Юбілейны ХХХ Чэмпіянат свету сярод лесарубаў стартуе 24 жніўня ў Раўбічах. У складзе нацыянальнай зборнай Беларусі ў спаборніцтвах будзе ўдзельнічаць вілейчанін Валерый Дуровіч, ляснік Куранецкага лясніцтва.

“Адбор удзельнікаў праходзіў напрацягу года, – распавёў Сяргей Філістовіч, галоўны ляснічы Вілейскага доследнага лясгасу. – На ўзроўні рэгіянальных, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў вызначаліся лепшыя. У гэтым годзе на ўдзел у першынстве адбіралі чатырох лесарубаў з дзесяці. Сярод іх аказаўся і Валерый Дуровіч. Дарэчы, для яго гэта не першае выступленне на міжнародным узроўні. Два гады таму ён удзельнічаў у чэмпіянаце, які праходзіў у Харватыі. Тады ў лік прызёраў беларуская зборная не ўвайшла. Спадзяемся, што ўсё атрымаецца ў гэтым годзе. Лесарубы рыхтаваліся да выступу цэлы год, трэніроўкі праходзілі на базе лясгасаў Мінскай вобласці”.

Праграма спаборніцтваў выглядае наступным чынам. Сярод індывідуальных выступаў – валка дрэваў, мантаж ланцуга пілы, разкрыжоўка камбінацыйным рэзам, дакладная разрыжоўка, абрэзка сучча. Завяршыць праграму камандная эстафета.

Судзіць спаборніцтвы будуць каля 60-ці суддзяў з усёй рэспублікі. Сярод іх –  таксама жыхары Вілейшчыны Сяргей Філістовіч і Андрэй Пяшэвіч, якія ўжо неадаразова выступалі суддзямі на абласных і рэспубліканскіх першынствах.

Будзе выканана і адна з умоваў мерапрыемства: паваліў адно дрэва – пасадзіў два. Напрыканцы спаборніцтваў кожны лесаруб пасадзіць па дзве сасны. Спецыяльна для гэтага ў Лагойскім лясгасе ўжо падрыхтавалі лесасеку.

 Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота з сайта.