У чарговым туры чэмпіянату Беларусі па футболе ў другой лізе ў суботу, 18 жніўня, маладзечанская “Забудова” выйграла ў гасцях у “Мінска-2” з лікам 1:0.

Страціўшы Працкевіча, мы ўмеем забіваць. Андрэй Шаблінскі забіў “Мінску-2”, і мы выйгралі.  Без заменаў.

Нават са стратай Аляксандра Працкевіча, які быў галоўным голеадорам  “Забудовы”, але перайшоў у “Іслач” Мінскага раёна, мы ўмеем забіваць.
Матч прайшоў у сталіцы на стадыёне “Тарпеда”. Гульню назіралі 100 гледачоў. Умяшчальнасць стадыёна – 5 200 глядацкіх месцаў. Судзіў сустрэчу галоўны арбітр Алег Мурашкевіч з Наваполацка.

Састаў “Забудовы”:
• Шчэрба Антон
• Бугай Юры
• Альховік Аляксандр
• Суман Павел
• Касцюк Дзмітры
• Смірноў Дзяніс
• Талькоўскі Ігар
• Гармаза Ягор
• Вышынскі Дзмітры
• Шаблінскі Андрэй
• Майсяёнак Павел

Галы:

Мы. Андрэй Шаблінскі, 19 хвіліна – 0:1.

На 19 хвіліне адзіны гол у матчы забіў форвард “Забудовы” Андрэй Шаблінскі.

Трэнер “Забудовы” Віталь Казяк у інтэрв’ю “РГ” расказаў: каманда гуляла ад абароны, выкарыстоўваючы контратакі.

Ягор Гармаза на 19 хвіліне прайшоў па левым фланзе і зрабіў перадачу у цэнтр штрафной пляцоўкі на Андрэя Шаблінскага. Шаблінскі скарыстаў пас Гармазы і забіў – 0:1.

Па словах Віталя Казяка, усю астатнюю гульню маладзечанцы правялі на адбой. Сапернік атакаваў, але нашы здолелі захаваць пераможны лік. На непрывычную для сябе пазіцыю паўабаронцы паставілі форварда Ігара Талькоўскага. Але кадравыя праблемы прымусілі гэта зрабіць.

Пасля страты гульцоў асноўнага складу з-за нявыплат грошай трэнеры “Забудовы” вымушаныя былі дазаявіць у састаў сем маладых футбалістаў, выхаванцаў спартыўнай школы, 1993-1996 гадоў нараджэння. Хлопцам па 16-18 гадоў…

Цяпер, па словах Віталя Казяка, каманда вымушаная гуляць ад абароны. Але ў матчы з “Мінскам-2” на полі саперніка такая тактыка прынесла свой плён.

Нядрэнна адпрацаваў нападаючы Павел Майсяёнак. Варатар Антон Шчэрба выратоўваў сваю каманду.

А грошы між тым футбалістам пачалі аддаваць. Віталь Казяк сказаў, што частку запазычанасцяў футбалістам выплацілі.

Трэба спадзявацца, што разлічацца цалкам. Але наўрад ці можна будзе вярнуць Сяргея Дараховіча, Віталя Макрыцкага, Аляксандра Грыхуціка, Радзівона Брадніцкага, Рамана Шаўчэнку, Аляксандра Працкевіча, Юрыя Пустахода, Сяргея Космача, Сяргея Корсака. Усіх тых, хто шчыра дапамагаў камандзе.

І нават не наўрад ці. Мы іх ужо не вернем…

Ды дзякуй яшчэ тым, хто змагаецца за гонар маладзечанскага футбола і ўмее перамагаць нават у такіх умовах, сказаў Віталь Казяк.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота з архіва “РГ”.