На маладзечанскім рынку райспажыўтаварыства шматлікія гандляры прадаюць не толькі гародніну, але і ягады. Пераважна брусніцы.

Адкуль, пачым і як распазнаць падман
Большасць вязуць з Маладзечанскага і Вілейскага раёнаў: з Заскавічаў, Хажова, Даманова, але ёсць і з Гродненскай вобласці. А вось з Віцебскай, наадварот, няма. Паводле слоў гандляроў, збіраць брусніцы там зараз забаронена.

Некаторыя прадаюць ягады першы раз. За адзін літр бяруць прыкладна 15-18 тысяч рублёў.  За тры літры просяць ад 40 000 да 50 000 рублёў. Кошты на пяць літраў ягад адрозніваюцца на большую суму. Так, пяцілітровае  вядро  брусніц з Заскавічаў абыйдзецца ў 65 тысяч рублёў, а з Вялікага Сяла – у 80-85 тысяч. Хаця яшчэ некалькі дзён назад ягады можна было купіць за 60 000 рублёў: іх было шмат. Але і зараз недахопу няма.

Людзі могуць набыць каля дзесяці літраў брусніц за адзін паход у лес. Прычым не трэба збіраць зялёныя: спелых хапае! На жаль, не ўсім. Адна прадаўшчыца раскрыла сакрэт. Аказваецца, некаторыя людзі не грэбуюць пакласці няспелыя ягады ў цёмнае месца, дзе яны становяцца чырвонымі, і потым гандляваць. Але існуе спосаб, як распазнаць такі падман: саспелыя ў цемры брусніцы трохі гаркавяць.

Дзе растуць і якое патрэбна надвор’е
Брусніцы можна сустрэць у хваёвых лясах, на невялікіх палянках, высокіх месцах, уперамешку з чарніцамі і асобна. Прадаўцы ведаюць, што збіраць яе трэба там, дзе сухая ці вільготная глеба.

Сёлета брусніц хапае. Але гэты ліпень выдаўся сонечным і гарачым. Таму шмат брусніц пераспела, страцілі прыгожы выгляд, падсохлі. І ягады трэба ўважліва перабіраць.

Што ж робяць людзі з брусніцамі?
– Вельмі люблю мочаныя брусніцы,– дзеліцца гандлярка Зінаіда Фадзеева,– на адзін літр вады дадаю прыкладна 100 г цукру і брусніцы, канешне. Атрымліваецца смачна.  Таксама раблю варэнне з брусніц і груш. Гэтыя ягады карысныя: яны добра дзейнічаюць на ныркі.

Нехта ў грушава-бруснічнае варэнне дадае салодкія яблыкі ці слівы – і асарці гатовае. Хтосьці любіць рабіць кампот, морс. Брусніку томяць, а потым ядуць з бульбай, замарожваюць. Таксама пераціраюць з цукрам, потым закрываюць капронавымі накрыўкамі і ставяць у падвал. Такія брусніцы вельмі смачныя і захоўваюцца надоўга.
Таццяна КАСЬЯН.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

Папулярная бруснічная страва