Нашчадкі Гануты расказваюць пра шанаванне памяці продкаў.

Спадчыннікі роду Валовічаў сёстры Габрыэла Малахоўская і Ядвіга Наінская на гэтым тыдні прыехалі з Польшчы на Вілейшчыну, каб наведаць радзіму сваіх продкаў – Гануту.
Наша сустрэча з імі адбылася дзякуючы кіраўніку вілейскай суполкі Таварыства аховы помнікаў Дзянісу Канецкаму.

Ён знайшоў у інтэрнэце унікальныя старыя фотаздымкі Вілейшчыны. Напісаў гаспадару здымкаў, і так пазнаёміўся з Ядвігай Наінскай. Яны пачалі перапісвацца. Потым пані Ядвіга даслала дыск з фотаздымкамі маёнтка у Гануце, некаторыя з іх былі выстаўленыя ў Вілейскім музеі гэтай вясной.
З нашчадкамі шляхецкага беларускага роду я размаўляла на лавачцы каля архіва. Яны гаварылі па-польску, а я – па-беларуску.

Смецце ў магілах
– Вы былі раней у Беларусі?
– Адзінаццаць год таму была ўпершыню, – адказвае Ядвіга Наінская. – Тады прыехала, каб адшукаць могілкі продкаў. Не знайшла. Потым праз два гады прыехала з мужам і нам паказалі, дзе магілы. Яны былі без трунаў.

– Ад пахавання засталася яма, абкладзеная камянямі і цаглінамі, – тлумачыць Дзяніс Канецкі. – А ўнутры – смецце. Як прыгадваюць мясцовыя даўгажыхары, у савецкі час магілы разрабавалі, дасталі ўнікальныя труны і каталіся ў іх па возеры, як у лодках.

– Гэта было цяжка перажыць, – працягвае пані Ядвіга. – Я хацела зрабіць нешта для продкаў сваёй сям’і, паставіць свечку. Разам з сястрой мы вырашылі паставіць на магілках крыж. Якраз знайшоўся патрэбны чалавек. Заказала ў яго крыж. Ён яго не зрабіў. Хтосьці з вёскі сказаў, што на заводзе могуць зрабіць помнік. І восенню пасля жніва мы яго паставілі, а на ім напісалі па-беларуску і па-польску: “Тут магіла сям’і Валовічаў”. І ўчора нам было куды прыйсці, каб запаліць свечку.

– Залессе вы таксама наведаеце?
– Калі паспеем, – адказвае Габрыэла Малахоўская. – Тры гады таму мы сустрэліся з нашчадкамі гаспадароў Залесся. Нашыя прабабкі былі сёстрамі. Адна гаспадарыла ў Залессі, а другая – у Гануце. Сабраліся чатыры бабкі.

– А было весела! – смяецца яе сястра.

– ЮНЭСКА можа аб’явіць 2015 год годам Міхала Клеафаса Агінскага.
– Я чула пра гэта, а як вы думаеце, ці будзе так?

– Калі падрыхтуемся, то чаму не.

– У нас з гэтым звязана адна гісторыя. Мы з сястрой трохі спрачаліся са спадчыннікамі Залесся. Мы казалі, што Агінскі напісаў паланэз “Развітанне з Радзімай” у Гануце, а нам – што ў Залессі.

Фальварак Ганута. Фота зробленае да 1915 года. З сямейнага альбома Ядвігі Наінскай.

“Дом – гэта людзі”
– А што вы скажаце пра цяперашні стан фальварка ў Гануце?
– Мы маем толькі дзве каплічкі і возера, – кажа Дзяніс Канецкі.

– І сметнік, – дадае пані Габрыэла. – А фальварка няма.

– З нашага пункту гледжання, які можа адрознівацца ад вашага,  бо вы тут жывеце і маглі б карыстацца палацам і нават жыць там, можа і лепш, што яго няма, – разважае пані Ядвіга. – Таму што на Беларусі, гэткая ж праблема ёсць і ў Польшчы, такія помнікі не заўсёды шануюць. У Польшчы падобная сітуацыя: прыязджаем, глядзім і плачам. Справа не ў недахопе на гэтыя рэчы грошай,  а ў тым, што мы не шануем нашых дзядоў, успаміны, магілы,  традыцыі, культуру наогул.

– Дом жывы, таму што там былі людзі, праўда? – разважае Габрыэла Малахоўская. – А як людзей няма, то можа добра, што і дома няма. Дом – гэта людзі. Чалавек стварае дом. Будынак таксама памяць, але зусім іншая. Мы вельмі, вельмі шчаслівыя, што Дзяніс і яго суполка займаюцца тымі каплічкамі. Гэта для нас найвялікшае шчасце. Тут мы сустракаем наздвычайную дабрыню, ветлівасць.

– Вельмі даўно мы былі ў Амерыцы, і там казалі, што ў Варшаве па вуліцах мядзведзі ходзяць, – дадае пані Ядвіга. – Але ж усюды людзі аднолькавыя: добрыя, шчырыя. Дзякуй за гэта. Мы адчуваем сябе тут як дома.

– Калі вы былі маленькія, бацькі расказвалі вам пра продкаў?
– Так, але гэта былі сумныя гісторыі, – кажа пані Ядвіга. – Пра вайну. Наша бабка памёрла, калі нараджала нашу маму. Бабуля пахаваная ў Гануце. Дзеда мы не бачылі.

“Ганута загінула, а Залессе жыве”
– Ці ўзнікае часам жаданне пажыць у Гануце?

– Мы рады, што жывём у Польшчы, – адказвае Габрыэла Малахоўска. А калі б жылі тут, то жылі б тут. У нас ёсць дзеці, якія выраслі ў Польшчы, і цяпер мы нічога не хочам мяняць. Для мяне важна, якія людзі побач, пра што з імі можна гаварыць, якая навокал прырода.
– У вас вельмі прыгожая прыгода, гэтага нам не хапае, – дадае пані Ядвіга.

– Ці ты жывеш у палацы, ці ў хаце – гэта на другім плане.

– Але прыемна было б жыць у палацы, – смяецца пані Ядвіга.

– Ці дае вам моц тое, што вы ведаеце свой род?
– Мы ведаем толькі пяць кален, ды і тое толькі фрагменты іх жыцця. У Вільні ёсць каплічка Валовічаў. Калі мы туды прыязджаем, заўсёды кажам: “Памятай, тут каплічка продкаў”.

– Чым вы займаецеся ў Польшчы?
– Шмат чым: бібліятэкай, сваім фільмам, дзецьмі, – кажа пані Ядвіга. – Гэта займае шмат часу.

– У мяне трое дзяцей, дом будуем, працую ў школе, выкладаю геаграфію, – распавяла пані Габрыэла.

– Ці расказваеце дзецям пра беларускія карані?
– Так. Ім цікава, але яны трошкі смяюцца. Яшчэ маладыя зусім, можа, калі будуць старэйшымі… Іх зараз больш цікавіць сучаснасць. Мы ў іх узросце былі падобныя.

– Ці хацелі б вы выдаць сямейны фотаальбом з тымі рэдкімі здымкамі?
– Не, бо толькі частка здымкаў перайшла мне па спадчыне, астатнія – з архіваў, давядзецца плаціць, каб мець аўтарскія правы, – адказвае пані Ядвіга.

– У Польшчы шмат больш буйных родаў, чым наш, – распавядае пані Габрыэла. – Наша мама засталася адна ў Вільні, бо тату забрала НКВД. Мы нічога не мелі. Хаця б лыжачку якую з Гануты  было б прыемна мець. Ці клямку. Але чалавек багаты тым, што мае ўнутры. Мы прыязджаем сюды без ніякай злосці, прэтэнзій. Нам проста непрыемна, што патрэбныя паперы не можам узяць у архіве.

– Я бібліятэкар, я ўмею шукаць, – дадае пані Ядвіга. – Мне на пошук патрэбных дакументаў хапіла б 10 хвілін. Я хацела зрабіць копію, а не забраць дакумент, да таго ж, пэўным чынам гэтыя дакументы належаць нам.

– Якія дакументы вы хацелі атрымаць?
– Гаспадарчыя, каб зразумець, што ўяўляла сабой лясная гаспадарка. 1939 года, не сучасная. Мы не просім дакументаў, якія могуць быць сакрэтнымі. Начальства сказала, што гэта не важна. Для іх гэта не важна, а для нас важна. У Польшчы таксама ёсць тайныя дакументы, але іншага кшталту.

– Ці прыедзеце вы яшчэ ў Беларусь?
– Калі назбіраем грошы, каб адрамантваць каплічкі і дапамагчы такім чынам Гануце, то прыедзем.

– Калі былі ў Залессі, нам было прыемна, – дадае пані Габрыэла. – А вось Ганута сумная. У Гануце сум. А ў Залессі ёсць дом, дзе жывуць людзі, дзяўчаты ходзяць. Яны звязаныя з домам, працавалі там, даглядалі дом для хворых, каплічку. А ў Гануце няма нікога, нікога. Там толькі адна бабуля, якая нешта памятае. Вёска, якая там была, уся загінула. Ганута загінула, а Залессе жыве.
Зоя ХРУЦКАЯ.
Фота забяспечана Дзянісам КАНЕЦКІМ.

Даведка “РГ”. Ганута – палацава-паркавы комплекс, цяпер разбураны. Знаходзіцца ў вёсцы Ручыца. Належаў князям Агінскім і Валовічам. Апошні гаспадар Гануты – Юры Валовіч. Каля маёнтка размешчаная і капліца, якая яшчэ захавалася. Ганута вядомая з 1501 года як уласнасць князёў Гальшанскіх. Паводле архіўных дакументаў, у 1557 годзе берасцейскі падкаморны Дамінік Пац аформіў дагавор аб продажы маёнтка Ганута Станіславу Садоўскаму. У 1723 годзе гаспадаром Гануты стаў Казімір Коцел, які пазней перадаў нерухомасць дачцэ Разаліі, жонцы Казіміра Ігнація Агінскага. У 1738-м палац перайшоў брату Казіміра – Тадэвушу Францішку Агінскаму, а ў 1783-м – яго сыну Францішку. З 1814 года палац належаў Міхалу Клеафасу Агінскаму. Потым гаспадарамі сталі Валовічы.