Хаця мода на здароўе і набірае абароты ў сучасным свеце, але мы нярэдка забываемся нават на самыя простыя рэчы, якія можам зрабіць для ўласнага арганізма. Напрыклад, здаць аналіз крыві.

Менавіта вынік аналізу можа расказаць нам амаль усё аб стане нашага арганізма. Вядома, калі ўмець яго правільна прачытаць.

Чытаем агульны аналіз

Нярэдка, трымаючы ў руках паперку з кабінета лабараторнай дыягностыкі, мы блытаемся ў медыцынскіх тэрмінах і лічбах. І без кансультацыі з доктарам не можам зразумець, аб чым гаворыць нам уласная кроў. Разабрацца ў гэтым дапамагае Алена Кушнер, доктар лабараторнай дыягностыкі:

– Аналізаў крыві існуе вельмі шмат: ад самага простага – агульнага, да біяхімічнага. Цяпер іх робяць часцей за ўсё. Самы распаўсюджаны – агульны аналіз, які дазваляе зразумець, ці ўсё ў парадку ў арганізме чалавека. Менавіта яго прызначае тэрапеўт, калі пацыент звяртаецца да яго першы раз. Вынік паказвае агульную карціну: ці ёсць увогуле ў арганізме нейкія запаленні. Ужо гледзячы на тое, якія паказчыкі парушаныя, доктар можа накіраваць да спецыяліста больш вузкага профілю.

Што ж можна зразумець, здаўшы агульны аналіз? Дактары звяртаюць увагу на тры паказчыкі: гемаглабін, лейкацыты і эрытрацыты. Менавіта яны могуць дакладна сказаць, ці ёсць у арганізме адхіленні ад нормы.

Паказчык гемаглабіну павінен быць 140-160 г/л у мужчын і 120-140 г/л – у жанчын. Калі ён паніжаны, дыягназам пацыента будзе анемія.

Лейкацыты – паказчык, які дазваляе зразумець, ці ёсць ў арганізме запаленчыя працэсы. Яго норма на сённяшні дзень – 3-7 × 109 л. Пры павышанай тэмпературы лейкацытаў у чалавека заўсёды больш, чым прадугледжвае норма.

Эрытрацыты і хуткасць іх асядання (па-руску – СОЭ) – таксама паказчык запаленчых працэсаў. Але часта ён можа паказаць запаленне яшчэ на тым этапе, калі лейкацыты ў норме. Калі эрытрацыты асядаюць марудней, чым 20 мм у гадзіну, гэта павінна быць нагодай для далейшай кансультацыі з доктарам. Часта моцна павышаны паказчык сустракаецца ў анкалагічных хворых.

Пры павышаных ці паніжаных паказчыках наступны крок пацыента  – пошук адказу на пытанні “Чаму ён не ў норме? Што прывяло да парушэнняў?”. Вядома, без дапамогі доктара тут не абысціся.

Цікава, што кроў можа паказаць не толькі відавочныя хваробы, але нават… дэпрэсію.

Аб гэтым паведамляе афіцыйны сайт універсітэта Хірасімы. Не так даўно японскія вучоныя знайшлі пратэін, які ўказвае на гэтую хваробу. Магчыма, у будучыні адкрыццё дазволіць кантраляваць дэпрэсію, якая з’яўляецца адной з найважнейшых сацыяльных праблем сучаснасці.

Усе органы – пад кантролем

Біяхімічны аналіз можа расказаць нашмат больш. І не толькі аб агульным стане арганізма, але і аб рабоце асобных яго органаў. Такая разгорнутая карціна дапаможа паказаць і такія элементы ў крыві, як манацыты, лімфацыты, глюкозу, халестэрын. Аб халестэрыне, які ва ўсіх на слыху, асобная размова.

– Гэты паказчык цяпер увогуле мала ў каго бывае ў норме, – каментуе сітуацыю доктар. – Магчыма, толькі ў моладзі. У людзей старэйшага ўзросту, каторым ужо гадоў за 35-40, як правіла, ён павышаны. У асноўным гэта адбываецца з-за таго, што людзі няправільна харчуюцца. У першую чаргу – ужываюць шмат тлустай ежы. Натуральна, што павышэнне ўзроўню халестэрыну – дрэнны паказчык, бо з цягам часу ён можа прывесці да ўзнікнення атэрасклератычных бляшак. А яны, у сваю чаргу, – да атэрасклерозу. Таму пажадана адсочваць і халестэрын у крыві. У норме ён мусіць быць у межах 3,2-5,1 ммоль/л. Калі паказчык вышэй за 6,4 – трэба прымаць меры.

Трэба памятаць, што асноўныя нормы аналізу крыві застаюцца нязменнымі на працягу ўсяго жыцця. Да 15-18 гадоў усталёўваецца норма па кожным паказчыку, якая пасля не змяняецца з узростам. Таму, запомніўшы ці запісаўшы сабе некалькі лічбаў, чалавек можа самастойна сачыць за зменамі ва ўласным арганізме. А пры ўзнікненні парушэнняў ці пытанняў – звяртацца да спецыяліста.

– Агульны аналіз крыві варта здаваць раз на год, – раіць Алена Кушнер. – А яшчэ лепей – раз у шэсць месяцаў, калі гэта магчыма. Такая прафілактыка дапаможа трымаць пад кантролем стан свайго арганізму. Добра раз на год рабіць і біяхімічны аналіз, каб ведаць, як працуюць, напрыклад, печань ці ныркі. У нашым рэгіёне ўсе віды аналізаў даступныя для жыхароў. Галоўнае, каб было жаданне сачыць за сваім здароўем.

Якія аналізы крыві на Маладзечаншчыне?

Жыхары Маладзечна часта наведваюць паліклініку, каб праверыць стан крыві. Так, за мінулы год лабараторыя прыняла 285 239 агульных аналізаў. Сярод біяхімічных самы часты аналіз у горадзе – на ўзровень цукру. Яго за год здавалі 34 159 разоў. Прычым часам яго вынік бывае няправільным проста таму, што пацыенты не выконваюць патрабаванне доктара – нічога не есці зранку. Нават жвачка ці таблетка, прынятыя нашча, могуць відавочна сапсаваць аналіз. Як адзначаюць дактары, да павышанага ўзроўню цукру ў крыві часцей за ўсё нашых гараджан прыводзяць нервовыя стрэсы і хваляванні.
Сярод іншых тыповых парушэнняў – паніжаны ўзровень гемаглабіну ці павышаная колькасць лейкацытаў. Усё гэта гаворыць аб няправільным харчаванні, асабліва сярод моладзі. Такім жа чынам адбіваюцца на стане  крыві і розныя дыеты. Тыповая праблема гараджан, як харчаванне на скорую руку, не абышла бокам і Маладзечна.

Самы “гарачы” час у лабараторыі – зіма, калі расце ўзровень захворванняў і пачынаюцца штогадовыя медыцынскія агляды. Цяпер жа прайсці даследаванне можна без вялікіх чэргаў.

Даведка “РГ”.
Гемаглабін – складаны бялок крыві, у састаў якога ўваходзіць жалеза. Дзякуючы гэтаму пераносіць кісларод у тканкі.
Эрытрацыты – чырвоныя крывяныя клеткі, у склад якіх уваходзіць гемаглабін. Таксама разносяць кісларод з лёгкіх па ўсім арганізме.
Лейкацыты – белыя крывяныя клеткі, асноўная функцыя якіх – абарона арганізма ад інфекцый.

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота Аляксандры ПАРАХНІ.