У цэнтральнай раённай бальніцы больш за 700 пасад. А працуе менш за 500. Атрымліваецца, што дэфіцыт дактароў – 30 працэнтаў. Ленін такую статыстыку называў “прастытуткай”.

Як склалася так, што дактароў не хапае, а таксама якім шляхам ідзе Маладзечна, каб вырашыць гэтую праблему, расказаў галоўны доктар Цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Савіцкі.

Уся сусветная сістэма аховы здароўя першапачаткова будавалася для таго, каб змагацца з інфекцыйнымі захворваннямі. Таму што ў пачатку мінулага стагоддзя інфекцыі былі асноўнай прычынай смяротнасці. Цяпер такога няма. Але сістэма не змянілася.

У нас асноўны цяжар ляжыць на ўрачах агульнай практыкі: ўчастковых педыятрах і ўчастковых тэрапеўтах. На аднаго ўчастковага прыходзіцца амаль дзве з паловай тысячы чалавек. Прычым трэцяя частка з іх – людзі пажылога ўзросту.

Тэарэтычна, участковы тэрапеўт павінен вырашаць, трэба бабуле сустракацца з неўрапатолагам ці не трэба. А ў нас, на жаль, бабуля сама вырашае, да каго ёй ісці. 

Надзіва, самая вялікая праблема з дактарамі менавіта ў горадзе.

Вёска больш-менш укамплектаваная медыцынскімі кадрамі. Прычым самы востры недахоп  – паліклініка №1. Штатных пасад – 42, а працуе 28 чалавек. Ды яшчэ чвэрць з іх – пенсіянеры. Нават ёсць дактары, якім больш за 70 гадоў. Але, калі адняць пенсіянераў, то будзе поўны правал.

Прычыны недахопу дактароў

1. Усе маладыя людзі, якія навучаюцца ва ўніверсітэтах, ведаюць, што гэта цяжкая праца. Таму студэнты выбіраюць вельмі вузкія спецыяльнасці. Жадаючых стаць участковым тэрапеўтам амаль няма.

2. Ва ўсім свеце 30 працэнтаў дактароў – жанчыны, а 70 – мужчыны. У краінах постсавецкіх 80 працэнтаў – жанчыны і 20 – мужчыны.
Гістарычна склалася, што доктар – жаночая прафесія, а насамрэч так не павінна быць.
Маладыя ў тэрапеўты не ідуць

Сёлета ў Маладзечна размеркавалі 16 маладых спецыялістаў, але з іх толькі дзве дзяўчыны – ўчастковыя тэрапеўты.

Таксама пачнуць працаваць інтэрны. Інтэрн – гэта ўжо не студэнт, але яшчэ не доктар. Усяго іх 31. З іх 23 па размеркаванні трапілі ў горад, астатнія на раёне. Сярод іх чатыры ўчастковых тэрапеўта. Усе дзяўчаты.

Сяргей Савіцкі прапаноўвае шляхі вырашэння праблемы:

1. Зарплатай спакусіць людзей складана. Падпісваецца аклад, а там 600 тысяч. Нават касцюм не купіш. Таму мы стараемся браць да сябе тых, хто заканчваў школу ў Маладзечне. Яны з задавальненнем ідуць да нас, бо тут бацькі.

2. Райвыканкам можа заключыць кантракт – мэтавае накіраванне. Умоўна, ён плаціць за адукацыю, а потым за гэта дае пяць гадоў адпрацоўкі. Аднак на гэта трэба шмат грошай. Таму такое яшчэ не практыкуем.

3. Мы ідзем іншым шляхам. Ствараем сістэму, у якой памочнік доктара будзе адыгрываць значную ролю – выязджаць на выклік замест доктара. Мы ўвялі дзевяць пасад памочніка доктара.

Але з’яўляецца іншая праблема: фельчараў у нас таксама не хапае. Каб паступіць у большасць медыцынскіх вучылішч людзі нават экзамены не здаюць. Там глядзяць толькі на атэстат.

Але, трэба сказаць, што ў Маладзечне сітуацыя складваецца лепш, чым у іншых рэгіёнах.

Даведка “РГ”. Сяргей Савіцкі – ад 25 лютага 2011 года галоўны доктар Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы. Нарадзіўся 12 мая 1959 года ў Кіеве. У 1960-1961 годзе пераехаў з бацькамі ў Маладзечна. Закончыў СШ №6. У 1982 годзе – Мінскі медыцынскі інстытут па спецыяльнасці “анестэзіёлаг-рэаніматолаг”.

Настасся РОЎДА.
Фота з архіва “РГ”.