, Лёня, працуе інжынерам-тэхнолагам. Малодшы, Вася, – праграмістам. У школе ён выдатна паказаў веды па матэматыцы і фізіцы, а пасля 8 класа паехаў вучыцца ў Маскву, бо адтуль на школьную алімпіяду прыехалі вучоныя, заўважылі яго і запрасілі да сябе. Мае тры ўнучкі, два праўнукі.
Быў час, што ў Літве тэлефон быў толькі ў Чаплінскіх. Дык у іх не зачыняліся дзверы. Заўсёды трэба было быць ветлівай, быць гатовай, што нехта прыйдзе.
– Наша Літва яшчэ па-беларуску гаворыць, а вось суседняя Яхімоўшчына, большая вёска, ужо гаворыць па-руску, – са шкадаваннем гаворыць Яўгенія Тамашаўна. – Чаму людзі не разумеюць, што адмаўляюцца ад свайго? Вы ж дома таксама ўсе па-руску гаворыце. Гэта не ваша віна, гэта ваша бяда.
– Мне няёмка, што так шмат хвалілася, але гэта толькі таму, што вы мяне прымусілі пытаннямі, – сказала жанчына на развітанне.

Каментар спецыяліста:

Псіхолаг Маладзечанскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Камісарук:
– Псіхалогія вучыць, што інтэлектуальная актыўнасць спрыяе даўгалеццю. Трэба чытаць сур’ёзную літаратуру, над якой неабходна думаць, каб у залатым узросце захоўваць і фізічнае, і псіхічнае здароўе. Яўгенія Чаплінская выдатна пацвярджае гэта. Яна не думае аб тым, хто і што павінен даць, яна сама багатая сваёй духоўнасцю.

Зоя ХРУЦКАЯ.